Усяго патроху33

«У нас былі $3000, гультаяватыя рабочыя і шмат энтузіязму». Беларус будуе гатэль у кратары вулкана ў Інданезіі

На інданезійскім востраве Суматра беларус па імені Аляксей збіраецца адкрыць свой невялікі гатэль проста ў кратары вулкана. «Анлайнер» расказаў, як ён дайшоў да такога жыцця.

Аляксею 42 гады, і ён качэўнік з самага дзяцінства: нарадзіўся ў Мінску, потым ездзіў ад бабулі да дзядулі па вёсках Гомельскай і Віцебскай вобласці, а школьную пару правёў у Смаргоні. У сталіцу, як і любы хлопец з правінцыі, вярнуўся пасля паступлення ва ўніверсітэт. А канкрэтна — на юрфак.

«Будучы студэнтам, я па праграме абмену з'ехаў на год у Ірландыю. Працаваў у невялікім сямейным гатэлі на беразе акіяна: дапамагаў на кухні, мыў посуд, быў бармэнам у пабе. Гэта была першая замежная паездка, якая перавярнула мой светапогляд. А яшчэ прынесла першыя сур'ёзныя грошы», — успамінае суразмоўца.

Вярнуўшыся ў Беларусь, хлопец вырашыў: прафесія юрыста яго больш не прыцягвае. Таму давучваўся ён «дзеля корачкі», а паралельна працаваў гандлёвым прадстаўніком у розных кампаніях, якія пастаўлялі ў краіну прадукты харчавання, элітны алкаголь, шакалад, каву… Кар'ерны рост быў імклівы, у нейкі момант Аляксею стала цесна, і ён махнуў у Маскву.

«Мяне запрасілі на праект па развіцці сеткі кава-машын Jacobs. Шматмільённыя інвестыцыі, камандзіроўкі па Расіі і Еўропе, службовая машына, заробак у 5000-7000 даляраў… Здавалася б, пра што яшчэ марыць?

Але ў Маскве я моцна выгараў. Адчуваў сябе як сапсаваны смартфон: быццам спрабуеш яго зарадзіць, а ён функцыянуе ўсё горш і горш. Упершыню з'явілася адчуванне, што свет крыху шырэйшы і цікавейшы, чым бясконцыя табліцы Excel, фінансавыя справаздачы, электронныя лісты і кар'ера ў офісе.

Тады я ўсё кінуў і на год пакаціў у Індыю. Потым адкрыў для сябе і іншыя краіны Паўднёва-Усходняй Азіі: Тайланд, Сінгапур, Філіпіны, Інданезію. Перыядычна былыя партнёры запрашалі на нейкую праектную працу, я вяртаўся на некалькі месяцаў, а потым зноў падарожнічаў… Але ўсё роўна злавіў стомленасць, выгаранне і дэпрэсію. Усё стала шэрым і бессэнсоўным. Не тое што выходзіць на вуліцу — жыць не хацелася».

Тады хлопец успомніў пра Беларусь. Тут ён цэлы год аднаўляў свой маральны стан: падарожнічаў па краіне, будаваў лазню, займаўся творчасцю і нават пачаў практыкаваць масажы, якім вучыўся ў замежжы. Гэта якраз быў кавідны перыяд. Затым, калі былі знятыя абмежаванні на паездкі, Аляксей адправіўся ў Інданезію, дзе знаходзіцца да гэтага часу.

Выбар патрапіў на востраў Суматра — мужчына называе яго «сваім раем на зямлі».

«Тут размяшчаецца возера Тоба — проста ў кратары спячага супервулкана. Апошняе вывяржэнне было каля 70 000 гадоў таму. Кажуць, тады яно знішчыла амаль усё жывое на планеце. На Суматры наогул каля 35 вулканаў (12 з іх — актыўныя), якія і ствараюць незвычайны рэльеф».

Аляксею асабліва падабаецца мясцовы клімат — ён чымсьці нагадвае беларускае лета, якое ніколі не канчаецца. Экватар праходзіць проста па Суматры, так што самая разнастайная садавіна (ад трывіяльных ананасаў да дурыянаў з мангасцінамі) растуць тут круглы год.

