На сёлетнім «Славянскім базары» пакажуць беларускамоўнага «Гамлета». Але ставіць будзе расеец
На «Славянскім базары» тэатралы змогуць пабачыць «Гамлета», які прагучыць на беларускай мове. Пра гэта на прэс-канферэнцыі паведаміў генеральны дырэктар Цэнтра культуры «Віцебск», дырэктар Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» Глеб Лапіцкі, піша БелТА.
Паказ «Гамлета» на беларускай мове пройдзе падчас «Славянскага базара» ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа.
Згодна з афішай, спектакль адбудзецца 10 ліпеня, а рэжысёрам яго стане расеец Аляксандр Бармак. Тэкст Шэкспіра на «Славянскім базары» прагучыць у класічным беларускім перакладзе Юркі Гаўрука, першая рэдакцыя якога з'явілася яшчэ ў 1935 годзе.
Акрамя таго, на сцэне драмтэатра пакажуць і яшчэ адзін спектакль На беларускай мове — «А зоры тут ціхія…» у пастаноўцы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.
«Славянскі базар у Віцебску» пройдзе сёлета з 11 па 14 ліпеня.
Каментары