«Правялі дзве аперацыі». Што з 11-гадовай дзяўчынкай, якая выпала з атракцыёна ў Лідзе
Сталі вядомыя падрабязнасці стану 11-гадовай дзяўчынкі з Ліды, якая выпала з атракцыёна. Па словах дактароў, дзіця ўсё яшчэ знаходзіцца ў рэанімацыі, але стан удалося стабілізаваць, і хутка дзяўчынку перавядуць у звычайнае аддзяленне, піша Onliner.by.
На працягу першых сутак пасля інцыдэнту, калі дактарам Лідскай бальніцы ўдалося стабілізаваць стан дзіцяці, за ёй быў адпраўлены рэанімабіль з педыятрычнай рэанімацыйна-кансультатыўнай брыгадай. На ім медыкі даставілі дзяўчынку ў Гродна, дзе ўжо дактары абласной клінічнай бальніцы правялі некалькі аперацый і працягнулі лячэнне.
Стан юнай пацыенткі пракаментаваў галоўны доктар Гродзенскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аляксандр Козіч:
— Мы дадаткова выканалі ўсе неабходныя высокатэхналагічныя абследаванні і кансультацыі спецыялістаў. Па сведчаннях пацыентцы правялі дзве траўматалагічныя аперацыі. Цяпер яна знаходзіцца ў рэанімацыі, але найбліжэйшым часам будзе пераведзеная ў траўматалагічнае аддзяленне. Стан дзіцяці стабільны, ацэньваецца як сярэдняй ступені цяжкасці. Яна даступная да кантакту ў поўным аб'ёме.
***
У мінулую нядзелю 11-гадовая лідчанка выпала з атракцыёна Hammer. Інцыдэнт адбыўся адразу пасля запуску экстрэмальнай устаноўкі, а сам атракцыён належаў перасоўнаму лунапарку, які прыехаў у Ліду некалькі тыдняў таму. Дзяўчынка са шматлікімі спалучанымі траўмамі была дастаўлена ў рэанімацыю.
Траўмы аказаліся настолькі складанымі, што ў Ліду з Гродна былі тэрмінова выкліканыя анестэзіёлаг-рэаніматолаг, траўматолаг і афтальмолаг, а з Мінска для правядзення кансультацыі быў прыцягнуты сківічна-тваравы хірург рэспубліканскага ўзроўню. У абставінах здарэння разбіраецца Следчы камітэт.
Каментары