Грамадства1212

Не адкрываецца сайт «Белсата», рэдакцыя не мае да яго доступу. Што адбываецца з тэлеканалам?

Спробы новага кіраўніцтва TVP рэфармаваць «Белсат» могуць паставіць на ім крыж ужо зараз, кажуць «Радыё Свабода» супрацоўнікі каналу. І справа зусім не ў грашах.

Сёньня з раніцы не адчыняецца сайт каналу. Ананімная крыніца на «Белсаце» расказала «Свабодзе», што ў рэдакцыі няма доступу да адміністратарскай панэлі. У сувязі з рэформай «Белсату», якую праводзіць TVP (Польская тэлевізія) на задуму МЗС Польшчы, пад пагрозай апынулася ўся электронная інфраструктура каналу.

Яе стварыла IT-кампанія Devkom, якая стала фігурантам крымінальнай справы, ініцыяванай TVP. Цяпер Польская тэлевізія хоча стварыць для «Белсату» ўласную сыстэму, расказалі супрацоўнікі каналу, якія пажадалі застацца ананімнымі. Але як вынікае зь іх словаў, пакуль Польскай тэлевізіі гэта не ўдаецца.

Чаму IT-інфраструктуру «Белсату» стварала прыватная кампанія

«Белсат» стаў першым цалкам кампутарызаваным тэлеканалам у сыстэме TVP. Узровень яго тэхналягічнага разьвіцьця быў несумяшчальным з TVP. З гэтай прычыны «Белсат» быў вымушаны стварыць асобную ІТ-інфраструктуру», — кажа «Свабодзе» былая дырэктарка каналу Агнешка Рамашэўска-Гузы.

Цяпер, як расказалі «Свабодзе» супрацоўнікі каналу на ўмовах ананімнасьці, гэта стала прычынай канфлікту паміж «Белсатам» і TVP.

Зараз Белсату ізноў прапануюць стандартную сыстэму, у якой працуе TVP. Канал працаваў на ёй першыя 7 гадоў, але адмовіўся з прычыны павольнасьці, кепскага тэхнічнага абслугоўваньня і адсутнасьці беларускай мовы ў адміністратарскай панэлі.

«Гэта была сыстэма для свабоднай дэмакратычнай краіны, якая ня ўлічвае аўтарытарнай рэальнасьці і паліцэйскай дзяржавы», — кажа былы супрацоўнік «Белсату».

Таму было прынята рашэньне стварыць уласную. Цяпер жа белсатаўцы вывучылі новую прапанову TVP і кажуць, што яна можа стаць лёгкай здабычай спэцслужбаў Лукашэнкі і Пуціна, больш за тое, яна зноў не падтрымлівае беларускай і расейскай моваў адміністраваньня.

Чаму ўсё гэта адбываецца?

Гэта вынік рэарганізацыі тэлевізіі. Па задуме польскага МЗС, «Белсат» спыняе сваё існаваньне як незалежны канал, а становіцца рэдакцыяй аднаго з грамадзкіх тэлеканалаў для замежнай аўдыторыі — TVP World. Пра гэта абвясьціла сама Польская тэлевізія. Апрача беларускай службы, то бок «Белсату», там маюць быць украінская, расейская і ангельскамоўная вэрсіі.

Наступствы пераходу «пад крыло» TVP World адчувальныя ўжо некалькі дзён. Ад мінулай пятніцы няма звыклай жывой трансьляцыі «Белсату» на Youtube, яна ішла нават праз прыватныя акаўнты.

«Люстэркі «Белсату» і «Воттак» не працуюць дакладна, а гэта адзіны шлях да Беларусі і Расеі (асноўныя сайты заблякаваныя ў Беларусі, а люстэркі даюць да яго доступ у абыход блякаваньня — РС). Чат-бот у Telegram не працуе, а гэта адзіны кантакт зь беларусамі. Яны дасылаюць туды навіны. Ён зьвязаны з сайтам», — расказвае на ўмовах ананімнасьці белсатавец.

Гэта вынік таго, што TVP адмаўляецца ад той сыстэмы, якой «Белсат» карыстаўся гадамі і якая стваралася адмыслова для «Белсату». Менавіта IT-кампанія, якая гадамі абслугоўвала «Белсат», стала фармальнай прычынай, зь якой новыя ўлады TVP ініцыявалі крымінальную справу супраць кіраўніцтва каналу. Былое і цяперашняе начальства, Агнешку Рамашэўску-Гузы і Аляксея Дзікавіцкага, а таксама дзясятак іншых супрацоўнікаў абвінавачваюць у тым, што яны нібыта выстаўлялі несапраўдныя рахункі на мільёны злотых за паслугі IT-кампаніі.

