Спорт77

«Звер з Усходу». Як беларус Мікола стаў у Швецыі рэслерам Дзмітрыем

Мікола Лапкоўскі ў свой час дасягнуў добрых вынікаў у амерыканскім футболе — у складзе гродзенскай каманды «Варвары» ён быў прызнаны найлепшым рэсіверам. Цяпер ён — рэслер Дзмітрый, «Звер з Усходу», які ў такім амплуа робіць шухер на рынгу ў Швецыі.

Мы пагутарылі з хлопцам пра тое, чаму ён прамяняў амерыканскі футбол на рэслінг і з чаго складаюцца яго будні ў Стакгольме.

Мікола Лапкоўскі, ён жа Дзмітрый, «Звер з Усходу». Тут і далей — фота з сацыяльных сетак героя.

«Здаровы сэнс прымусіў сысці з футбольнага шляху»

Мікола згадвае, што ў свой час прыйшоў у амерыканскі футбол, будучы ў пошуках сябе.

«Ва ўніверы я ўсё яшчэ не ведаў, кім хачу быць (хлопец вучыўся на кафедры журналістыкі ў Гродзенскім універсітэце імя Я. Купалы. — НН). Таму проста ішоў туды, дзе мне падабалася. Хадзіў нават у тэатральную студыю. Займаўся рукапашным вельмі доўга, а недзе ў 21 год прыйшоў у каманду Hrodna Barbarians».

Праз некаторы час жонка Міколы Леся Руднік выйграла стыпендыю на магістратуру па паліталогіі ў Стакгольмскім універсітэце. Трэба было вырашаць: ці жыць на адлегласці, ці спрабаваць ехаць з ёй.

«Спачатку я прыехаў у Стакгольм пажыць, зразумець, спадабаецца мне там ці не, чым я буду там займацца. Вядома, я не змог бы ўладкавацца там нікуды са сваім дыпломам журналіста. Свой першы ДНЖ з правам працы атрымаў на падставе ўз’яднання з жонкай, але яшчэ доўга мучыўся з падатковым нумарам, каб пачаць працаваць».

Мікола з жонкай Лесяй.

Першы час Мікола працаваў на будоўлі — займаўся дэмантажом будынкаў. Потым разгружаў каробкі, насіў рэчы падчас пераездаў. Паралельна вучыў шведскую на курсах і спрабаваў працягнуць спартовую кар’еру — у выніку ён-такі стаў першым беларусам у шведскім амерыканскім футболе.

«Амаль адразу я трапіў на трэніроўкі мясцовай каманды Stockholm Mean Machines. Але не гуляў з імі, толькі трэніраваўся. Рэч у тым, што для неграмадзяніна ЕС усе ліцэнзіі, страхоўкі там у разы даражэйшыя, сума каля шасці тысяч еўра за іх была непад’ёмная для мяне на тым этапе. Мне патрабавалася каманда, здольная ўзяць на сябе такія расходы. У SMM мне такую опцыю не далі. А вось іншая каманда Djurgården (Юргордэн) прапанавала пераход да іх з усімі аплатамі — я, канечне ж, пагадзіўся і адразу пачаў гуляць. Адгуляў з імі тры сезоны».

Хлопец кажа, што, магчыма, працягнуў бы гуляць, але колькасць траўмаў давала пра сябе ведаць.

«Я паралельна пачаў вучыцца на барбера, з’явіліся першыя кліенты. Мне гэта вельмі зайшло. А ў мяне выбітыя ўсе пальцы ад мяча: усе складваюцца ў зваротны бок (дэманструе). Плюс калені, праблемы са звязкамі, сухажыллямі, траўмы спіны і галавы, канечне. Я баяўся, калі так будзе працягвацца, аднойчы я не змагу стрыгчы, як раней.

Здаровы сэнс прымусіў сысці з футбольнага шляху, але я дагэтуль сумую, сачу за матчамі. У нас ёсць нядзельная традыцыя з жонкай — глядзець NFL разам. Нам абаім падабаецца гэты спорт».

Цікава, што Леся першапачаткова не цікавілася футболам, але потым трапіла на адну з гульняў з удзелам Міколы. Гэта быў матч «Варвары» — «Паганцы», хлопец занёс вырашальны тачдаўн секундаў за 40 да канца матча. Дзяўчыне так зайшла тамтэйшая атмасфера, што яна сама захацела паспрабаваць свае сілы ў футболе.

«Леся таксама займалася ў Стакгольме амерыканскім футболам. Па шэрагу прычын не стала гуляць сезон, але трэніровачны лагер у яе быў паўнавартасны, з усімі вынікаючымі наступствамі, уключаючы траўмы».

