Лаўроў: Расія не будзе спыняць вайну ва Украіне на час перамоваў аб міры
Міністр замежных спраў Расіі выступіў перад студэнтамі Акадэміі кіравання ў Мінску.
Расія не будзе спыняць ваенныя дзеянні ва Украіне на перыяд правядзення мірных перамоў. Пра гэта заявіў кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў, выступаючы ў Акадэміі кіравання ў Мінску, паведамляе ТАСС.
«Мы сказалі — мы будзем заўсёды гатовыя да мірных перамоў, але на перыяд перамоў мы не будзем спыняць спецыяльную ваенную аперацыю. Мы ўжо такі досвед мелі, нас падманвалі, як гэта было ў красавіку 2022 года», — адзначыў Лаўроў.
Паводле яго слоў, цяпер з'явілася новая прапанова аб перамовах, але рэаліі пастаянна мяняюцца.
«Тыя, хто мае нейкую разважлівасць, павінны прааналізаваць ланцужок сітуацый, калі кожная прапанова адпрэчвалася і сітуацыя для ўкраінскага рэжыму станавілася ўсё горшай і горшай», — мяркуе расійскі міністр.
Уладзімір Пуцін раней заявіў, што гатовы весці перамовы толькі на ўмовах поўнага вываду ўкраінскіх войскаў з анексаваных Расіяй абласцей. Ва Украіне такую прапанову назвалі абразлівай для міжнароднага права.
Каментары