«Тэхнікі TVP ужо абвясьцілі, што яны маюць намер стварыць новы сайт, аднак зьліквідуюць усе праграмы, аплікацыі, сэрвіс праверкі правапісу Dobrapis і люстэркі. Бо ўсё гэта прывязана да старог сайту. Ужо заблякаваны сэрвэр зь люстэркамі. Фактычна гэта азначае зьнішчэньне ўсёй онлайнавай мэдыйнай інфраструктуры найбуйнейшай беларускай незалежнай мэдыяплятформы», — кажа ананімна супрацоўнік каналу.

Калі Польская тэлевізія пачала пераводзіць «Белсат» на ўласную плятформу, то сутыкнулася з праблемай, расказвае дзейны супрацоўнік «Белсату». Тэлевізійныя айцішнікі нібыта ня ў стане прапанаваць «Белсату» нешта падобнае, што ў яго ёсьць дагэтуль. У выніку справа дайшла да кур’ёзу. Ужо пасьля падачы скаргі ў пракуратуру прадстаўнікі TVP папрасілі неяк дамовіцца аб дапамозе з ІТ-спэцыялістамі, на якіх тэлевізія падала ў суд.

«Свабода» зьвярнулася ў TVP па камэнтар зь пяцьцю пытаньнямі. На ніводнае зь іх кіраўніцтва Польскай тэлевізіі не адказала, спаслаўшыся на таямніцу. Але ў адказе запэўнілі, што інфраструктура «Белсату» будзе цалкам бясьпечнай.

Але ў размове са «Свабодай» адмыслоўцы каналу ацэньваюць яе як прымітыўную.

«Сыстэма, якая ўжо ёсьць у «Белсату», абсалютна наватарская нават для Польшчы. Справа ў тым, што мясцовыя СМІ не патрабуюць такіх мераў бясьпекі, бо яны працуюць у свабоднай краіне. «Белсат» жа бясконца адбівае DoS-атакі, за якімі стаяць спэцслужбы Лукашэнкі і Пуціна. Ня так даўно хакеры пасьпяхова атакавалі сыстэму найбуйнейшага прэс-агенцтва ў Польшчы — PAP. «Белсат» жа і блізка не дапускае такіх праколаў, бо ягоная сыстэма ўнікальная», — кажа ананімна былы супрацоўнік каналу.

Усё, чым «Белсат» карыстаецца цяпер, было створана за шмат гадоў польскімі ІТ-кампаніямі, у тым ліку фірмай Devkom. Менавіта яна цяпер у цэнтры скандалу з пазовам TVP супраць начальства «Белсату».

«Што да паслуг Devkom, якімі карыстаўся «Белсат», магу шчыра сказаць, што іх спэцыялісты вельмі адказна падыходзілі да працы, заўсёды былі даступныя анлайн у выпадку непаладак або пытаньняў. Якасьць абслугоўваньня была на найвышэйшым узроўні», — кажа былы супрацоўнік каналу Зьміцер Ягораў. На «Белсаце» ён працаваў ад 2007 году, быў рэдактарам вэб-рэдакцыі і кіраваў рэдакцыяй навінаў.

На «Белсаце» на ўмовах ананімнасьці расказалі, што Польская тэлевізія ня мае ні адмыслоўцаў падобнага ўзроўню, ні сэрвэраў падобнай ёмістасьці, і не гатовая на гэта выдаткоўваць грошы.

«Свабода» зьвярнулася да ўласьніка кампаніі Devkom Шымана Павуча па камэнтар, але ён параіў накіраваць пытаньні свайму адвакату. На званкі ён пакуль не адказвае, а на накіраванае праз мэсэнджар пытаньне таксама пакуль не адказаў.

Што Devkom стварыў для «Белсату»?

Мэдыйную інфраструктуру для «Белсату» стварала ў большай ступені польская IT-кампанія Devkom. Націск рабіўся на супрацьдзеяньне хакерскім атакам — таму для канала створаная ўласная сыстэма абароны (фаервол).

«Гэта ўнікальная аўтарская распрацоўка польскіх айцішнікаў. Напрыклад, сыстэма максымальна раскідвае кантэнт па ўсіх магчымых плятформах — і на антэны, і сацсеткі і нават смарт-сыстэмы розных мадэляў тэлевізараў. Многія працэсы ўнутры сыстэмы дыстрыбуцыі аўтаматычныя. Таксама інфраструктура дазваляе працаваць журналістам і рэдактарам адначасова на розных кантынэнтах, менавіта праз тое, што журналісты «Белсату» знаходзяцца ў гарачых пунктах і пад перасьледам, яны бясьпечна падлучаюцца і скідваюць матэрыял ня ў рукі, а ў сыстэму адразу для рэдагаваньня і апублікаваньня, і пры гэтым бароніць аўтара», — кажа ананімны супрацоўнік каналу.

