Грамадства55

«Першае, што падумала, — не вытрымаю». Як алімпіядніцу асудзілі за палітыку і адправілі прыбіральшчыцай у дэпо

У 2019-м лідчанку Дар’ю Чайко без экзаменаў узялі на геафак БДУ — дзяўчына мела дыплом рэспубліканскай алімпіяды. А ў 2021-м адправілі на два з паловай гады на хімію з цяжкай працай. Расказваем, як з перспектыўнай студэнткі зрабілі прыбіральшчыцу ў дэпо і як яна вяртаецца да жыцця пасля гэтага.

Фота: архіў суразмоўцы

«Байсол» адкрыў збор у дапамогу Дар'і — паўдзельнічаць можна тут.

Чацвёра ў чорным затрымалі, каля вярталася з паліклінікі

Дашы Чайко 22 гады. У старэйшых класах лідскай гімназіі дзяўчына захапілася геаграфіяй, і ў 2019-м узяла дыплом на рэспубліканскай алімпіядзе, які дазволіў без экзаменаў паступіць на геаграфічны факультэт БДУ.

Жнівень 2020-га Дар’я сустрэла ў Лідзе і з першага вечара ўдзельнічала ў пратэстах. Згадвае поўныя вуліцы людзей і жорсткі гвалт сілавікоў:

«Прыкладна 10 жніўня я пайшла раней з акцыі і, калі была дома, пабачыла з акна, як чалавек пяць у чорным адзенні цягнуць хлопца ў машыну. Ён не супраціўляўся, таму што быў збіты. Яны зацягнулі яго ў бусік, але не з’ехалі, праз пару хвілін выцягнулі яго і кінулі ляжаць на зямлі. Потым мянты з’ехалі, прыехала хуткая і забрала хлопца».

Дзяўчыну затрымалі праз паўгода. Яна захварэла на кавід і сядзела на каранціне ў Лідзе, і неяк вярталася з паліклінікі дахаты, калі да яе падышлі чацвёра ў чорным адзенні. Сказалі, што або Дар’я пойдзе з імі, або яны ёй дапамогуць гэта зрабіць. У выніку дзяўчыну прывезлі ў мясцовы аддзел ГУБАЗіКу, дзе яна даведалася, што ўзялі яе з-за паведамленняў у мясцовым чаце.

«Я пісала там, што магла б дапамагчы людзям адсочваць перамяшчэнні міліцыі, бо жыла на высокім паверсе і добра бачыла, адкуль едуць сілавікі. Таксама ў мяне было паведамленне, якое кваліфікавалі як абразу супрацоўніка за выкананне ім службовых абавязкаў. Проста ў гэтым чаце напісалі, што лідскі следчы ўжываў гвалт да пратэстоўцаў, пагражаў пасадзіць іх у «правільную» камеру. І я напісала без лаянкі ўсё, што думаю пра гэтага чалавека: у яго ёсць сям’я, а ён робіць такія злачынствы ў дачыненні да грамадзян свайго горада.

Мяне пратрымалі там каля шасці гадзін, гэта былі не самыя прыемныя размовы. Я сядзела ў шоку, на іх былі балаклавы, я нічога не разумела. Паставілі мяне ў такі стан, што будзеш гаварыць усё, што запытаюць. Пагражалі, калі ім не спадабаюцца мае адказы, каб я не здзіўлялася, што яны прыйдуць і запытаюць у маіх бацькоў», — згадвае Дар’я. 

Тады дзяўчыну адпусцілі з афіцыйным папярэджаннем, а праз тыдзень ёй пазваніў следчы. Паведамілі, што на Дар’ю заведзеная крыміналка за «знявагу прадстаўніка ўлады» (артыкул 369), і загадалі прыехаць у Гродна, бо там вялося следства. Дар’ю пакінулі пад падпіскай аб нявыездзе, але ўсе месяцы следства яна была вымушаная рэгулярна ездзіць у Гродна.

