Грамадства1616

Два гады ў лагеры ўцекачоў. Вольга Нікалайчык нарэшце атрымала прытулак у Бельгіі

Грамадская актывістка Вольга Нікалайчык пражыла два гады ў лагеры ўцекачоў пад бельгійскім Антвэрпэнам і днямі нарэшце атрымала прытулак у гэтай краіне. Распыталі яе пра тое, як гэта было.

Рэжысёрку Вольгу Нікалайчык (часам яна прэзентавала сябе як Мікалайчык) на працягу 2010-х дзясяткі разоў прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у акцыях пратэсту. Фота: архіў суразмоўцы

Спачатку ў Бельгію выехаў пляменнік Вольгі, а потым і яна сама. Крыху пабылі ў знаёмых у Антвэрпэне, а потым праз брусэльскі прыёмны пункт падаліся ў лагер уцекачоў. Вольгу размеркавалі ў лагер пад Антвэрпэнам, яна пражыла там два гады і тры месяцы. 

Вольга расказвае, што выбрала Бельгію для пераезду, бо ў гэтай краіне абяцалі дапамагчы дагледзець яе сабак. Жанчына пакінула Беларусь з заплечнікам і дзвюма той-тэр’еркамі:

«Яны цяпер знаходзяцца ў адной вельмі добрай сям’і ў немаладых людзей, імі займаецца ўнук славутага бельгійскага скульптара. Гэтая сям’я дапамагае мне цяпер даглядаць сабачак, бо ў лагер з імі нельга, але я магу іх у любы час адведваць». 

Калі патрэбны прытулак у Бельгіі, варта звяртацца ў Чырвоны Крыж на тэрыторыі гэтай краіны ці ў Petit-Château — так называюць прыёмны пункт для ўцекачоў, што знаходзіцца ў Брусэлі. Прымаюць у Petit-Château а восьмай гадзіне раніцы. Прыехаў пазней — можна начаваць у намёце ля ўвахода, але, кажа Вольга, у Брусэлі шмат беларусаў, таму нашы людзі на вуліцы не начуюць.

Потым уцекачоў размяркоўваюць па лагерах — Вользе дастаўся лагер каля вёскі пад Антвэрпэнам. Жанчына кажа, што ён падобны да савецкага летніка з дамкамі і сталовай. Жывуць уцекачы ў пакойчыках на некалькі чалавек, дзе ёсць ложкі, шафы і стол. Месца ў пакоі няшмат, ды ў выпадку Вольгі там яшчэ трымаюць два скутары і два ровары — на вуліцы іх не пакінеш, бо скрадуць.

Калідор у адным з жылых будынкаў лагера ўцекачоў. Фота: архіў суразмоўцы

Людзі ў лагеры вельмі розныя, кажа беларуска: «Тут збольшага знаходзяцца мусульмане, ёсць і ўцекачы з СНД: узбекі, чачэнцы, малдаване, грузіны. Таксама ёсць сем’і з Палесціны, Афрыкі. Вельмі шмат маладых афганцаў, яны дзёрзкія і непаслухмяныя. Маладыя афрыканцы — цывілізаваныя, выхаваныя, з добрай англійскай мовай, любяць модна апранацца.

Жывём дружна, са мной у пакоі дзяўчаты 20—30 гадоў. Пакойчык наш лічыцца ўзорна-паказальным, бо канфліктаў у нас няма, мы паразумеліся з дзяўчатамі. Тут трэба мець мудрасць і цярпенне, каб не канфліктаваць, не ва ўсіх гэта ўдаецца. У нас і на рэцэпцыі шкло білі, і моладзь часта паміж сабой б’ецца, неяк раўнівы муж збіваў жонку».

Цягам першых чатырох месяцаў жыцця ў лагеры можна працаваць толькі на яго тэрыторыі. Вольга расказвае, што за гэта плоцяць мізэрныя заробкі — 10—15 еўра на дзень, затое можна зарабіць на кішэнныя выдаткі. Зрэшты, у лагеры не застанешся ў патрэбе: там ёсць добры сэканд-хэнд, дзе можна набыць вопратку, дадуць усё, што трэба для гігіены і для жыцця. 

