Хто такая Камала Харыс — кандыдатка ў прэзідэнты ЗША ад дэмакратаў замест Байдэна
Пасля выхаду Джо Байдэна з прэзідэнцкай гонкі ў ЗША погляды прыкаваныя да віцэ-прэзідэнткі Камалы Харыс, якую ён назваў сваёй пераемніцай. Камала ўжо заявіла пра свой удзел у гонцы. Расказваем яе гісторыю.
Камале Харыс 59 гадоў. Родам яна з горада Окланд у штаце Каліфорнія. Яе бацькі — Шамала Харыс, даследчыца раку родам з Індыі, і эканаміст Дональд Харыс родам з Ямайкі, піша The Washington Post. Камала мае адну сястру, Маю, якая цяпер стала юрысткай і таксама датычная да Дэмакратычнай партыі ЗША.
Бацькі Камалы былі грамадскімі актывістамі, таму яшчэ дзіцём яна была на мітынгах за грамадзянскія правы.
З часам яна і сама ўключылася ў актывізм. Напрыклад, у 1980-я, калі Харыс была студэнткай, яна ўдзельнічала ў дэманстрацыях супраць апартэіда, якія тады праходзілі ў ЗША.
Скончыўшы ўніверсітэт у 1989-м, Камала Харыс пайшла працаваць у пракуратуру, дзе спецыялізавалася на расследаванні спраў пра сэксуальны гвалт над дзецьмі.
У 2003-м яна выйграла ў барацьбе за пасаду пракурора акругі Сан-Францыска. Харыс стала першай жанчынай на гэтай пасадзе. Праз сем гадоў яе абралі генеральным пракурорам Каліфорніі.
На пасадзе пракурора Каліфорніі Харыс адмовілася падтрымаць законы аб адмене смяротнага пакарання. Таксама выступіла ў падтрымку закона, які рабіў прагулы правапарушэннем, за якое адказвалі бацькі. Прагулаў стала менш, але яе жорстка крытыкавалі за занадта строгія меры.
У 2013-м яна пазнаёмілася са сваім будучым мужам, адвакатам і мільянерам Дугам Эмхафам. Пара ажанілася праз год, пасля чаго Камала стала мачыхай двух дзяцей Дуга — Коўла і Элы.
У 2016-м Камала Харыс узяла новую вышыню — яе абралі ў Сенат ЗША. На фоне перамогі Трампа на выбарах прэзідэнта гэта стала значнай падзеяй для Дэмакратычнай партыі ЗША.
У 2019-м Харыс заявіла, што хоча балатавацца ў прэзідэнты ад Дэмакратычнай партыі ЗША. У перадвыбарчых дэбатах яна абрынулася на Джо Байдэна. Спачатку яе рэйтынг пачаў расці, але пасля Камала пачала казаць рэчы, пра якія эксперты казалі, што яны «не вытрымліваюць аніякай крытыкі». Рэйтынгі пачалі падаць.
У выніку 3 снежня 2019 года яна адмовілася ад удзелу ў кампаніі, а ў сакавіку 2020-га падтрымала Байдэна як кандыдата і актыўна ўключылася ў яго кампанію на вядучых ролях. Эксперты казалі, што яна «можа даць камандзе Байдэна неабходную энергію». А пасля абрання Байдэна прэзідэнтам Харыс стала віцэ-прэзідэнткай ЗША.
Харыс стала першай жанчынай увогуле і першым цёмнаскурым амерыканцам, які заняў пасаду віцэ-прэзідэнта. Прыходзілася ёй нялёгка: у падзеленым 50 на 50 паміж рэспубліканцамі і дэмакратамі парламенце ёй часта даводзілася аддаваць вырашальны голас. З розных прычын яна стала віцэ-прэзідэнткай з адным з найменшых рэйтынгаў ухвалення ў гісторыі ЗША.
Цяпер яна можа стаць першай жанчынай, якая стане прэзідэнтам ЗША. Менавіта яе Джо Байдэн прадставіў як сваю пераемніцу на выбарах у 2024-м.
«Я раблю ўсё, што магу, каб аб'яднаць Дэмакратычную партыю і нашу нацыю для перамогі над Дональдам Трампам. У нас засталося 107 дзён да выбараў. Разам мы будзем змагацца. І разам мы пераможам», — заявіла яна сёння, піша CBS.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары