Маштабны фестываль агню ўпершыню пройдзе ў Батанічным садзе Мінска
Фестываль агню «Фенікс» пройдзе ў Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі з 25 па 27 кастрычніка. Пра гэта арганізатары свята паведамілі Blizko.by.
Такое маштабнае агнявое шоу Батанічны сад прыме ўпершыню. Гледачам абяцаюць насычаную праграму: восеньскія фотазоны, бары з цёплымі сезоннымі напоямі, тэматычныя лакацыі з рознымі актыўнасцямі, маркет рамеснікаў з вырабамі ручной работы.
Падсілкавацца можна будзе на фуд-корце, а для дзяцей рыхтуюць вялікую асобную пляцоўку з бясплатнымі забавамі. Акрамя таго, кожны вечар на галоўнай сцэне будуць жывымі выступамі радаваць музычныя калектывы.
Самым яркім момантам фестывалю, безумоўна, стане грандыёзнае агнявое шоу, на якім выступяць лепшыя фаер-каманды з розных куткоў краіны.
Гасцей чакаюць у Батанічным садзе 25, 26 і 27 кастрычніка з 17:00 да 22:00. Квіткі ўжо ў продажы на сайце bezkassira.by і ў касах установы.
Каментары