Грамадства4848

Што адбываецца ў Палку Каліноўскага і чаму байцы кажуць пра яго магчымае знікненне?

У тэлеграм-канале Палка Каліноўскага з'явілася паведамленне пра тое, што ўкраінскі бок хоча кантраляваць сацсеткі ПКК, а рэкрутынг спынены. Ян Рудзік напісаў, што полк можа ўвогуле распасціся. Але з ім згодныя не ўсе байцы — ГУР выклаў інтэрв'ю з Паўлам «Дзядзькам» Шурмеем, якога прадставілі як новага камандзіра ПКК. «Наша Ніва» распытала ў байцоў з абодвух лагераў, што адбываецца і як яны бачаць сітуацыю.

Полк Каліноўскага. Фота прэс-службы ПКК

З чаго ўсё пачалося

22 ліпеня ў найбольшым тэлеграм-канале Палка Каліноўскага з'явілася паведамленне. У ім сцвярджалася, што ўкраінская вайсковая часць, да якой адносіцца полк, хоча забраць сабе кантроль над сацсеткамі, «якія належаць усяму беларускаму народу».

У допісе адзначалася, што сістэма рэкрутынгу, якую прапанавала вайсковая часць, «пазбаўляе магчымасці паўнавартаснага набору рэкрутаў».

Адмаўляўся і той факт, што Павел «Дзядзька» Шурмей стаў камандзірам палка. Па меркаванні аўтара паведамлення, «ён згубіў аўтарытэт сярод пераважнай большасці камандзіраў».

Мірык, камандзір мінамётнага разліку з батальёна Ліцвін

Баец з пазыўным Мірык. Скрыншот з відэа Белсата

«Гэтае паведамленне выпусціла прэс-служба палка, каб патлумачыць, што адбываецца, наколькі гэта магчыма для грамадскасці, бо пакуль няясна, што можна выстаўляць напаказ, а што не.

Адбыліся некаторыя непаразуменні. Рэч у тым, што вайсковая часць, ад якой мы залежым, стала ўразаць аўтаномію на фоне ўнутраных непаразуменняў.

Гэтым скарысталася частка байцоў палка, якая раней займалася прэс-службай і якая мае доступ да старога сайта Палка Каліноўскага. Яны апублікавалі інфармацыю пра тое, што Павел «Дзядзька» Шурмей цяпер камандзір палка.

Частка з людзей, якія кіруюць другім рэсурсам, не маюць дачынення да палка, не прымаюць удзелу ў яго жыцці. Па-мойму, яны проста спрабуюць зарабіць палітычныя балы на складанай сітуацыі ў Палку Каліноўскага. Як няма і аніякага «прэс-цэнтра Палка Каліноўскага», які яны «заклалі».

Таксама цяпер няма рэкрутынга. Яго няма як праз унутраны канфлікт, які адбыўся яшчэ ў красавіку, так і праз тое, што яго абрэзала вайсковая часць — сказала, што будзе рабіць яго сама. Менавіта пад яго, напрыклад, ствараўся бот Палка Каліноўскага. Не разумею, чым можа займацца «прэс-цэнтр Палка Каліноўскага».

Але камандзіра палка абірае рада камандзіраў, якая складаецца з людзей, якія камандуюць часткамі падраздзялення. І яна не прымала такіх рашэнняў. То-бок Павел Шурмей не з'яўляецца камандзірам, камандзіра ў палку пакуль няма. Такая сітуацыя доўжыцца з красавіка.

Цяпер вырашаецца, ці будзе Полк Каліноўскага вайскова-палітычным праектам або проста вайсковым падраздзяленнем. І гэта залежыць найперш ад беларусаў, а ў другую чаргу — ад камандавання Інтэрнацыянальнага легіёна.

Прычына публікацыі ў канале таксама ў тым, што да беларускага монаэтнічнага падраздзялення ёсць пытанні ва [ўкраінскай] вайсковай часці. І што людзі, якія адмініструюць сацсеткі, не будуць аддаваць ключы доступу.

Зараз вядзецца праца па вырашэнні праблемы. Але гэта беларускае пытанне, і яго вырашэнне залежыць ад таго, як дамовяцца між сабой беларусы са зброяй у руках.

Я не выключаю як таго, што Полк Каліноўскага можа перастаць існаваць у сённяшнім разуменні, гэтак і таго, што ўсё вырашыцца добра. Або частка людзей сыдзе і знойдзе сабе нейкую альтэрнатыву.

