Кіно

У чым феномен рэжысёра Ланцімаса, які здымае дзіўныя фільмы? Паглядзелі яго новае кіно з Эмай Стоўн і Уільямам Дэфо

Калі яшчэ 10 гадоў таму пра творчасць Ёргаса Ланцімаса ведалі толькі аматары артхаўса, то цяпер рэдкі глядач не чуў пра знакамітага грэка. Яго новы фільм «Віды дабрыні» (Kinds of Kindness) паказалі на Канскім кінафестывалі.

Кадр з фільма «Віды дабрыні». Фота: афіцыйны сайт Канскага кінафестывалю

За ролю ў гэтым кіно Джэсі Племанс атрымаў «Залатую пальмавую галінку» як найлепшы акцёр.

Раней кінакарціна Ёргаса Ланцімаса «Небаракі» атрымала два «Залатыя глобусы», «Залатога льва» Венецыянскага кінафестывалю і стала фаварытам на мінулым «Оскары», дзе сабрала 11 намінацый і перамагла ў чатырох, адна з якіх была за найлепшую жаночую ролю.

Новы фільм адыходзіць ад эстэтыкі касцюміраваных жанравых «Фаварыткі» і «Небаракаў» і вяртаецца да вытокаў: да ранніх фільмаў рэжысёра, такіх як «Ікол», «Забойства святога аленя».

Расказваем, у чым асаблівасці кінамовы Ланцімаса, чаму яго дзіўнае кіно так цікава глядзець, а галоўныя акцёры атрымліваюць прэміі і прызнанне.

Ёргас Ланцімас. Фота: афіцыйны сайт Канскага кінафестывалю

Абсурднасць сюжэтаў і дыялогаў

Сюжэты і дыялогі ў фільмах Ланцімаса абсалютна абсурдысцкія. Рэжысёр стварае свае фільмы на спалучэнні выдуманай рэальнасці са сваімі ўласнымі правіламі. У іх ёсць доля сацыяльнага эксперыменту, даследавання асобы і ўчынкаў людзей, пастаўленых у пэўныя ўмовы. Ён быццам задаецца пытаннем: «А што было б, калі…?» Калі «быць адзінокім» прыраўноўвалася б да злачынства і існаваў гатэль, у якім за 45 дзён трэба сустрэць свайго партнёра ці партнёрку, інакш цябе ператвораць у жывёлу. Калі б існавала асаблівая трупа акцёраў, якія замянялі б людзям іх памерлых сяброў і сваякоў, каб аблегчыць пакуты і паскорыць працэс прыняцця.

У сваім новым фільме кінематаграфіст задаецца гэтым пытаннем тройчы: фільм уяўляе своеасаблівы трыпціх і складаецца з самастойных навэл, кожная з якіх доўжыцца каля гадзіны. Іх увасабляе на экране адзін і той жа каст акцёраў, у які ўвайшлі фаварытка рэжысёра Эма Стоўн, Уільям Дэфо і Маргарэт Куолі, якія працавалі з Ланцімасам над фільмам «Небаракі», Джэсі Племанс і зорка «Эйфарыі» Хантэр Шэфер.

Кадр з фільма «Віды дабрыні». Фота: афіцыйны сайт Канскага кінафестывалю

У першай навэле аўтары мадэлююць сітуацыю — начальнік (Уільям Дэфо) цалкам рэжысуе жыццё свайго падначаленага (Джэсі Племанса), і той робіць усё, што яму скажуць: ад таго, які напой піць, да таго, каго браць у жонкі. І вось пытанне: а што будзе, калі аднойчы яму загадаюць адабраць чалавечае жыццё? Як ён сябе будзе паводзіць, калі пазбавіцца заступніцтва свайго боса?

Другая навэла пра паліцыянта (Джэсі Племанса), чыя каханая жонка (Эма Стоўн) знікла без вестак падчас марской экспедыцыі. Але калі яна цудам вяртаецца, героя не адпускае адчуванне, што нешта не так: быццам яго жонку падмянілі.