Пасля таго, як з’явілася крыміналка, дзяўчыну адлічылі з універсітэта — проста адзін з выкладчыкаў сказаў ёй забраць атэстат.

«У мяне тады пачаўся вялікі стрэс ад таго, што завялі крымінальную справу. Гэта такая частка жыцця, якая цягнулася месяцы тры-чатыры, усё было быццам у страшным сне. Я была вельмі ўражаная ўсім гэтым».

Фота: архіў суразмоўцы

Дзяўчыне дастаўся суддзя Максім Філатаў — вядомая ў Лідзе асоба, менавіта ён некалі асудзіў Вітольда Ашурка. Акрамя артыкула за «знявагу», ёй дадалі яшчэ «народны» артыкул 342, і 30 жніўня 2021-га Дар’я на два з паловай гады прыехала на хімію ў Віцебск.

«У 2021 годзе плаціць 70 рублёў за камуналку за ложкамесца — гэта было балюча»

«Першае, што я там падумала, — не вытрымаю. Не ведала, што рабіць, але была ўпэўненая, што наступныя два з паловай года я не магу так правесці. Яшчэ тады спадзявалася, што ўсё гэта хутка скончыцца, зараз мы прыйдзем да нейкага кампрамісу, бо апазіцыя тады яшчэ заставалася актыўнай, як і цяпер. Гэта давала моц, каб усё вытрымаць і не зламацца.

У будынку вокны і сцены ў цвілі, усё старое. У пакоі на 20 квадратаў жыве 10-16 чалавек, стаяць двухпавярховыя ложкі, усё нейкае вельмі бруднае, халоднае і няўтульнае. Людзі жывуць адзін на адным», — згадвае Дар’я.

Спачатку яе накіравалі працаваць прыбіральшчыцай у вагоннае дэпо, прыбіраць у цэху па рамонце вагонаў. Праца, успамінае дзяўчына, была фізічна цяжкая, брудная. Трэба было прыбіраць смецце, якое застаецца пасля вырабу дэталяў: гэта магло быць і нешта пыльнае і дробнае, і даволі цяжкія металічныя дэталі. За змену трэба было адной прыбраць некалькі цэхаў. 

Дар’я працавала па графіку 3+1 — тры працоўныя дні і адзін выходны, змена доўжылася з васьмі раніцы да сямі вечара. Але дэпо было далёка ад установы, таму на працу трэба было выходзіць у 6-20, а вяртацца каля дзявятай вечара. За ўсё гэта ёй плацілі штомесяц 420 рублёў, і гэта яшчэ быў не горшы варыянт:

«У тых, хто меў позвы ці мусіў плаціць аліменты, вылічвалі грошы з заробку. Людзі маглі атрымліваць 100 рублёў на месяц, з гэтых грошай трэба было аплаціць камуналку, выдаткі на транспарт, каб даехаць да працы, купляць сабе ежу і адзенне. Узімку камуналка была недзе 70 рублёў, улетку — 10-20 рублёў на месяц. У 2021 годзе плаціць 70 рублёў за камуналку за ложкамесца — гэта было балюча».

Дзяўчына ўспамінае, што недзе палова жанчын на той хіміі былі асуджаныя за нясплату аліментаў, часцей за ўсё яны пакутавалі на алкагольную залежнасць. Яшчэ былі асуджаныя за крадзеж розных памераў і махлярства, а таксама дзяўчаты, якія прыязджалі з калоніі па замене пакарання на больш мяккае — збольшага яны адбывалі тэрмін за забойствы. Так іх пачыналі адаптаваць да вольнага жыцця. На хіміі асуджаныя карыстаюцца тэлефонамі і грашыма, а людзі, якія сядзелі па шэсць-восем гадоў, даўно гэтага не бачылі і не разумеюць, як хадзіць у краму і карыстацца транспартам. 

За некалькі гадоў да таго, як Дар’я трапіла на хімію, у яе выявілі саркаідоз — аўтаімунную хваробу, якая часцей за ўсё закранае лімфавузлы і лёгкія. Калі дзяўчына прыехала ў Віцебск, яе хвароба ўжо даўно была ў рэмісіі, але праз некалькі месяцаў працы ў дэпо саркаідоз у Дар’і абвастрыўся. Яна ўпэўненая, што гэта звязана з яе працай на хіміі (хворым на саркаідоз лепш не кантактаваць з пылам і хімікатамі).

Таму спатрэбілася шукаць іншае месца: 

«Я вельмі доўга з-за гэтага спрачалася з адміністрацыяй, бо на хіміі так прынята: ты ідзеш працаваць туды, куды цябе накіравалі. Летам 2022-га мяне ўладкавалі на халодны склад, хаця мне нельга было працаваць у халодных памяшканнях. Там я прапрацавала два месяцы без афіцыйнага працаўладкавання, і калі прыйшоў час мяне ўладкоўваць афіцыйна, то працадаўца паглядзеў на мае дакументы і сказаў, што яны мяне не могуць браць. 

На наступны год загадчык установы, можна сказаць, мне ў помсту, вырашыў мяне ўладкаваць прыбіральшчыцай памяшканняў у самой ПУАТ на паўстаўкі, атрымлівала 200 рублёў штомесяц. Праца нескладаная: чатыры працоўныя гадзіны, трэба было проста мыць калідор і, калі спатрэбіцца, кабінеты супрацоўнікаў. Але ўвесь дзень я знаходзілася ва ўстанове, мяне не вадзілі ў краму і казалі замаўляць дастаўку, а яны тады былі вельмі дарагія». 

Фота: архіў суразмоўцы

Каб трапіць да лекара, часам даводзілася чакаць пару тыдняў. Дзяўчына была на палітычным прафуліку, таму ёй трэба было адзначацца кожную гадзіну, калі яна была ў ПУАТ. А паколькі Дар’я нікуды не выходзіла, рабіць гэта трэба было штодзень з 7 да 21 гадзіны.

«Атрымалася так моцна абстрагавацца, што цяпер мне складана вярнуцца ў нармальнае жыццё»

Дар’я расказвае і пра іншыя наступствы для здароўя пасля хіміі:

«У мяне пачалі расці ніжнія зубы мудрасці, месяцы два яны вельмі моцна балелі, і я разумела, што, хутчэй за ўсё, іх трэба выдаляць. Мне адмовілі без аніякіх падстаў, проста не павялі да лекара. Сядзела на абязбольваючых, у выніку ў мяне на ніжняй сківіцы моцна пакрывіліся зубы, таму зараз мне трэба ставіць брэкеты. Бо ў мяне сціраецца зубная эмаль, і лекар кажа, што калі нічога не рабіць, праз год зубы пачнуць крышыцца».

29 лютага 2024-га Дар’я нарэшце вярнулася дахаты. Але спакойна жыць не атрымалася — дзяўчына разумела, што да вызваленых палітвязняў часам зноў прыходзяць:

«Я ж не толькі каментавала, а таксама актыўна хадзіла на пратэсты. Пакуль была на хіміі, не выпускала з галавы думку, што калі яны пажадаюць, могуць прыцягнуць мяне да новай крыміналкі. Супакойвала толькі тое, што, пакуль ты пазбаўлены волі, яны не шукаюць на цябе нічога новага, шмат хто пра гэта кажа. Калі ты на хіміі, яны сочаць, каб ты не быў ні на што [экстрэмісцкае] падпісаны, нідзе не ўдзельнічаў, то-бок каб не было новых эпізодаў, а старыя эпізоды іх не цікавяць. А вось калі ты вызваляешся, нешта старое можа ўсплыць. 