Каналы Палка Каліноўскага не захоплены, яны знаходзіцца ў руках тых людзей, якія імі і займаліся».

Баец батальёна «Волат»

Фота прэс-службы Палка Каліноўскага

Мужчына папрасіў не называць свой пазыўны. Баец распавядае, што праблемы ў палку пачаліся даўно праз незадаволенасць рашэннямі, якія прымаюцца штабам. Але ў байцоў не хапала сілаў і магчымасцяў з гэтым разабрацца.

Таксама ім не падабаецца тое, што не адбылося аніякага расследавання па абвінавачаннях у карупцыі, а штаб ніяк не рэагуе на крытыку.

Пра «раду камандзіраў» ён кажа, што яна прадстаўляе меншасць байцоў ПКК, але ў яе ўключаныя шмат функцыянераў штаба:

«Ужо год таму гэта быў нежывы праект. Яе спрабавалі ажывіць, прыняўшы статут, але статут не прынялі, і рада павісла ў паветры. На сёння ўвогуле незразумела, у якім яна статусе.

Пасля рашэння рады камандзіраў пра тое, што байцы не могуць удзельнічаць у выбарах у Каардынацыйную раду, шмат хто з гэтым не згадзіўся. Тады Мікола Дземідзенка падышоў да кіраўніка пяхоты Ліцвіна і сказаў, што той, маўляў, звольнены за ўдзел у выбарах у КР. Гэта выклікала незадавальненне байцоў.

Мікола Дземідзенка. Скрыншот са стрыма ПКК

Уся гэтая гісторыя адбылася тады, калі ў палку была ратацыя, мы каля месяца не былі на баявых заданнях і мелі больш часу. Колькасная большасць палка сабрала агульны сход, вырашыла, што Міколу і Арцёму «Ванішу» Войнічу не месца ў Палку, і падпісала адпаведныя рапарты.

Чаму вырашылі іх выгнаць? Бо яны, я скажу шчыра, задзяўблі байцоў. Лезлі туды, у чым не разбіраюцца, гуляліся ў цэнтралізацыю, хоць самі не ваявалі і аўтарытэту ў баявых падраздзяленняў не мелі. І тады фактычна ўтварыўся новы штаб з баявых падраздзяленняў.

Гэта моцна не спадабалася старому штабу. І на мой погляд, цяперашняя заява — гэта такая агонія, спроба выклікаць паніку, маўляў, без іх беларусы ў полк не прыедуць».

Па патрабаванні ваяроў Міколу некуды перавялі, а Ваніша адхілілі ад працы начальнікам штаба.

Арцём «Ваніш» Войніч у 2017-м годзе. Фота з ягонай старонкі Укантакце

Камандзірам ПКК наш суразмоўца лічыць Паўла «Дзядзьку» Шурмея. «Гэта баявы камандзір, быў паранены. Яго паважаюць і яму давяраюць байцы, якія ваявалі з ім побач. Да яго добра ставіцца і давярае яму кіраўніцтва Інтэрнацыянальнага легіёна. Байцы «Волата» і часта іншых падраздзяленняў — дакладна за яго.

Прычым «Дзядзьку» ставіў не Інтэрнацыянальны легіён, а прадстаўнікі ініцыятыўнай групы па рэформах палка з розных падраздзяленняў. У «Дзядзькі» ёсць яйцы, ён будзе стаяць за тое, дзеля чаго мы прыехалі. А стары штаб хоча паставіць лаяльнага сабе чалавека, які б выконваў загады штаба».

Па словах байца, сацсеткі вядзе жонка Ваніша. «Яна ўкраінка і яна разам з Ванішам абірае, што варта публікаваць. Іншыя не маюць доступу да сацсетак. Таму словы пра тое, што сацсеткі ПКК належаць беларускаму народу — гэта трызненне. Аніякага кантролю над імі ў байцоў няма.

Большая частка медыякаманды звольнілася і падтрымала рэформы ў ПКК. Людзі ў медыягрупе выгаралі, бо, хоць часта гэта былі больш дасведчаныя ў медыя людзі, іх ідэі зарубалі.

Мы хочам, каб прэс-службай ПКК кіраваў чалавек з баявым досведам і талентамі ў медыя. Якому будуць давяраць байцы. І такі чалавек ужо ёсць».

