Індыя, якую Мінск лічыць адной з дружалюбных краін, адмовілася ад беларускіх калійных угнаенняў, прамяняўшы іх на расійскую прадукцыю. Гэта вынікае са звестак індыйскай статыстыкі па замежным гандлі за мінулы год, піша «Люстэрка».
Летась Індыя імпартавала 3,287 млн тон калійных угнаенняў на агульную суму больш за 1,3 млрд даляраў. У той жа час гэтая краіна не набывала беларускія калійныя ўгнаенні, вынікае з замежнагандлёвай статыстыкі Індыі.
Для параўнання: годам раней Індыя імпартавала з нашай краіны 383,6 тысячы тон калійных угнаенняў (на 61,35% менш, чым у 2021-м) на суму 168,5 млн даляраў.
Лідарам паставак гэтай прадукцыі ў Індыю стала Канада, якая зарабіла на такім гандлі амаль 479 млн даляраў. На другім месцы Расія, адкуль індыйскія кампаніі імпартавалі калійных угнаенняў на 346,62 млн даляраў. Прытым што ў 2022 годзе ў гэтай краіны Індыя наогул не набывала такую прадукцыю.
З угнаенняў Індыя за ўвесь мінулы год купіла ў нашай краіны толькі 72 тоны змяшанай прадукцыі на суму менш за 51 тысячу долараў.
У снежні мінулага года пасол у Індыі Андрэй Ржавускі паведамляў, што Беларусь спрабуе разблакаваць пастаўкі калійных угнаенняў у гэтую краіну.
Каментары