Сама Вольга працавала ў першыя некалькі месяцаў жыцця ў лагеры, пакуль здароўе яшчэ дазваляла. Брала адразу некалькі зменаў, каб і сабе з пляменнікам зарабіць на жыццё, і іншым дапамагчы. Калі атрымліваеш дазвол працаваць па-за межамі лагера, можна ўладкавацца, напрыклад, у клінінг, і зарабляць пару тысяч еўра штомесяц. Так што нават тыя ўцекачы, каму адмаўляюць у прытулку, могуць пакінуць лагер з прыстойнай сумай грошаў.

Проста праз вялікую колькасць уцекачоў у Бельгіі рэдка выдаюць дакументы на прытулак, і ў лагеры Вольгі большасць людзей атрымліваюць паперы з адмовай. Тады яны мусяць пакінуць краіну або могуць падацца на прытулак яшчэ адзін раз.

Нікалайчык падавалася на прытулак толькі раз, бо не мела праблем з доказамі пераследу: у Беларусі яе чакае некалькі крыміналак.

Рашэння па сваёй справе Вольга чакала два гады. Кажа, гэта яшчэ не шмат:

«У мяне была польская віза, выданая ў Чарнагорыі, і таму я паўгода чакала рашэння бельгійскага ўрада — мяне адпраўляюць у Польшчу ці пакідаюць у Бельгіі. І потым я паўтара года чакала рашэння па сваім прытулку.

Тут глядзяць прычыну, чаму табе трэба даваць прытулак. Важна, каб была пагроза табе асабіста, твайму жыццю, тваёй волі і здароўю. У асноўным усім палітвязням даюць прытулак. А калі ты не даказаў, што пагроза ёсць, табе адмовяць, і беларусам часта адмаўляюць. Калі ў Расіі пачалася мабілізацыя, з Беларусі з’ехала шмат хлопцаў, якія баяліся, што будуць ваяваць на баку Пуціна. Кінулі бізнэсы, свае хаты і з’ехалі з сем’ямі. І вось ім цяжка атрымаць прытулак, бо няма доказаў небяспекі. Не ва ўсіх ёсць доказы, што яны ўдзельнічалі ў мірных пратэстах, многія знішчылі свае фоты».

Праз пяць гадоў жыцця ў Бельгіі можна падавацца на грамадзянства, для гэтага трэба вывучыць на базавым узроўні фламандскую мову. Але Вольга разглядае гэтую краіну як часовы прытулак — жанчына мае намер вярнуцца ў Беларусь, калі гэта стане магчыма.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары16

  • Тэкля
    23.07.2024
    Волечка! Дзякуй Богу, што пытанне з прытулкам вырашылася станоўча! Здароўя табе!!! Спадзяюся сустрэцца ў вольнай Беларусі
  • А я вам покажу адкуль перамены
    23.07.2024
    Наивная. Мечтает вернуться. А что сере 5 лет режим изменится? С какой стати? Коля на подходе
    И Путин не оставляем мечты на империю.
  • Флямандзкая мова
    23.07.2024
    Не пакідайце ж мовы флямандзкай, каб людзьмі звацца! Ў азюлях не туляцца

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы7

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы

Усе навіны →
Усе навіны

Папярэджанне пра пагаршэнне ўмоваў надвор'я на дарогах краіны1

Чэргі з легкавікоў на польскай мяжы зніклі

Расійская армія ажыццяўляе самае хуткае прасоўванне ва Украіне з 2022 года1

Улады хваляцца, што ў Беларусь па бязвізе прыехаў мільён еўрапейцаў. Няўжо праўда?5

Гендырэктара TikTok выклікалі ў Еўрапарламент пасля выбараў у Румыніі8

Рэстаўрацыі ў Беларусі засталося на тры дні. Галоўнаму прадпрыемству краіны фактычна падпісалі смяротны прысуд6

Як Лукашэнка кульгаў, выходзячы з самалёта ў Пакістане ВІДЭА13

Тэлевядучая Святлана Бароўская расказала пра новага мужа — загадкавага расійскага бізнэсмена14

У Беластоку выклікалі «на паядынак» і збілі да страты прытомнасці 16-гадовага беларуса5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы7

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы

Галоўнае
Усе навіны →