З кожным днём у інтэрнэце з'яўляецца ўсё больш фатаграфій першых летніх грыбоў. У многіх абласцях Беларусі ўжо вёдрамі збіраюць лісічкі, чырвонагаловікі, апенькі і нават баравікі. Напрыклад, жыхарка Магілёўшчыны падзялілася ролікам у тыктоку, як знайшла цэлую палянку лісічак і ў выніку назбірала цэлае вядро, піша Telegraf.news.
«Такім чынам, сёння 4 чэрвеня, мы зноў прыехалі ў лес і вось ужо колькі назбіралі», — гаворыць у пачатку відэа дзяўчына і паказвае цэлае вядро аранжавых грыбоў.
Дакладныя каардынаты, па зразумелых прычынах, яна называць не стала, але вядома, што збіраліся грыбы ў Глускім раёне.
«Прыгажосць! 2 чэрвеня таксама быў у лесе, у Буда-Кашалёўскім раёне. Маленькіх лісічак — нямерана, збольшага набраў 2 вядры. Падбярозавікі амаль усе дрэнныя. А ў пачатку мая былі маслякі на тоўстай ножцы», — падзяліўся асабістым вопытам яшчэ адзін аматар збірання грыбоў.
Між тым у інтэрнэце ўжо пачалі прадаваць раннія чэрвеньскія грыбы. Напрыклад, у Гродне за 3-літровае вядро лісічак просяць 30 рублёў, а ў Смаргоні гатовыя аддаць 1 літр за 16 рублёў. На сталічным Камароўскім рынку 1 шклянку свежых лісічак вам прададуць за 10 рублёў.
Спецыялісты сцвярджаюць, што такія раннія знаходкі абумоўленыя сёлетнімі тэмпературнымі рэкордамі.
Каментары