Трэцяя навэла расказвае пра персанажаў у выкананні Племанса і Стоўн, якія для сваёй дзіўнай камуны фанатычна шукаюць дзяўчыну, здольную ўваскрашаць мёртвых.

Сцэнар «Відаў дабрыні» Ланцімас напісаў у суаўтарстве з грэцкім сцэнарыстам Эфтымісам Філіпу. Удвох яны працавалі над фільмамі «Ікол», «Альпы», «Лобстар», «Забойства святога аленя».

Гіпербалізацыя і сацыяльная сатыра

У «Лобстары» рэжысёр будуе ўсё вакол розных тыпаў паводзін і прэсінгу, а таксама кодаў, нормаў і правілаў, якія могуць быць нам знаёмыя і зразумелыя, аднак у фільме ён гіпербалізуе іх, з-за чаго атрымліваецца сацыяльная сатыра.

У «Відах дабрыні» адбываецца нешта падобнае. Аўтар павялічвае ўладу і ўплыў адных людзей на іншых. І такім чынам даследуе кантроль з розных бакоў: над уласным быццём, над жыццём іншых людзей, адчуванне кантролю з боку кагосьці, спробы набыць кантроль. На выхадзе маем выказванне пра аб'юзіўныя адносіны, свабоду волі, апантанасць і культ грошаў, улады і рэлігіі. Усё гэта з элементамі розных жанраў адначасова: камедыі, драмы і хорару.

Кадр з фільма «Лобстар». Фота: афіцыйны сайт Канскага кінафестывалю

Перфоманс

У фільмах Ёргаса Ланцімаса выразна прасочваецца тэатральны бэкграўнд рэжысёра. У перыяд навучання ў афінскай кінашколе ён здымаў кароткаметражнае кіно, а апроч гэтага рэкламу, музычныя кліпы і відэаролікі для музычных тэатральных труп. Затым ён паставіў чатыры тэатральныя спектаклі. Гэта тлумачыць тое, што фільмы кінематаграфіста ў некаторай ступені напоўнены перфомансам. 

Персанажы фільмаў рэжысёра быццам выконваюць механічныя дзеянні, у чым прасочваецца наўмысная тэатральнасць таго, што адбываецца на экране. І ўсё гэта заўсёды ў рознай ступені няёмка, трагічна і смешна.

Амаль ні адзін фільм рэжысёра не абыходзіцца без танца. Складана забыць феерычны танец Бэлы Бакстэр з «Небаракаў». А энергічныя рухі гераіні Эмы Стоўн пад шведскую рэперку ​​COBRAH завірусіліся ў інтэрнэце адразу ж пасля выхаду цізера новага фільма. Акрамя гэтага ў «Іколе» дочкі танчылі на гадавіну вяселля бацькоў, у «Лобстары» можна назіраць бязгучную дыскатэку пасярод лесу, а ў «Фаварытцы» апроч балю Эбігейл (Эма Стоўн) кружылася ў танцы з Ганнай Сцюарт (Алівія Колман).

Кадр з фільма «Небаракі»

Каманда

Ланцімас часта аддае перавагу працаваць з аднымі і тымі ж сцэнарыстамі, аператарамі, кампазітарамі ды акцёрамі. Ці то рэч у адмысловым даверы і спрацаванасці паміж сабой, ці то ў цікавасці ствараць розныя ўнікальныя кінакарціны з аднымі і тымі ж «складнікамі».

Грэцкі пастаноўшчык дае акцёрам шмат прасторы для творчай імправізацыі, пры гэтым працуе з імі такім чынам, што яны нават у рамках аднаго фільма ўмудраюцца пераўвасобіцца. Яскравы таму прыклад Бэла Бакстэр у бліскучым выкананні Эмы Стоўн. Джэсі Племансу ў «Відах дабрыні» атрымоўваецца ўвасобіць тры кантрасныя амплуа: разгубленага залежнага ад боса офіснага клерка, зацыкленага на змове і падмене паліцыянта, упарта ідучага да мэты фанатыка.

