Мова1111

«Ніколі не разумела, дзе заканчваецца ўкраінская мова і пачынаецца беларуская». Журналістка расказала пра свой шлях да беларускасці

Журналістка BGmedia Марыя Маляўка пасля шматлікіх размоў з беларускамоўнымі героямі вырашыла падзяліцца ўласнай гісторыяй шляху да свядомай беларускамоўнасці. Марыя нарадзілася ва Украіне і ўкраінскую мову таксама можа называць роднай. Дзве мовы, як і дзве ідэнтычнасці, дужа цікава суіснуюць і дапаўняюць адна адну.

Марыя Маляўка на малой радзіме бацькоў у Беларусі. Фота з асабістага архіва

Прашыўка

— Мае бацькі родам з беларускага заходняга Палесся, але нарадзілася я ў Кіеве. Ведаць з дзяцінства і ўкраінскую, і беларускую мову было такім натуральным, што я нават не ўсведамляла гэты факт. 

Памятаю, як у старэйшай школе (на той момант ужо ў Беларусі) моцна здзівілася, што іншая дзяўчынка не можа прачытаць фразу па-ўкраінску. А гадоў у 25 ці пазней са здзіўленнем усвядоміла, што людзі не гавораць беларуску не толькі таму, што псіхалагічна цяжка ці не хапае слоўнікавага запасу, а яшчэ і таму, што проста не ведаюць мову, дрэнна разумеюць яе.

Дзякуючы актыўнай нацыянальнай пазіцыі таты ў доме былі і беларускія, і ўкраінскія кніжкі. Абедзве мовы гучалі па радыё, у музыцы на касетах. Сястра, калі яшчэ не ўмела чытаць, ведала на памяць цэлую кніжку ўкраінскіх вершыкаў і нават памятала, на якой старонцы які надрукаваны. Адкрывала кніжку — і шпарыла па памяці тое, што там напісана, нібыта чытала.

Героямі дзяцінства былі хутчэй Касцюшкавы паўстанцы і ўкраінскія хлопцы з лесу, а не савецкія партызаны.

Веданне трох моў на слых

Гістарычная радзіма бацькоў знаходзіцца на паўночным краі Палесся, то-бок там ужо гаворка не настолькі ўкраінізаваная, як пад Берасцем. Але ўсё роўна досыць адрозная ад літаратурнай беларускай. У ёй прысутнічаюць некаторыя ўкраінскія словаформы, напрыклад, дзеясловы будучага часу: рабіціму, шукаціму. Асобныя словы гучаць зусім дзіўна: напрыклад, кажуць не «два яйкі», а «дзве яйцэ». Не «воблака», а «обэлок», не «добра», а «харашэ». Гукі «о» і «э» могуць быць ненаціскнымі. Калі мая бабуля чула літаратурную беларускую мову па тэлевізары, яна смяялася: «Якая ж то беларуская?!» 

Марыя Маляўка
Марыя Маляўка. Фота з асабістага архіва

З самага ранняга ўзросту мама вазіла нас на лета з Украіны ў Беларусь, у вёску. Нейкі час сям’я жыла ў Кобрыне, дзе суседзі размаўлялі па-ўкраінску — то-бок на мясцовай гаворцы. Для мяне яна гучала як украінская. Моўная разнастайнасць падтрымлівалася натуральным чынам. 

Расейская таксама прысутнічала паўсюль, але для мяне асабіста стала ў першую чаргу мовай чытання перакладных кніжак. У 90-я іншых перакладаў амаль не было. То бок па-расейску я спазнавала дужа ўплывовую для мяне брытанскую літаратуру. Гэта накладае пэўны адбітак: колькі б не было навокал нацыянальнага, расейскую ўспрымаеш як нешта элітнае.

Расейскую літаратуру як прадмет у школе, дзякуючы сваёй прашыўцы, ціха ненавідзела. Лавіла пах шавінізму за вярсту. Прычым часам самі творы па-мастацку падабаліся, але калі потым у падручніку дапісвалі, як іх трэба «адзіна правільна» разумець, — тут вочы закочваліся пад столь.

Пра выкладанне беларускай мовы і літаратуры ўражанняў не засталося: усё было сярэднестатыстычна блякла. Памятаю, што ўзахлёб чытала творы Караткевіча: на фоне іншага гэта было моцна, палка і, як мне здавалася, эратычна. Трэба дадаць, што пашанцавала з шостага класа вучыцца ў беларускамоўнай школе.

З пераскокваннем з мовы на мову асаблівых праблем не было: дзіцём была ўпэўненая, што чытаць і па-беларуску, і па-расейску, і па-ўкраінску лёгка, трэба толькі разабрацца з «і», «ы», «е», «є» і так далей. То-бок гэта было веданне трох моў на слых плюс разуменне некалькіх версій памежных паляшуцкіх дыялектаў. Толькі з узростам стала разумець, як мне з гэтым пашанцавала.

300 беларускіх слоў у хвіліну

Ва ўніверсітэце мовай камунікацыі была расейская. Адзін выкладчык выявіўся адэптам «великой русской культуры» і моцна зрэзаў бал пасля выказанага мной меркавання, што для беларусаў нармальна мець сваю версію расейскай, як для амерыканцаў — сваю версію ангельскай. 

Недзе на апошніх курсах мэтанакіравана знайшла беларускамоўную тусоўку і стала хоць перыядычна размаўляць на беларускай мове. Не магу сказаць, пры ўсёй папярэдняй практыцы, што давалася само сабой. Не хапала слоўнікавага запасу, адчувала сябе скавана.

Найлепшая пракачка адбылася, калі з’явілася беларускамоўная сяброўка з такой жа хуткасцю маўлення, як і ў мяне. То-бок як з кулямёта. З ёй мы размаўлялі пра ўсё, пра што размаўляюць дзяўчаты. І гэта стала абсалютна натуральным, асабістым. 

Найбольш каларытны выпадак быў, калі мы з ёй ішлі па Менску раніцай 1 студзеня 2015 года. Мода на беларускае, на цішоткі і арнаменты тады яшчэ не дужа разгарэлася. Марозны ранак, на вуліцы поўная цішыня. Каля нейкага пасольства стаіць хлопец-міліцыянт на варце. І тут мы такія ідзём — абсалютна цвярозыя, чэшам на чысцюткай беларускай звонка на ўсю вуліцу пра нейкую лухту, пра нейкія шмоткі з хуткасцю 300 слоў у хвіліну. У хлопца, мабыць, быў поўны культурны шок. 

Прыйшла да высновы, што каб размаўляць на нейкай мове сапраўды вольна, патрэбна не толькі веданне, але і эмацыйная сувязь. Найлепшы выпадак — гэта калі ў вас ёсць настолькі важны беларускамоўны чалавек, што вы і ў думках з ім будзеце размаўляць па-беларуску.

Як на перапісе забыліся пра білінгваў

Усвядоміць сваю шматмоўнасць мяне змусіў толькі перапіс насельніцтва ў 2019 годзе. Там было пытанне, якое загнала ў глыбокі ступар: «Ваша родная мова» — і ў дужках паясненне: «мова, на якой вы першай пачалі размаўляць», прыблізна так. Спачатку абурыла маніпулятыўнасць фармулёўкі: нібыта наўмысна зроблена так, каб паболей людзей назвала расейскую. Пры тым, што беларусы не заўсёды вызначаюць родную мову як першую вывучаную. Украінцы таксама. Бо кантэкст трошкі іншы. 

Потым ступар стаў яшчэ глыбейшым. А якая родная? Беларуская? Расейская? Украінская? Дыялект? Як цяпер разабраць, якія словы з якой мовы я вывучыла першымі? 

Мне стала ясна, што ні беларускую, ні ўкраінскую я ніколі не вучыла як замежную. А іншым людзям даводзіцца вучыць. Вымаўленне трэніраваць, уязджаць у кантэкст ужывання слоў і гэтак далей.

А яшчэ стала ясна, што дзяржаўныя перапісчыкі насельніцтва дапусцілі прымітыўную памылку: не ўлічылі існаванне білінгваў. Пры тым, што білінгвізм — дастаткова ўласцівая для Беларусі з’ява. Таму адказаць адэкватна згодна заяўленай фармулёўцы было аніяк немагчыма. Назвала роднай беларускую. 

«Падабаецца прэзентаваць украінцам сваю беларускасць» 

Пачатак поўнамаштабнай вайны ва Украіне стаў для многіх беларусаў нагодай для актыўнай пракачкі беларускай мовы, а для мяне — украінскай. Беларуская ўжо была пракачаная да ўзроўню стварэння мастацкага тэксту. Украінскай карысталася эпізадычна. 

Большасць маіх украінскіх сяброў на той момант было з усходу Украіну, частка з Данбасу. Яны актыўна карысталіся расейскай мовай. Пасля расейскага ўварвання сталі пераходзіць на ўкраінскую. У маёй стужцы фэйсбука стала рэзка болей украінскага кантэнту. Хутка запаміналіся новыя словы. Або ўзгадваліся з дзяцінства. Як і калісьці з беларускай, я знайшла цікавых украінамоўных суразмоўцаў, і дзякуючы ім за некалькі месяцаў актывізавала ў сябе ўкраінскую ў якасці яшчэ адной працоўнай мовы. 

У нядоўгія перыяды жыцця ва Украіне яшчэ да поўнамаштабнай вайны заўважала, што беларуская і ўкраінская ў мяне страшэнна блытаюцца між сабой. Аж да таго, што вынаходзяцца новыя словы, якіх нібыта няма, але яны гучаць натуральна. Прычым расейская ў гэты тандэм не лезе — дзесьці стаіць убаку.

Цалкам раздзяліць іх нават не спадзяюся — усё роўна я ніколі не разумела, дзе заканчваецца ўкраінская мова і пачынаецца беларуская. І наадварот. Для чалавека з Палесся гэта не дзіўна. Тут і тэрытарыяльна немагчыма зразумець, дзе заканчваецца Беларусь і пачынаецца Украіна. 

Жывучы ў Беларусі, я любіла размаўляць па-ўкраінску, спяваць украінскія песні, распавядаць жарты. Цяпер, калі ў маім коле шмат украінцаў, мне падабаецца прэзентаваць сваю беларускасць. З негатыўным стаўленнем не сутыкаюся. Часам назіраю вялікую цікавасць да беларускай мовы. 

Я лічу сябе 100%-й беларускай і 100%-й украінкай. Ува мне таксама няма мяжы, якая б раздзяляла беларускасць і ўкраінскасць. Маё паняцце радзімы распаўсюджваецца на дзве краіны. 

Каментары11

  • Юра
    06.05.2024
    У нас були (є?) родичі у Мінську (2-юрідний брат мами). Давно було,ми з ними зустрілися в Одесі у у батьків цього маминого брата,він був з дочками. Мене тоді дуже здивувало,що коли я говорив з мамою українською,його дочки зі здивуванням питали батька: почему он  говоріт по- беларусскі....
  • Пан літвін
    06.05.2024
    [Рэд. выдалена]
  • Чел
    06.05.2024
    Ну, положим в Кобрине па беларуску никто никогда и не разговаривал. А ему 700 лет как стукнуло. Беларуский учили в школе дополнительно как немецкий или английский. В реальности на районе в деревнях все на суржике разговаривают. Ну и насильственная русификация конечно присутствовала. Беларускоязычные  там редкие залётные птицы были. Типа Позняка. Он в Пинске полешукам вдувал, что их язык - это испорченный беларуский. Полешуки его за это сразу "полюбили" и "стали разделять взгляды БНФ".

Былы афіцэр, выжыў у страшным баі. Хто той каліновец Верамейчык, якога В’етнам аддаў беларускаму КДБ?32

Былы афіцэр, выжыў у страшным баі. Хто той каліновец Верамейчык, якога В’етнам аддаў беларускаму КДБ?

Усе навіны →
Усе навіны

Памілавалі яшчэ 32 палітвязняў9

Комік Нарышкін расказаў, як яму забаранілі ўезд у Літву2

«Нас, лічы, выкралі!» Хлопец з дзяўчынай не выйшлі з аўтобуса на канчатковым прыпынку, і кіроўца звёз іх2

Капітанам кітайскага судна, якое падазраюць у пашкоджанні кабеляў на дне Балтыйскага мора, аказаўся грамадзянін Расіі5

У Мінску людзі ўначы выстройваюцца ў чэргі, каб купіць рэдкія манеты

Расійскі самалёт скінуў бомбу на школу ў Белгарадскай вобласці4

МУС паказала трэніроўку разгону мітынгаў ФОТЫ13

Арыштаваны дом Цапкалаў у Мінску не прадалі на аўкцыёне — не знайшлося ахвотных1

Wyborcza паведамляе пра вобшук у Агнешкі Рамашэўскай — сама яна гэта адмаўляе6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Былы афіцэр, выжыў у страшным баі. Хто той каліновец Верамейчык, якога В’етнам аддаў беларускаму КДБ?32

Былы афіцэр, выжыў у страшным баі. Хто той каліновец Верамейчык, якога В’етнам аддаў беларускаму КДБ?

Галоўнае
Усе навіны →