Песню «Снег» у перакладзе Юрыя Несцярэнкі лідар «Машыны времені» запісаў у межах праекту «Global Reload» парталу Tuzin.fm і грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!».
«Па-беларуску надта цікава паспрабаваць, бо гены ўсё ж такі маю, — распавёў Андрэй Макарэвіч парталу Tuzin.fm. — Я вельмі добра памятаю моцны беларускі акцэнт маёй бабулі. Яна была з Пагодзіна, з сяла, якое тады Блудзінам звалася, а побач вёска Маліч, гэта Заходняя Беларусь. І вось бабуля казала: «шчы», «шчука», згадваю як цяпер».
Партал удакладняе: назву Блудзень да 1964 года мела вёска Паўловічы Бярозаўскага раёну Брэсцкай вобласці, а Пагодзіна гэта старая назва чыгуначнай станцыі «Бяроза-Картузская» побач з вёскай.
«Для мяне гэта паклон маім продкам, якіх ужо няма на гэтым свеце», — сказаў Макарэвіч пра песню па-беларуску.
«Калі ў чалавеку ёсьць частка вось гэтага, дык чаму ён павінен яе хаваць? Ён павінен гэтым ганарыцца», — дадаў спявак. Ён сцвярджае, што ў Беларусі намагаецца бываць часцей і мае тут шмат сяброў.
«Снег» у выкананні Андрэя Макарэвіча:
На беларускую «Снег» пераклаў Юрый Несцярэнка. Андрэй Макарэвіч запіаў яе беларускую версію з гуртом Apple Tea.
«Машына времені» ўпершыню запісалі песню «Снег» у 1978 годзе, але той запіс, магчыма, і не захаваўся. Затым песня запісвалася ў 1980-81 годзе. «Асабліва гісторыі пра яе стварэнне няма. Сеў за піяніна – і напісаў. Лічу, што ў песень наогул не можа быць гісторыі. Калі аўтар пачынае расказвае гісторыі, як зявіліся яго песні – ён хутчэй за ўсё хлусіць», — кажа Макарэвіч.
«Снег»
Музыка і словы — Андрэй Макарэвіч, пераклад на беларускую — Юрый Несцярэнка
Снег. Горад губляе зрок.
Крок
У змрок ад святла, і зноў
Колер, як белы снег.
Горад твой
Стаў караблём,
Лёдам забраны ў палон.
Ты
Ведаеш пэўна як
Снег
Нам пакідае знак.
Ён робіць заўсёды так,
І горад твой,
Сонцам сагрэты,
Плыве па вясновай вадзе.
Але
Ці дадзена нам зразумець,
Каму
Дзячыць за цеплыню,
Што зводзіць няспынна снег.
Сто доўгіх дзён
Мацнейшым быў ён,
І раптам знікае за пяць
Цёплых дзён.
Каментары