Племанс прызнаўся, што пры падрыхтоўцы да сваіх трох роляў, спрабаваў паглядзець некалькі фільмаў для натхнення, але не змог знайсці хоць нешта, што было б падобна на той свет, які стварае Ланцімас у «Відах дабрыні». Таму ім з рэжысёрам давялося ствараць усё з нуля.

Ёргас Ланцімас не хавае, што некаторы час сачыў за кар'ерай Джэсі Племанса і ён быў тым акцёрам, з якім рэжысёру хацелася папрацаваць. І вось мы ў кропцы, калі іх першая сумесная праца прынесла акцёру «Залатую пальмавую галінку».

Кадр з фільма «Віды дабрыні». Фота: афіцыйны сайт Канскага кінафестывалю

У цэнтры апавядання група людзей

Аб'ектамі цікавасці рэжысёра становяцца групы людзей, паколькі ён даследуе розныя соцыумы: сям'я ў «Ікле» і «Забойстве святога аленя», трупа акцёраў «Альпы», жыхары каралеўскага палаца.

Часцей за ўсё героі яго фільмаў жывуць у камернай, закрытай прасторы: дом, як гэтакая турма, санаторый з парадкамі дыктатарскай дзяржавы або каралеўскі палац. Пры гэтым фільмы рэжысёра геаграфічна не прывязаныя да нейкага месца. Мяркуецца, што нешта падобнае можа адбыцца дзе заўгодна.

Кадр з фільма «Ікол». Фота: афіцыйны сайт Канскага кінафестывалю

Ва ўсіх трох навэлах «Відаў дабрыні» дзеянне разгортваецца таксама вакол пэўных груп людзей: калегі, сям'я, культ. Нягледзячы на ​​большую разнастайнасць лакацый у новай стужцы, усё ж прастора адчуваецца замкнёнай. Напрыклад, у першай навэле статычная камера дадае адчуванне клаўстрафобіі, герою Племанса сапраўды няма куды падацца, ён знаходзіцца быццам у пастцы.

Жорсткасць і няёмкасць

Ланцімас заўсёды трымаецца на дыстанцыі са сваімі героямі і часцей за ўсё зусім не спачувае ім. Яго фільмы нясуць злосніцкія вайбы і ствараюць уражанне, што аўтар да ўсяго ставіцца як вучоны падчас правядзення досведаў: з выключна навуковай цікавасцю. Таксама ён не цураецца паказваць гвалт і яго наступствы.

Чуллівым і грэблівым гледачам варта быць напагатове, бо ў стужцы «Віды дабрыні» якраз дабрыні зусім няшмат: рэжысёр у фарбах паказвае адразанне пальца і іншых частак цела, канібалізм, а таксама шлюбнае згвалтаванне. Аднак, калі вы вытрымаеце гэтую жорсткасць, то ўзнагародай стануць амаль тры гадзіны правакацыйнага сатырыстычнага атракцыёну з чорным гумарам.

І ўсё ж будзьце гатовыя: ад шмат чаго ў кінакарцінах Ланцімаса становіцца некамфортна. Гэта датычыцца і сцэн сэксу, без якіх складана ўявіць фільмы грэцкага кінематаграфіста.

Яму ўласціва паказваць нязграбны, несэксуальны сэкс. Ад таго, што адбываецца на экране, становіцца няёмка. Героі рэдка цалуюцца ў вусны. А ўсё дзейства выглядае зноў-такі дастаткова тэатральна.

Творчыя сродкі

Ланцімас па-майстэрску ўмее ствараць атмасферу ў сваіх фільмах, як за кошт візуалу, так і з дапамогай музыкі.

У «Відах дабрыні» рэжысёр разам з аператарам Робі Раянам адыходзяць ад выкарыстання звышшырокавугольнага аб'ектыва з павялічанай дысторсіяй, вядомага як фішай, якім запомніліся іх сумесныя працы «Фаварытка» і «Небаракі». Але, як і ў двух папярэдніх фільмах, каляровы малюнак перамяжоўваецца з чорна-белым, які абазначае сны або ўспаміны.

