Літаратура11

Голеная праўда. Адзіны ў Беларусі пісьменннік-цырульнік апісаў тое, што ніхто да яго не рабіў

Сяргей Календа напісаў пра тое, як і каго ён стрыг за 20 гадоў і што гэтаму спадарожнічала, піша Зося Лугавая.

Сягрей Календа стрыжэ людзей. И адначасова піша кнігі, рэдагуе і выдае часопісы. Робіць гэта з часоў старэйшай школы, калі, скарыстаўшыся парадай маці, скончыў цырульніцкія курсы. Маючы больш за дзясятак выдадзеных кніг, Сяргей Календа напісаў нарэшце пра тое, як і каго ён стрыг на працягу 20 гадоў жыцця і што гэтаму спадарожнічала. 

«Стрыжэ і піша» — гэта калейдаскоп чалавечых характараў, спецыфічных цырульніцкіх і агульначалавечых гісторый, нявыкрутак, эпікфэйлаў, гісторый поспеху і нават рэваншаў. 

Анатацыя падкрэслівае, што ніхто не браў з аўтара прысягі захоўваць таямніцу, таму ён смела дзеліцца гісторыямі з жыцця, якое, як водзіцца, цікавейшае за ўсе прыдуманыя сюжэты. Хочацца дадаць: залежыць ад таго, дзе і як ты з гэтым жыццём судачыняешся.

Гісторыі Сяргея Календы не пакідаюць абыякавымі.

Тут няма храналогіі ці нейкай сістэмы. Немагчыма прадказаць, якім будзе наступны сюжэт: аўтар увесь час мяняе тэму і ракурс, пераходзіць з гісторый пра пачатак цырульніцкай кар’еры да падзеяў апошніх год — пасля пераезду ў Вільню. 

На першы погляд, гэта такія цырульніцкія байкі, расказаныя амаль без эмоцый, хіба што з лёгкай іроніяй — як у дачыненні да герояў гісторый, так і да сябе самога. Быццам бы лёгкае чытво, у якое занырваеш з першага сказа і гартаеш старонку за старонкай. Бо цікава ж, які яшчэ фрык прыйдзе на стрыжку ці якая трасца здарыцца падчас працы. 

Вось, напрыклад, некаторыя з сюжэтаў. Кліент без вушэй, бо іх яму адрэзалі, калі трымалі ў закладніках у Бразіліі. Кліентка, якая, патрабуючы блонд для сваіх сівых валасоў, пафарбаваных у чорны колер, гадзіну галосіць і качаецца па падлозе. Шэйх, якому трэба галіць, акрамя галавы і твару, яшчэ і вушы. Агонь з фена падчас укладкі для жанчыны, якая сцвярджала, што ў гэты дзень яе чакае лёсавызначальная сустрэча. Сябар, які перастаў хадзіць на стрыжку, калі аўтар сказаў, што не будзе стрыгчы яго бясплатна. Кліентка, якая, губляючы валасы, пачала насіць парыкі, і муж пра гэта не ведаў. 

Усё гэта, вядома, цікава. Але паступова я ўсвядоміла іншае, і яно ўрэшце стала для мяне найгалоўнейшым у кнізе. Прыняцце аўтарам чалавека такім, які ён ёсць. Спагада. Неабыякавасць да лёсаў, жыццёвых абставінаў, досведу. Не навязлівая цікаўнасць, не прага плётак і жаданне іх пераказаць, а спакойнае і стрыманае чалавекалюбства.

«Адной маёй дарослай студэнтцы было пяцьдзясят пяць гадоў. Жанчына вырашыла пачаць асвойваць прафесію цырульніка пасля таго, як пахавала сваю маці. Менавіта маці ўсё жыццё забараняла ёй займацца валасамі, хоць яна ў дзяцінстве вельмі любіла часаць сваіх лялек і заплятаць сабе косы. Маці наадрэз адмовіла дзяўчынцы і адправіла ў педагагічны ўніверсітэт. Мая студэнтка ўсё жыццё выкладала ў школах французскую мову, падзарабляла рэпетытарствам і так закруцілася па жыцці, што не заўважыла, як прайшло шмат гадоў… І вось толькі калі памерла яе маці-ўзурпатарка, жанчына вырашыла навучыцца прафесіі, аб якой марыла ў дзяцінстве».

Сяргей Календа піша так, як ёсць. Ён не стаіць у белым палітоне, спагадліва выслухоўваючы скаргі, прымаючы слёзы і любыя дзівацтвы. Не, ён нямее, чырванее, слупянее і нават ўзбуджаецца, калі кліентка пачынае стагнаць падчас змывання фарбы з валасоў. Мне самой станавілася няёмка падчас чытання такіх фрагментаў, але адначасова я адчувала ўдзячнасць за аўтарскую шчырасць. 