Пра «закрыццё рэкрутынгу», пра які заявілі ў сацсетках ПКК раней, баец кажа іншае меркаванне. Ён сцвярджае, што насамрэч людзей набіраюць. Рэч у тым, што раней у ПКК быў пункт рэкрутынгу ў Варшаве, ад якога давялося адмовіцца. Баец кажа, што гэта няблага для ПКК — цяпер рэкрутынгам не будзе займаецца стары штаб, і ёсць надзея на нейкі парадак.

Напрыклад, кажа ён, бывалі выпадкі, калі чалавек вучыўся на адно, а пасля быў размеркаваны зусім у іншае падраздзяленне «па загадзе Ваніша».

«Штаб палка таксама загадваў пераводам з іншых падраздзяленняў, а перавесціся па ўласным жаданні было вельмі складана. Гэта негатыўна ўплывала і на баяздольнасць, і на маральны дух. А вось людзі, якія траплялі не праз рэкрутынгавы цэнтр ПКК, апыналіся там, куды і збіраліся.

Таксама вельмі шмат часу займала афармленне кантрактаў. А калі ты адмаўляўся ісці туды, куды «размяркоўваў» штаб, то мусіў вельмі доўга чакаць новага накіравання».

Ён адзначае, што праз скандалы ў ПКК беларусы не так масава прыходзяць у полк, як раней. Па меркаванні ваяра, толькі рэформы могуць узнавіць былую славу палка, павысіць яго баяздольнасць і вярнуць беларусам веру ў ПКК. Таксама наш суразмоўца спадзяецца, што праз гэта ў полк вярнуцца былыя байцы.

Баец не выключае, што сярод камандавання палка ў будучыні будзе больш украінцаў. Але лічыць, што гэта можа пайсці на карысць:

«Калі ўкраінцы прышлюць талковых камандзіраў з адукацыяй, з баявым досведам, то і эфектыўнасць можа вырасці, і можна пазбегнуць стратаў з нашага боку. І гэта добра.

Цяпер, калі штаб зрабіў вялікую памылку, апублікаваўшы гэтае паведамленне, і зрабіў паклёп на штаб Інтэрнацыянальнага легіёна, у нас ёсць больш шансаў на перамены. Бо раней нам казалі, што, маўляў, гэта праблемы беларусаў, то хай яны і разбіраюцца. З'явілася надзея, што штаб легіёна зразумее ўсю сур'ёзнасць канфлікту і навядзе парадак у ПКК.

І спадзяюся, што беларусы зноўку будуць нам давяраць і разлічваць на нас».

Павел «Дзядзька» Шурмей

Павел «Дзядзька» Шурмей. Фота ПКК

Падобна, што ГУР і штаб Легіёна лічаць камандзірам Палка Каліноўскага Паўла Шурмея — сёння яны апублікавалі інтэрв'ю з ім.

У каментары Белсату Павел Шурмей расказаў, што рэформы ў палку патрэбныя даўно. Рэформы тычацца як структуры кіравання, гэтак і працы з медыя, а таксама фінансавай празрыстасці. Ён заявіў, што полк не кантралюе тэлеграм-канал, але мае ўласны сайт kalinouski.org і фэйсбук-старонку.

«Хто кажа ад імя палка Каліноўскага аб тым, што полк страціў элементы самакіравання? Не, элементы кіравання палком імя Кастуся Каліноўскага страцілі дзве вядомыя асобы, Мікола і Ваніш, якія намагаліся ператварыць полк імя Кастуся Каліноўскага ў сваю ПВК», — цытуе Шурмея Белсат.

Па яго словах, Ваніш і Мікола перакладаюць на вайсковую часць адказнасць за свае памылкі, праз якія больш ваяроў сыходзіла з палка, чым прыходзіла ў яго, ды яшчэ і ствараюць канфлікт з часцю.

Дзяніс «Ваўкалак» Урбановіч

Дзяніс Урбановіч. Фота з ягонага асабістага архіва

Баец батальёна «Волат» Дзяніс Урбановіч таксама выклаў сваю версію падзеяў. 

На яго думку, у палку патрэбныя тэрміновыя рэформы, бо «той элемент, які кіраваў дагэтуль Палком Каліноўскага, ён камерцыйны, а беларускасці там не вельмі шмат. Карупцыя, адным словам».