«На востраве жыве шмат народнасцяў, у тым ліку плямёны батакаў. Раней яны былі паганцамі і яшчэ гадоў з 70-80 таму праводзілі рытуалы з паяданнем чалавечыны. Потым іх навярнулі ў хрысціянскую веру, але некаторыя свае традыцыі яны захавалі.

Батакі да гэтага часу жывуць кланамі, і кожны член сям'і, колькасць якой можа дасягаць сотні чалавек, ведае ўсіх сваіх прапрапраайцоў. У іх нават нейкія схемы роду дома вісяць. Памерлых сваякоў хаваюць у склепе, які можа стаяць проста на іх зямельным участку. Цела ляжыць там 7-10 гадоў, пакуль ад яго не застануцца адныя толькі косткі. Пасля гэтага праходзіць цырымонія, калі косткі абмываюць і хаваюць ўжо ў зямлі».

Батакі будуюць для сябе вельмі своеасаблівыя хаты, якія чымсьці нагадваюць касмічныя караблі, толькі з дрэва. Іх узводзяць на палях, прычым у канструкцыі не выкарыстоўваюцца цвікі — толькі драўляныя кліны і вяроўкі з пальмавых валокнаў. Падобныя «тэхналогіі» дазваляюць будынку вытрымаць сур'ёзную сейсмічную актыўнасць рэгіёну і не быць разбураным.

«Я даўно марыў пра сваю базу — так бы мовіць, пра лецішча, але ў нейкай экзатычнай лакацыі, куды можна прыехаць адпачыць аднаму або з сябрамі. Яшчэ да пандэміі купіў традыцыйны батацкі дамок. Ён быў стары, так што абышоўся ўсяго ў 2000 даляраў. Для параўнання — пабудаваць новы пацягне на 20 000 даляраў. Усё з-за дэфіцыту кваліфікаваных спецыялістаў, а таксама высокага кошту рэдкіх гатункаў дрэва, якія выкарыстоўваюцца ў працэсе».

З-за таго што Аляксей доўга не мог дабрацца да Інданезіі, ягонае лецішча знішчылі тэрміты.

«Калі ў хаце ніхто не жыве, у ёй вельмі хутка заводзяцца казуркі: мошкі, прусакі… і паволі яе ядуць. Палічыўшы, у якую суму абыдзецца аднаўленне, я вырашыў кінуць гэты дом. Аднак ідэя абзавесціся нерухомасцю засталася».

Наступная магчымасць падвярнулася не так даўно. Беларус выкупіў у кітайскіх інвестараў яшчэ тры традыцыйныя хаткі на беразе возера. У іх ён плануе калі-небудзь зрабіць рэтрыт-цэнтр.

«Весці афіцыйны бізнэс у Інданезіі вельмі складана. Мінімальная сума інвестыцый, з якімі можна адкрыць афіцыйны бізнэс і атрымаць ДНЖ, зафіксаваная ўрадам на ўзроўні ў 700 000 даляраў. Пару гадоў таму гэтая сума была ў 10 разоў меншая. Вядома, за грошы можна вырашыць і гэтае пытанне: Інданезія — даволі карумпаваная краіна, сітуацыя тут чымсьці нагадвае нашыя 90-я: лёгкі сыход ад выплаты ўсіх падаткаў, адсутнасць строгага валютнага кантролю… Але я пайшоў іншым шляхам: знайшоў мясцовага, з якім мы разам рэалізуем праект па рэстаўрацыі гэстхаўса».

Для тых, хто не ведае: гэстхаўс — гэта прыватны дом, які гаспадары здаюць у арэнду турыстам.

«Гэты комплекс з пяці будынкаў належыць сям'і майго партнёра. Гадоў з 10 таму ён быў вельмі папулярны сярод еўрапейскіх турыстаў. Затым «затух» з-за няўмелага менеджменту, а потым і кавіда. Мы арандавалі гэстхаус на пяць гадоў за 3500 даляраў — гэта не вельмі вялікая сума. Ён быў у жудасным стане: працякаў дах, бруд, згнілыя драты, якія звісаюць са столі, прапаленыя прасціны…

На Суматры ў людзей няма паняцця пра чысціню і ўжо тым больш пра нармальны сэрвіс. Тут у гатэльных нумарах могуць стаяць толькі ложак і пластыкавае крэсла — ні пра якія шафкі, тумбачкі і ўжо тым больш дэкоры гаворкі няма. У ваннай вісіць разбітае люстэрка, у ўнітаза адколаты кавалак бачка. І інданезійцаў гэта ніколькі не бянтэжыць».