А яшчэ гэтыя тэксты — пра ўласныя межы. Пра ўменне іх выбудоўваць і трымаць. Пра шлях да гэтага праз штуршкі старэйшых калег, праз прэтэнзіі кліентаў і крыўды блізкіх людзей. Пра тое, як паступова прыходзіла разуменне сваёй вартасці і ўменне казаць «не».

«А неяк прыйшоў хлопец, смуглы, прывабны, валасы чорныя, цвёрдыя, кучаравыя… Хачу, кажа, пад hitlerjugend стрыжку. Я кажу яму, што гэта просьба сапраўды не да мяне, я не буду такое стрыгчы. Ён пагражаў напісаць скаргу, што яму не зрабілі стрыжку hitlerjugend, прыехала дырэктарка адгаворваць пісаць, але паглядзела на пацана — і забылася, навошта прыехала. Потым мне кажа: «Я не чакала, што такую стрыжку папросіць такі габрэйскі хлопец». 

І, вядома, гэта кніга пра адчуванне свайго месца — у прафесіі і ў жыцці. Пра цэльнасць прафесійную і чалавечую. Пра тое, што можна рэалізавацца ў некалькіх сферах, і табе за гэта нічога не будзе, акрамя шчыльнага працоўнага раскладу і багатага жыццёвага досведу. 

Піша Сяргей Календа пра гэта так, што выклікае павагу, а не зайздрасць. Ён не дае парадаў і не вучыць жыццю, але ў пэўныя моманты дзеліцца досведам: браць адпачынак на месяц два разы на год і ехаць кудысьці з сям’ёй, каб пазбегнуць выгарання. Мяняць працу, калі адчуваеш нездаровую атмасферу, цкаванне з боку кіраўніцтва ці калег. Не прымаць на свой рахунак тое, што не датычыць якасці тваёй працы і працоўных памылак. Заставацца чалавечным нават у надзвычайных сітуацыях, якія выбіваюць глебу з пад ног. 

«У мяне ёсць адна кліентка: адразу тлумачу, нічога асабістага, проста праца. Калі дакранаешся да яе валасоў, яна адразу ж сыходзіць, вельмі рэзка і хутка. Яна сыходзіць сур’ёзна і адразу — можна сказаць, уцякае. Пасля вяртаецца! Праз хвілін дваццаць, пахадзіўшы ці пасядзеўшы дзесьці ў месцах тыпу каворкінгаў, бізнэс-цэнтраў. Піша спачатку, просіць прабачэння. Я сам прашу прабачэння, што прычыніў столькі болю і нязручнасці. Яна вяртаецца і вырашае ўсё ж стрыгчыся. Мы стрыжомся. Потым яна сядзіць і плача. Моцна. Доўга. Узахлёб. І ў паўзах кажа, што гэта нічога, я ні пры чым, так заўсёды ў яе». 

Калі вы ніколі не стрыгліся ў Сяргея Календы, магчыма, пасля кнігі «Стрыжэ і піша», захочацца гэта зрабіць. Ці наадварот — каб не трапіць у наступную кнігу. Але ў любым разе, вы дакладна не будзеце сумаваць, чытаючы. 

Сяргей Календа. «Стрыжэ і піша». Выдавецтва «Гутэнберг», Кракаў, 2024. 

Каментары1

  • Gorliwy Litwin
    29.07.2024
    Гучыць інтрыгуюча. Рэцэнзія то дакладна напісана добра, цікава. Спадзяюся што і не падманвае. Віншую і аўтара і рэцэнзента

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?4

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?

Усе навіны →
Усе навіны

Вядомая спявачка выйграла права карыстацца сваім імем у Аўстраліі

Беларусы адкрылі ў Варшаве салон кухняў, але кліенты так і не дачакаліся сваіх заказаў

Вядомага трэнера па ўсходніх адзінаборствах судзяць за жаданне ваяваць за Украіну2

Канапацкая сцвярджае, што яе каманда збірае ў дзень мінімум па чатыры тысячы подпісаў8

Памятаеце міністра спорту Качана, які ўляпаўся ў туалетны скандал? Яго цяперашняя пасада не ўражвае3

Цягнік Мінск — Гомель прыбыў на канцавую станцыю са спазненнем на чатыры з паловай гадзіны

У Мінску з'явіліся дзве новыя вуліцы. Вось якія назвы1

Пасля нападу на калону ў Малі загінулі як мінімум шэсць вагнераўцаў1

Як помнікі русіфікуюць Беларусь? Падлікі пра тое, колькі помнікаў прысвечаныя савецкай гісторыі, а колькі — нацыянальнай2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?4

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?

Галоўнае
Усе навіны →