Таксама ён выказаў недавер радзе камандзіраў і сказаў, што цалкам падтрымлівае Паўла Шурмея «Дзядзьку», які, па словах Дзяніса, заслужыў павагу ў баі. «У мяне да яго пытанняў няма. А вось вам, спадарства (маецца на ўвазе штаб ПКК — «НН») недавер ад байцоў палка і недавер ад усіх беларусаў», — падсумаваў сваё відэа Дзяніс Урбановіч.

Сяргей Бяспалаў

Сяргей Бяспалаў пасля далучэння да ПКК у сакавіку 2022-га. Ён сышоў адтуль у жніўні 2022-га

23 ліпеня ён выпусціў відэа са сваім бачаннем сітуацыі ў палку. Спачатку ён распавядае пра Паўла «Дзядзьку» Шурмея — як той пайшоў ваяваць у першыя дні вайны, быў паранены, як добра ваяваў і здабыў аўтарытэт.

Пасля ён кажа, што заява ў тэлеграм-канале ПКК непраўдзівая, зробленая «Міколам Дземідзенкам і Арцёмам «Ванішам» Войнічам, каб утрымацца сінімі пальцамі ва ўладзе». Па яго меркаванні, яны хочуць паставіць на ролю камандзіра «гаворачую галаву».

Дземідзенку ён закідае тое, што ён ніколі не ваяваў, што ён збіраў ахвяраванні на асабісты біткоін-кашалёк, а таксама што не сышоў, калі 84% байцоў прагаласавалі за гэта.

Арцёму Войнічу ён закідае, што той незразумела чым займаецца і таксама ніколі не ваяваў.

Абодвух ён папракае ў кумаўстве, у тым, што яны бяруць у штаб толькі лаяльных сабе людзей. У канцы відэа разважае, што гэты этап можа стаць як канцом ПКК, гэтак і новым яго росквітам.

Ян Рудзік

Ян Рудзік прыносіць прысягу. Скрын відэа Палка Каліноўскага

«Праўду кажучы, для беларускай дзвіжухі ПКК і так доўга пратрымаўся. Можа, яшчэ нешта распетляецца, але ж пакуль выглядае, што шанцаў мала», — напісаў Рудзік у сваім тэлеграм-канале.

Невядома дакладна, якой пазіцыі ён прытрымліваецца, бо іншых публічных каментароў ён не даваў.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары48

  • Ёсік
    24.07.2024
    Адразу трэба было назваць КПКК (камерцыйны полк Кастуся Каліноўскага). І тутака беларусы грызуцца. Не ганьбіце памяць загінулых.
  • Лол
    24.07.2024
    Развага, а вось і ботаферма прыбыла
  • Дзяр Жаба
    24.07.2024
    Афармленьне кантракту самая працяглая і складаная частка дзяржслужбы

Удзельніка «X-фактара» арыштавалі за палітыку — хутка будзе суд

Удзельніка «X-фактара» арыштавалі за палітыку — хутка будзе суд

Усе навіны →
Усе навіны

Расійскі карабель абстраляў сігнальнымі боепрыпасамі нямецкі верталёт у Балтыйскім моры

«Залезь назад у сваю скрынку». Cпецпрадстаўнік Трампа па Украіне паставіў на месца крамлёўскага мільярдэра Малафеева14

У Іране Нобелеўскую лаўрэатку адпусцілі з турмы на 21 дзень. Палітзняволеная адбывае велізарны тэрмін

Мінчанка спрабавала выкупіць у скуралупа свайго сабаку і перавяла аферыстам больш за 800 рублёў1

«Чалавек 500 мінімум стаіць». Мінчукі выстраіліся ў гіганцкую чаргу, каб бясплатна пакатацца на каньках10

Вайсковаму аналітыку Ягору Лебядку збіраюцца ўзмацніць пакаранне

Хлопец, якога абвінавачваюць у згвалтаванні і забойстве беларускі ў Варшаве, прызнаў віну часткова1

Рыбак зачапіў вудай ЛЭП і памёр ад удару токам. Удава запрасіла велізарную кампенсацыю і адсудзіла добрыя грошы2

Жонка кандыдата ў прэзідэнты Польшчы нарадзіла ў 17 гадоў1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Удзельніка «X-фактара» арыштавалі за палітыку — хутка будзе суд

Удзельніка «X-фактара» арыштавалі за палітыку — хутка будзе суд

Галоўнае
Усе навіны →