Аляксей вырашыў: пара прышчапіць мясцовым пачуццё прыгожага. А заадно стварыць для турыстаў камфортныя і прыемныя ўмовы, да якіх яны прывыклі ў іншых краінах.

«Я шмат падарожнічаў, так што некаторая нагледжанасць у мяне маецца. Стараюся зрабіць у хатках хоць бы мінімальнае дызайнерскае афармленне, заганяцца над функцыянальнасцю. А то ў гатэлях бывае такое, што разетка ўсталяваная дзесьці пасярэдзіне сцяны».

Рэканструкцыя комплексу пачалася яшчэ ў кастрычніку. Будаўнічую галіну ў краіне толкам ніхто не рэгулюе: не патрэбныя ніякія праекты, узгадненні з уладамі… Аднак з праблемамі сутыкнуцца ўсё адно прыйшлося. Па-першае, не так проста знайсці неабходныя матэрыялы. А па-другое, даволі складана наняць адказных і ўжо тым больш кваліфікаваных спецыялістаў.

«Сярод інданезійцаў ёсць вельмі гультаяватыя і безадказныя людзі. Яны губляюць інструменты, крадуць матэрыялы, могуць проста знікнуць не папярэдзіўшы. Я змяніў ужо некалькі брыгад, але заўсёды адбываецца адно і тое ж. Калі іх просіш перарабіць нейкія «касякі» (а будуюць яны часам не вельмі акуратна), людзі моцна крыўдзяцца. У іх культурным кодзе закладзена, што мужчына ў сям'і — кароль. А тут нейкі чужынец спрабуе імі кіраваць».

Цалкам скончыць рамонт беларус плануе ў сакавіку. Спадзяецца, што не выйдзе за рамкі бюджэту: на ўсё пра ўсё ў яго 3000 даляраў.

«У адным з будынкаў мы арганізуем хостэл — у гэтым рэгіёне такога фармату жылля больш няма. Ложкамесца буду здаваць за 5 даляраў у суткі. Зняць звычайны пакой можна будзе за 10-15 даляраў, арэнда цэлага дома будзе каштаваць у раёне 20 даляраў».

Паралельна з будоўляй Аляксей арганізуе на востраве індывідуальныя мотатуры. Дзякуючы гэтаму хобі ён часта апынаецца ў аддаленых лакацыях, дзе яшчэ не ступала нага турыста.

«У некаторых вёсках людзі, бачачы мяне, хаваліся ў сваіх хацінах, а дзеці плакалі. Або называлі Ісусам Хрыстом, таму што ніколі не сустракалі беласкурага чалавека са светлымі вачыма».

У падобных экзатычных кутках мужчына сустрэўся з не менш экзатычнымі звычаямі. Напрыклад, людзі на Суматры не супраць папалуднаваць супам з кобры, кажаном, тыгровым дзікім катом ці нават сабакам. Вядома, гэта звязана не толькі з традыцыямі, але і з узроўнем дабрабыту: не ўсе могуць дазволіць сабе прадукты з крамы. А жывёліну можна і ў джунглях злавіць за проста так. Там жа можна сабраць якую-небудзь садавіну — вось і ўся вячэра.

Ну а тыя, хто багацейшыя, закупляюцца кілаграмамі рысу (1 кг каштуе даляр), да якога дадаюць любога роду начынне — ад мяса і рыбы да лісця тапіёкі і звычайнага часнаку з цыбуляй. Ну і, вядома, перац чылі — без яго аніяк.