Мікола і яго кот Гамлет.

«Пагаджаўся на ўсе ўдары супернікаў — хачу, каб яны выглядалі моцнымі»

З рэслінгам у Міколы склалася, можна сказаць, выпадкова.

«Вярнуўшыся пасля працы на будоўлі і тады яшчэ з футбольнай трэніроўкі, я лёг, скроліў ютуб, а ён вырашыў парэкамендаваць мне хайлайты Джона Сіны. Я паглядзеў яго выступ, здзівіўся, што рэслінг яшчэ існуе, і пачаў ацэньваць яго па-новаму. Пагугліў, каб даведацца, ці ёсць нешта па тэме ў Стакгольме, ці маюць яны свае шоу. Прыйшоў туды як глядач, мне спадабалася. Потым ужо падпісаўся на іх старонку ў фэйсбуку, там у нейкі з дзён убачыў пост што ў іх будзе праводзіцца трайаўт — маўляў, прыходзьце сябе паспрабаваць. І я такі: «Канечне, я буду там!». Праблем на пачатковым этапе не ўзнікла, і я працягнуў трэніравацца. На той момант я быў адначасова і ў футболе, і ў рэслінгу. Прыходзілася прапускаць трэніроўкі то тут, то там. Я зразумеў, што трэба вызначацца, і выбраў рэслінг».

Здавалася б, і на рынгу можна атрымаць траўму, але Мікола кажа, што там яны больш кантраляваныя, чым на полі.

«Мы прыкладна разумеем, што можа адбыцца ў той ці іншы момант. Плюс ты можаш адмовіцца ад нейкага ўдару. Я пакуль што ні ад чаго не адмаўляўся ў сваёй кар’еры — пагаджаўся на прапановы супернікаў, таму што хачу, каб яны выглядалі моцнымі, як і плануюць. Пакуль у мяне не было сур’ёзных траўмаў у тым ліку таму, што мае апаненты былі суперпрафесіяналамі і стараліся не ставіць мяне ў сітуацыі, дзе я магу траўмавацца.

Яшчэ адна перавага рэслінга — у цябе будзе час на паўнавартаснае аднаўленне. У футболе ж ты будзеш граць праз траўму, праз боль. І толькі ў канцы сезона зможаш заняцца лячэннем — усё, каб не падвесці каманду».

«На вуліцы адгукаюся на Дзіму»

Для рэслінга Міколе прыйшлося абраць сабе новае імя — яго альтэр-эга.

«Я з Усходняй Еўропы, і добра было мець гімік (сцэнічны вобраз рэслера. — НН), які б неяк прадстаўляў гэтую частку. Такі персанаж, які можа хадзіць мацюкамі лаяцца па-руску — гэта ўсё адклікаецца ў публікі і працуе. Мне спачатку прапанавалі Івана, але гэта адразу было не. На Дзмітрыя я пагадзіўся, бо так зваць майго тату».

«Звер з Усходу» ж прычапіўся да хлопца яшчэ падчас футбольнага шведскага перыяду.

Хлопец падкрэслівае: калі рэслер выходзіць на публіку, яго гімік, персанаж — усё, што з ім застаецца, таму ў гэтым павінна быць вельмі камфортна. У яго выпадку персанаж не ўступае ў канфрантацыю з яго ўнутраным светам.

«Ëн мяне як бы дапаўняе: я магу быць яшчэ і такім», — цяпер на вуліцы Мікола нават можа адгукнуцца на Дзіму, настолькі гэта стала яго другім «Я».

«Мы выкарыстоўваем бойку як мову, каб расказаць гісторыю»

Рэслінг сёння — гэта больш пра шоу, чым пра спорт. Існуе нават жарт пра гэта: «Пастановачныя бойкі ў ніжняй бялізне».

«Гэта нібыта ты глядзіш кіно, дзе ёсць каскадзёры, экшн-сцэны. Мы выкарыстоўваем бойку як мову дзеля таго, каб расказаць гісторыю. Паказваем персанажаў, іх матывацыю, гісторыю, унутраныя канфлікты паміж гульцамі. Гэта серыял, які ніколі не заканчваецца. Калі ж камусьці хочацца глядзець прам сапраўдныя бойкі, то вам у свет ММА», — каментуе Мікола.

Хлопец з’яўляецца часткай незалежнага прамоўшана Svensk Wrestling, у які ўваходзяць непасрэдна выступоўцы, а таксама крэатыўная група, прамоўтары, букеры. У сярэднім Мікола мае два шоу на месяц, трэніроўкі па рэслінгу — пару разоў у тыдзень. Для яго гэта магчымасць пераключыцца з іншых побытавых праблем, пажыць іншым жыццём хаця б нейкі час.