І ўсё гэта павінна спыніць працу 1 жніўня, паколькі з кампаніяй не працягнулі дамову, а новую сыстэму яшчэ не стварылі.

Што са справай супраць кіраўніцтва «Белсату»

Польскі партал Onet апублікаваў нядаўна матэрыял, у якім падаў унутраныя фінансавыя дакумэнты TVP і сьцьвярджаў, што «Белсат» заплаціў IT-кампаніі Devkom за пэрыяд з 2018—2023 гадоў 7 мільёнаў злотых. Паводле новага кіраўніцтва TVP, за гэты пэрыяд нічога зроблена не было і ўсе грошы «скралі».

«Кожны год перад падпісаньнем дамоваў з МЗС Польшчы складаліся пляны, што дакладна будзе зроблена на канале, у тым ліку ў IT, і колькі гэта будзе каштаваць. У канцы году дакладная інфармацыя дасылалася ва ўсе зацікаўленыя органы. Ніякіх заўваг ад МЗС наконт гэтага не было», — сьцьвярджае ў камэнтары «Свабодзе» былая дырэктарка «Белсату» Агнешка Рамашэўска-Гузы.

«Свабода» атрымала блізу паўсотні старонак, дзе ў драбніцах апісваецца ўсё, што фірма Devkom зрабіла для «Белсату». Аналягічныя дакумэнты ёсьць і ў TVP.

«Самі тэхнічныя супрацоўнікі TVP прызналі ў прыватных размовах, што здымаюць капялюш перад фірмай, якая збудавала настолькі інавацыйную і якасную сыстэму для «Белсату». TVP нам нічога падобнага ня можа прапанаваць. Яскравая ілюстрацыя: калі адбываўся фінал чэмпіянату Эўропы ў футболе, то жывая трансьляцыя і на сайце, і ў аплікацыях, і на youtube-канале TVP былі недасяжныя. Яны ня вытрымалі наплыву гледачоў», — камэнтуе былы супрацоўнік каналу.

Цяпер TVP патрабуе, каб сыстэму, якая стварыла фірма Devkom (тая, на якую TVP падало ў суд), перадалі Польскай тэлевізіі. IT-кампанія гатовая яе перадаць і прапаноўвала гэта ўжо ў траўні, бо ўсе аўтарскія правы належаць ёй, аднак нават перадача сыстэмы зойме ня менш як 2-3 месяцы працы і фірмы, і тэхнікаў тэлевізіі. Але TVP, паводле нашых крыніц, прынцыпова ня хоча плаціць.

Ужо некалькі месяцаў Devkom абслугоўвае «Белсат» бясплатна. Але з 1-га жніўня гэта мае скончыцца. Гэта азначае, што канал страціць усе сайты, аплікацыі і практычна ўсю інфраструктуру, якую будаваў гадамі.

Каментары12

  • Ну што, дапамаглі вам ляхі
    01.08.2024
    Вось таму трэба падтрымліваць менавіта свае незалежныя медыя, як НН, Маланка і інш, бо Белсат гэта поўнасцю замежны рэсурс, хоць і накіраваны на Беларусь, але ён поўнасцю належыць польскаму ўраду, замежнай краіне, якая ў любы момант можа спыніце ўсё, згарнуць сайт, сацсеткі, ютуб каналы і гд. Любая краіна ў першую чаргу адстойвае свае нацыянальныя інтарэсы, у тым ліку і Польшча, якімі б прыгожымі фармуліроўкамі яна б не прыкрывалася.
  • Капец
    01.08.2024
    Белсат, жыві!
  • даведка
    01.08.2024
    Никогда не смотрел видео на их сайте в HTML5 плеере TVP, предпочитая скачивать.

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны31

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны

Усе навіны →
Усе навіны

Cambridge Dictionary назваў слова 2024 года

У ЗША заклікаюць панізіць гандлёвы статус Кітая да ўзроўню Беларусі1

У Тайландзе жанчына метадычна забіла цыянідам 14 сяброў 

Навукоўцы знайшлі спосаб зрабіць памідоры саладзейшымі1

Расія наносіць масіраваны ракетны ўдар па Украіне4

У Германіі памёр навуковец Міхаіл Ерамец. Ён нарадзіўся ў Пінску1

У Гродне і раёне ўведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі1

Офіс Ціханоўскай пракаментаваў экстрадыцыю Васіля Верамейчыка19

Даныя ўсіх карыстальнікаў Pokemon GO цяпер ператворацца ў глабальную мапу мясцовасці8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны31

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны

Галоўнае
Усе навіны →