Таму я хутка зразумела, што мне не будзе ніякага спакою, трэба было прымаць рашэнне і з’язджаць. Не магла вярнуцца ва ўніверсітэт, не разумела, дзе можна працаваць, каб не прыбіральшчыцай або нейкай швачкай. Згубіла столькі часу і не ведала, чым бы я хацела займацца ў Беларусі, але было ясна, што мне трэба вышэйшая адукацыя».

Цяпер Дар’я жыве ў Гданьску. Яна падалася на праграму Каліноўскага і ў бліжэйшы час плануе вучыць польскую мову, а далей паступаць ва ўніверсітэт — хутчэй за ўсё, дзяўчына вернецца да геаграфіі. А пакуль што Дар’я падпрацоўвае манікюршчыцай. Навучылася гэтаму на курсах, пакуль чакала ў роднай Лідзе суда і прысуду па сваёй справе.

Гістарычная частка Гданьска. Фота: pexels.com

Прывіды таго, што яна перажыла, не адпускаюць дзяўчыну: 

«Я ў Польшчы больш за два месяцы, і цяпер пачаўся такі перыяд, калі трэба прымаць шмат рашэнняў і вызначыць, чым я буду займацца бліжэйшы час. Але пачынаюцца флэшбэкі, і я звярнулася да псіхолага, каб прапрацаваць некаторыя моманты, бо мне трохі складана. 

Чужая краіна, чужая мова — з усім гэтым паціху можна звыкнуцца, але адчуванне самотнасці ў новай краіне трохі замінае рабіць патрэбныя справы. Усе гэтыя два з паловай гады я лічыла, што вельмі добра з усім спраўляюся, што я моцная і ў мяне насамрэч усё добра. Я абстрагавалася ад усяго, але гэта проста была рэакцыя арганізму, каб вытрымаць, вызваліцца і ісці далей. Атрымалася так моцна абстрагавацца, што цяпер мне складана вярнуцца ў нармальнае жыццё, бо я быццам прывыкла не заўважаць усё, што адбываецца навокал». 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары5

  • мстят умным и нормальным
    15.08.2024
    Так ябатьки и лукашисты не имеют своих олимпиадниц и олимпиадников. Разве проведут олимпиаду среди ябатек и лукашистов, где ум и интеллект отсутствуют по умолчанию. Там возможны олимпиады на скоростное поедание живых лягушек, разбивание лбом кирпичей, кто громче проорёт "вперёд россия". У ябатек и лукашестов совсем другая нормальность...... Вот и мстят просто нормальным и просто умным.
  • Тэкля
    15.08.2024
    Сілы табе, дзяўчына... Ты моцная. Усё атрымаецца
  • .
    15.08.2024
    Я дадам: і прыстойным ("порядочным").
    Бо таксама тое, чаго не маюць і не разумеюць.

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы5

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы

Усе навіны →
Усе навіны

Папярэджанне пра пагаршэнне ўмоваў надвор'я на дарогах краіны1

Чэргі з легкавікоў на польскай мяжы зніклі

Расійская армія ажыццяўляе самае хуткае прасоўванне ва Украіне з 2022 года1

Улады хваляцца, што ў Беларусь па бязвізе прыехаў мільён еўрапейцаў. Няўжо праўда?5

Гендырэктара TikTok выклікалі ў Еўрапарламент пасля выбараў у Румыніі8

Рэстаўрацыі ў Беларусі засталося на тры дні. Галоўнаму прадпрыемству краіны фактычна падпісалі смяротны прысуд6

Як Лукашэнка кульгаў, выходзячы з самалёта ў Пакістане ВІДЭА13

Тэлевядучая Святлана Бароўская расказала пра новага мужа — загадкавага расійскага бізнэсмена14

У Беластоку выклікалі «на паядынак» і збілі да страты прытомнасці 16-гадовага беларуса5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы5

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы

Галоўнае
Усе навіны →