Павел Лібер: Беларусы і беларускі стварылі сусветны прэцэдэнт анлайн-выбараў
Кіраўнік каманды распрацоўнікаў праграмы для галасавання Павел Лібер ацаніў вынікі выбараў у Каардынацыйную раду з тэхнічнага боку. Ён піша, што яго камандзе за 1,5 года ўдалося стварыць унікальны прадукт і сусветны прэцэдэнт.
Паводле Лібера, тэхнічнай камандзе ўдалося правесці нацыянальныя выбары з удзелам людзей з розных кропак свету, ды яшчэ з міжнародным назіраннем і паўнавартасным аўдытам. Пры прамым супрацьдзеянні беларускага рэжыму.
«Яшчэ раз для тых, хто не зразумеў — беларусы і беларускі стварылі сусветны прэцэдэнт анлайн-выбараў з выкарыстаннем самых перадавых сусветных падыходаў — гэта разумеюць назіральнікі, партнёры, аўдытары, якія ў захапленні ад таго, што мы зрабілі. Гэтага часта не разумеем мы самі, што мы — аху… цудоўныя!
Гэта быў унікальны вопыт, таму што не кожны дзень ты сутыкаешся з такімі задачамі, складанымі працэсамі, якія таксама не фармалізаваны, кучай абмежаванняў па магчымасцях з-за бяспекі і велізарным ціскам ад усіх», — піша Лібер.
Ён дадае, што ў кампаніі былі аўдытары — «сурʼёзная незалежная міжнародная кампанія», а таксама падзякаваў за дапамогу кіберпартызанам.
«Што атрымалася — мы нармальна перажавалі DDOS атаку, хоць і запусціліся крыху пазней, мы досыць стабільна прапрацавалі, паспяхова завяршылі галасаванне, усе транзакцыі ў блокчейне. Атрымалі шмат захопленых водгукаў ад сусветных партнёраў», — піша ён.
«Мы зрабілі ўнікальны прадукт, мы стварылі сусветны прэцэдэнт, і я ўдзячны ўсім, хто змог паўдзельнічаць. Расказвайце гэтую гісторыю ў камʼюніці — гэта яшчэ адна цудоўная нагода нагадаць усім, што беларусы і беларускі ўнікальныя, і пакуль усё трындзяць, мы — робім!» — дадае ён.
Каментары