У Скідзелі пад Гроднам у аб'ектыў беларускіх паляўнічых трапілі незвычайныя птушкі. Іх фатаграфіі з'явіліся ў адным з тэматычных чатаў. Спецыялісты вызначылі, што гэта гусі, але не звыклыя ў нашых шыротах, а нільскія, піша Telegraf.news.
Ад іншых сваіх суродзічаў гэтую птушку адрознівае характэрная іржава-карычневая афарбоўка і цёмна-карычневае кольца на шыі, а таксама прыкметныя цёмна-карычневыя плямы вакол вачэй, якія робяць вельмі выразным позірк птушкі.
У натуральным асяроддзі гэты від жыве ў Афрыцы на поўдзень ад Сахары і ў даліне Ніла ў Егіпце, а ў многіх краінах Еўропы і Азіі часта выкарыстоўваецца ў якасці дэкаратыўнай паркавай птушкі. Пабачыць такога гуся ў Беларусі — вялікая ўдача і рэдкасць.
Паводле інфармацыі партала «Фаўна Беларусі. Пазваночныя», нільскага гуся ўпершыню зафіксавалі ў Беларусі ў пачатку 2020 года. Тады дзве асобіны заўважылі ў ваколіцах вёскі Макараўцы Бераставіцкага раёна.
Пазней арнітолагі па фатаграфіях вызначылі дакладны від птушкі і ўключылі яго ў спіс птушак Беларусі, аднёсшы да катэгорыі С. Сюды ўключаюць інтрадукаваных ці збеглых з няволі птушак, якія стварылі незалежную гнездавую папуляцыю, але размнажацца на тэрыторыі самой краіны яшчэ не сталі.
Каментары
Зразумела, што ўзімку прасцей у парках застацца, ад мінакоў харчаваньне атрымаць ды і цяплей у горадзе.