Дысгарманічныя акорды на фартэпіяна і спевы хору, якія нагнятаюць абстаноўку і наводзяць жаху ды трывогі — заслуга кампазітара Джэрскіна Фендрыкса, ён жа ствараў саўндтрэк да «Небаракаў». Перыядычна фартэпіянныя акорды змяняе класіка поп-музыкі: тут вам і хіты Eurythmics, і Роні Джэймса Дзіа.

У астатнім, у ДНК фільма закладзены хірургічныя мізансцэны, шмат буйных планаў, робатападобная гульня актораў, трэвеллінгі ў спалучэнні са статычнымі кадрамі. Усё гэта працуе на тое, што ты на працягу значнага хронаметражу фільма сядзіш у здранцвенні і напрузе, нават не спрабуючы прадбачыць, што адбудзецца далей.

Кадр з фільма «Ікол». Крыніца: афіцыйны сайт Канскага кінафестывалю

Ніякіх тлумачэнняў

У рэжысёра няма звычкі тлумачыць нешта ў сваім кіно ці даваць кантэкст. І, магчыма, якраз у разнастайнасці трактовак і ўспрыманняў прычына таго, што гэтае кіно шмат каму адклікаецца. 

Напрыклад, у фільме «Ікол» бацькі выхоўваюць сваіх дзяцей, ізаляваўшы іх ад знешняга свету і падмяняючы ім паняцці: «зомбі» азначае «жоўтую кветку», «клавіятура» — «вагіна», а котка — небяспечны звер. І кожны гэты сюжэт можа інтэрпрэтаваць па-свойму. Можна ўспрыняць яго як гісторыю, калі бацькі так баяцца сталення дзяцей і таго, што яны пакінуць бацькоўскі дом, што з-за свайго страху прыходзяць да такога ладу жыцця. Дасведчаны ў гісторыі глядач (у мінулым стагоддзі Грэцыя сем гадоў правяла ў міжнароднай ізаляцыі пад уладай ваеннай хунты) можа звязаць фільм з дыктатарскімі рэжымамі. 

Як гэта адбываецца з творчасцю: калі аўтар выпускае яе ў свет, то яна больш не належыць яму і можа знаходзіць мноства інтэрпрэтацый, — і ў гэтым яе сіла.

Ужо ў ліпені Ёргас Ланцімас плануе пачаць здымкі новага фільма «Бугонія» («Bugonia»). Вядома, з Эмай Стоўн. Таксама ў новую стужку перакачуе сёлетні трыумфатар Канскага кінафестывалю Джэсі Племанс. І хто ведае, каму дастанецца наступная статуэтка «Оскар» за найлепшую мужчынскую ролю…

Каментары

«Зашмат у вас дзяцей». Як жыве сям'я з сямю дзецьмі, якой давялося выехаць з Беларусі3

«Зашмат у вас дзяцей». Як жыве сям'я з сямю дзецьмі, якой давялося выехаць з Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Азаронак расказаў, як у пачатку вайны прысутнічаў на закрытай нарадзе Рады бяспекі16

Без імёнаў і надмагілляў. Жыхары латвійскага памежжа паказваюць, як хаваюць мігрантаў, якія спрабавалі трапіць з Беларусі6

Аўтарку лозунга «Стоп таракан» адразу асудзілі завочна, а потым вызвалілі па амністыі4

«Гэта бомба!» Пад Лідай жанчына знайшла зайздросную паляну баравікоў1

У Літве на мяжы з Беларуссю пачынаюцца вучэнні НАТА

У Берліне адкрылі самыя высокія арэлі Еўропы ВІДЭА

У Бабруйску жанчына загінула проста на сваёй кухні

Раман Пратасевіч назваў памер свайго заробку як зваршчыка26

Віталь Гуркоў скончыў спартыўную кар'еру19

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Зашмат у вас дзяцей». Як жыве сям'я з сямю дзецьмі, якой давялося выехаць з Беларусі3

«Зашмат у вас дзяцей». Як жыве сям'я з сямю дзецьмі, якой давялося выехаць з Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →