У Берасці на таргі выставілі рынак «Варшаўскі». Аб'ява з'явілася на сайце Беларускай універсальнай таварнай біржы, паведамляе telegraf.news.
Рынак плошчай 3,77 га размешчаны ў паўднёва-заходняй частцы горада. Комплекс прадаюць разам з усімі будынкамі, у ліку якіх будынак адміністрацыі з камерай захоўвання і стаянкай, 18 гандлёвых блокаў, агароджа, туалет, брамкі, кантэйнерная пляцоўка, шыльда «Варшаўскі рынак», лаўкі і іншыя пабудовы.
На рынку праведзеныя камунікацыі, у павільёнах усталяваная сістэма пажарапаведамлення, паркоўка прадугледжвае выезд на Варшаўскую шашу.
На рынку арандаваныя 21 гандлёвае месца і шэсць месцаў для аўтамабіляў. Унітарнае прадпрыемства «Брэсцкі рынак» паставіла стартавую цану за комплекс у 3,831 млн рублёў — гэта 1,182 млн даляраў.
Заяўкі прымаюць да 15.00 8 траўня, таргі прызначаныя на 16 траўня. Пераможца зможа скарыстацца растэрміноўкай: 35% сумы (з улікам унесенага задатку) трэба будзе заплаціць на працягу 30 працоўных дзён, а астатняе — унесці роўнымі часткамі цягам паўгода.
Каментары