«Ва ўсёй кампаніі з'явіўся моцны сверб». Пра што трэба памятаць, калі вырашыш купацца ў Нарачы
Хлопец з сябрамі паплаваў у Нарачы, а ў хуткім часе ўсе ў кампаніі адчулі моцны сверб.
Пра непрыемны выпадак на адным з самых знакамітых азёр Беларусі хлопец распавёў у тыктоку.
— Калі што, купаюся я ў Нарачы кожнае лета, і мяне ні разу не высыпала. Але ў гэты раз адразу ж пасля чарговага купання, нягледзячы на тое, што мы ўсе прынялі душ, ва ўсёй нашай кампаніі з'явіўся наймацнейшы сверб, — паведаміў у сваім роліку Улад Галён.
Хлопец дадаў, што сып з'явіўся толькі ў яго, але абышлося без тэмпературы. Яму «пашчасціла» атрымаць цэркарыёз. У народзе гэтую непрыемную хваробу называюць «сверб купальшчыкаў».
Выклікаюць яе цэркарыі — лічынкі паразітаў, якія трапляюць у ваду з калам вадаплаўных птушак. Трапіўшы ў цела чалавека, цэркарыі гінуць, аднак могуць выклікаць раздражненне скуры, алергію і моцны сверб, а таксама павышэнне тэмпературы цела да 38 °С і вышэй.
как я заразился церкариозом
Пра праблему цэркарыёзу ў Нарачанскім рэгіёне кажуць шмат гадоў. Як толькі вада праграваецца да 22-23 °С, рызыка заразіцца ўзрастае. Змагацца з праблемай спрабуюць рознымі спосабамі. Па-першае, шмат на якіх пляжах Нарачы былі ўсталяваны пластыкавыя платформы (менавіта з іх рэкамендуюць спускацца ў ваду). Па-другое, у раёне пляжаў працуе спецыяльная лодка-касілка па выдаленні зараснікаў трыснягу.
Каб знізіць рызыку падхапіць цэркарыёз, рэкамендуецца не плаваць доўга (у возеры лепш праводзіць не больш за 5-10 хвілін), не хадзіць па багавінні, пасля купання адразу прымаць душ, добра выцірацца ручніком і пераадзяваць мокрае адзенне. І, канешне ж, ні ў якім разе не падкормліваць вадаплаўных птушак, бо яны з'яўляюцца разносчыкамі цэркарыяў.
Каментары