«Сума ў 100-150 даляраў лічыцца тут добрым заробкам, які дазваляе пракарміць сям'ю з некалькіх чалавек. Так, людзі жывуць бедна, але я б не назваў тое, што бачу, абуральнай галечай. На вуліцах рэдка сустрэнеш бяздомных або жабракоў, усе вакол апранутыя і абутыя, дзеці ходзяць у школы… Раней далёка не ўсе бацькі маглі даць дзіцяці адукацыю (хоць яна і бясплатная) — проста таму, што ў іх не было сродкаў на падручнікі, форму… Цяпер з гэтым праблем няма. Хоць і асаблівай раскошы на востраве я не назіраю».

Цікава і тое, што ў інданезійцаў, са слоў суразмоўцы, няма пенсій. Дакладней, яны ёсць толькі ў дзяржаўных службоўцаў. Астатнія імкнуцца працаваць да позняй старасці: хтосьці нешта вырошчвае, хтосьці прадае, хтосьці адкрывае маленькую кавярню або крамку проста ў сябе дома. Балазе, дробны бізнэс тут наогул не абкладаецца падаткамі.

«Бясплатнай медыцыны таксама няма — патрэбная страхоўка. Без яе давядзецца аддаваць за лячэнне сур'ёзныя грошы. Але нават гэта не гарантыя таго, што вы атрымаеце адэкватную дапамогу.

Знаёмы абразаў какосы і выпадкова зачапіў металічнай палкай лінію электраперадач. Яго шандарахнула токам, страціў прытомнасць, абгарэў. Ён прыехаў у бальніцу, дзе яму проста выпісалі антыбіётыкі і адправілі дадому. І гэта за буйную суму грошай!

Таму многія аддаюць перавагу, што называецца, народнай медыцыне. Нядаўна мой сусед зламаў нагу, дык замест лекараў ён пайшоў да шамана, які і ўправіў яму костку».

Нягледзячы на нізкі ўзровень дастатку, на Суматры, як запэўнівае Аляксей, даволі бяспечна.

«Я нават дзверы не зачыняю, калі выходжу з хаты. У вёсках усе і так ведаюць адзін аднаго, а калі бачаць чужынца, пільна за ім сочаць. Вось на Балі крадзеж паўсюль: у кагосьці вырывалі з рук мабільныя тэлефоны, сумкі, абчышчалі вілы… Тут жа ўсё спакойна».

Каментары3

  • супервулкан
    27.02.2024
    [Рэд. выдалена]
  • Максим Дизайнер
    28.02.2024
    Хоть тушкой, хоть чучелом!
  • суперв
    28.02.2024
    [Рэд. выдалена] , вы здекуецеся?)) ужо нават проста "цікава. дзякуй" нельга напісаць?

«Лукашэнка першым адчуе катастрофу Пуціна» — Святлана Алексіевіч у вялікай гутарцы ТОК10

«Лукашэнка першым адчуе катастрофу Пуціна» — Святлана Алексіевіч у вялікай гутарцы ТОК

Усе навіны →
Усе навіны

У Пінску пабывалі Круты і «Марафон адзінства»2

Тры гарады Беларусі першымі пяройдуць на электробусы4

Па загадзе беларуса ў расійскіх школах выраблялі шапачкі з фольгі для абароны ад НАТА8

Лукашэнка спадзяецца перазапусціць адносіны з Захадам пры Трампе. Вось што напісаў пра яго блізкі паплечнік Трампа14

Максім з Латвіі пераехаў у Беларусь. Цяпер расказвае, як добра, калі частку заробку выдаюць прадуктамі33

Перамогу Трампа ў Пенсільваніі забяспечылі амішы. Хто гэтыя незвычайныя людзі?35

Блогера Спірына не вызвалілі пасля сканчэння чатырохгадовага тэрміну4

Пара мяняць летнюю гуму. Колькі гэта каштуе цяпер?1

Памятаеце банду, якая ў балаклавах рабавала на трасах фуры? Вынік суда шакуе8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Лукашэнка першым адчуе катастрофу Пуціна» — Святлана Алексіевіч у вялікай гутарцы ТОК10

«Лукашэнка першым адчуе катастрофу Пуціна» — Святлана Алексіевіч у вялікай гутарцы ТОК

Галоўнае
Усе навіны →