Поль Гаген, маньякі і Вудзі Алэн
“Знакамітасьць” Вудзі Алэна, “Знойдзены рай” Марыё Андрэачыа і “Сядзіба “Халодны ручай” Майка Фігіса
БТ, 21.40
Сядзіба “Халодны ручай” (Дьявольский особняк / Cold Creek Manor)
ЗША – Вялікабрытанія – Канада, 2003, каляровы, 118 хв.
Рэжысэр: Майк Фігіс
Ролі выконваюць: Дэніс Куэйд, Шарон Стоўн, Стывэн Дорф, Джульет Льюіс, Крыстэн Сьцюарт, Раян Ўілсан, Крыстафэр Пламэр
Жанр: Трымценьнік
Адзнака: 4,5 (з 10)
Супругі Купэр, нарэшце, зьдзейсьнілі мару пра загарадны дом. Пекная сядзіба “Халодны ручай” выглядае ідэальным і ціхім месцам. Але новых гаспадароў “забылі” папярэдзіць, што колішні ўладар сядзібы – псыхапат, якому не падабаецца быць бяздомным. Нядаўна ён вызваліўся з турмы…
Зьмеі ў ложку, забіты конь - у басэйне, страшныя дзіцячыя вершыкі - і дзед-вар'ят. Тайна старых забойстваў - і шчасьлівы фінал.
Майк Фігіс – музыка й рэжысэр, здымае як жанравыя стужкі (самая знакамітая – “Пакідаючы Лас-Вэгас”), так і радыкальныя кінаэкспэрымэнты (“Часовы код”). “Сядзіба “Халодны ручай” – шараговы жанравы трымценьнік.
АНТ, 23.05
Знойдзены рай (Paradise Found)
Нямеччына – Францыя – Вялікабрытанія – Аўстралія, 2003, каляровы, 89 хв.
Рэжысэр: Марыё Андрэачыа
Ролі выконваюць: Кіфэр Сазэрлэнд, Настасься Кінскі, Алан Армстронг, Томас Хайнцэ, Крыс Гэйвуд
Жанр: Біяграфічная драма
Стаміўшыся ад парыскае мітусьні мастак Поль Гаген уцякае на Таіці – без капейчыны ў кішэні, затое з цэлым стосам ідэй… і новымі адчуваньнямі, якія чакаюць яго на высьпе.
Ці знойдзе мастак рай?
СТВ. 23.15
Знакамітасьць (Celebrity)
ЗША, 1998, чорна-белы, 113 хв.
Рэжысэр: Вудзі Алэн
Ролі выконваюць: Кенэт Брана, Гэнк Азарыа, Джудзі Дэйвіс, Леанарда Ды Капрыё, Мелані Грыфіт, Фамке Янсэн, Джэфры Райт, Грэг Матола, Ўайнона Райдэр, Шарліз Тэрон, Джо Мантэнья
Жанр: Трагікамэдыя
Адзнака: 7,5 (з 10)
Сцэнарыст-недарэка Лі Сайман (Кенэт Брана) вырашае крута зьмяніць сваё жыцьцё. Ён абвяшчае жонцы, што трэба разысьціся, едзе напівацца з бляндынкай, няўдала трапляе на оргію (зь Леанарда Ды Капрыё) і разьбівае машыну.
Але сьвецкія тусоўкі, начныя клюбы і нечаканыя спатканьні не прынясуць герою нічога, акрамя ранішняга галаўнога болю…
Крызіс сярэдняга веку, мітрэнгі, узгадкі пра Чэхава (у ложку!), бег на месцы - калі час сыходзіць.
Алэнаўскі варыянт “Салодкага жыцьця”, дзе замест татальнай карнавальнай трагедыі – расквечаная іроніяй туга прыватнага чалавека.
Каментары