«Ëсць рэслеры, якія існуюць толькі за кошт выступаў, але гэта вельмі складаны шлях. Перш, чым ты трапіш у WWE, табе прыйдзецца аб’ездзіць вельмі шмат індзі-прамоўшанаў па ўсім свеце. Гэта асаблівы стыль жыцця — пастаянна на валізцы. Складаны выбар, які не факт што прывядзе да поспеху. Я люблю мець свабодны час, бавіць яго з жонкай, таму пакідаю рэслінг у межах хобі (хаця яно крыху пачало манетызавацца).

Асноўная ж мая крыніца даходаў у Стакгольме — праца барберам у салоне.

Я люблю гэтую справу, вучуся новаму штодзень (дарэчы, мужчынская стрыжка ў Стакгольме ў сярэднім каштуе каля 40 даляраў. — НН)».

Мікалай — другі справа.Сярод моцных у рэслінгу краін суразмоўца называе ЗША, Мексіку, Японію і Вялікабрытанію — на яго погляд, гэта краіны-мастадонты, кожная са сваім адметным стылем.

Падчас навядзення парадку на галаве кліентаў, размова часта заходзіць пра Беларусь. Мікола адзначае, што шведы шчыра цікавяцца тым, што адбываецца ў нашай краіне:

«Беларускі парадак дня гучаў тут у першы месяц пасля выбараў-2020. Ён прам гарэў. Цяпер у СМІ інфармацыі пра Беларусь не сустрэць. Таму кожны раз, калі заходзіць гаворка, адкуль я, мне потым задаюць вельмі шмат пытанняў, і я стараюся даносіць усе дэталі».

Для самога Міколы, хоць ён і «звер з Усходу», важна падкрэсліваць, што ён усё ж — беларус. На яго экіпіроўцы можна заўважыць арнамент і зубра.

«Калі нехта не ў тэме, то, можа, падумае, што я — расеец. Мне ў прынцыпе зручна, каб мяне не любілі, каб пастаянна негатыўныя эмоцыі ўзнікалі ў публікі. Самая дрэнная эмоцыя — калі ўсім пофігу. Але апошнім часам перад маім выхадам на рынг спецыяльна падкрэсліваюць, што я — беларус».

Каментары7

  • Вадзім
    12.04.2024
    П, чым кепская праца клоўнам?
  • Дарадца здаровага сэнсу
    12.04.2024
    Франакам-Краўцовым вялікі прыклад: і падцягнуты, і здольны на гадзіннік сабе зарабіць, і жонка прыгожая, і языком не ляпае куды ні попадзь. Хай бы папрасілі сваю сяброўку Лесю - можа, узяў бы ейны муж на ператрымку гэтых небаракаў.
  • ПЗД
    12.04.2024
    П, клоун сидит в Дроздах, а это Беларус, а Вы оцените себя для чего и почему.

СК назваў імёны тых, хто скінуў выбухоўку на базу АМАПа ў Мінску ў 2021 годзе5

СК назваў імёны тых, хто скінуў выбухоўку на базу АМАПа ў Мінску ў 2021 годзе

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп прапанаваў тэлевядоўцу пасаду міністра абароны 5

«Гэта не заробак, гэта бонус». Некаторым беларусам падабаецца атрымліваць частку зарплаты прадуктамі2

«Яна не ў турме, а на спецдачы КДБ!» Канспіролагі накінуліся на Калеснікаву65

«Як людзі на такое вядуцца? Ды вельмі проста». Расповеды беларусаў, якія працавалі тэлефоннымі ашуканцамі12

Алексіевіч пра маршы пратэсту: Цяпер было б больш жорстка, была б кроў. А тады мы думалі, што гэта свята24

Трамп абвясціў імя свайго дарадцы па нацбяспецы11

Атрад беларускіх добраахвотнікаў «Тэрор» заявіў пра самароспуск9

У Абхазіі пасля пратэстаў і перакрыцця мастоў адпусцілі з-пад варты апазіцыянераў

Слюнькін: Адным толькі вызваленнем палітвязняў Лукашэнка Трампа не зацікавіць3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

СК назваў імёны тых, хто скінуў выбухоўку на базу АМАПа ў Мінску ў 2021 годзе5

СК назваў імёны тых, хто скінуў выбухоўку на базу АМАПа ў Мінску ў 2021 годзе

Галоўнае
Усе навіны →