Грамадства22

Непаўналетнім стварыў «экстрэмісцкае фармаванне» і з’ехаў за мяжу. Гісторыя магілёўскага баяніста

17-гадовага Дзмітрыя Сіліна з Магілёва затрымалі ў канцы снежня 2022 года на занятках у музычным каледжы. ГУБАЗіКаўцы зарэгістравалі яго ў чат-боце плана «Перамога» і зрабілі падазраваным у «стварэнні экстрэмісцкага фармавання». Дзмітрый правёў Новы год у ізалятары, але 1 студзеня яго адпусцілі. Пасля чарговага выкліку на допыт у СК хлопец не стаў чакаць затрымання і з’ехаў з Беларусі.

Фота: spring96.org

Дзмітрый распавёў «Вясне», як адміністрацыя каледжа зарабляе на студэнтах, пра прымусовыя падпіскі на прапагандысцкую газету, як ГУБАЗіК прымусіў яго прысядаць 250 разоў і пагражаў расправаю, а таксама як у каледж паступіў загад аб яго адлічэнні.

Восенню 2020 года ў самы разгар пратэстаў Дзмітрый пачаў вучыцца ў Магілёўскім дзяржаўным каледжы мастацтваў па класе баяна. Хлопец быў актыўным і паспяховым вучнем, праяўляў актыўнасць і хутка стаў старастам групы. Ад пачатку навучання ён адкрыта выказваў нязгоду з паборамі адміністрацыі і навязваннем дзяржаўнай ідэалогіі ў культурніцкай установе.

Дзмітрый распавядае, як сутыкаўся з прымусовымі абсурднымі дзеяннямі адміністрацыі каледжа. Напрыклад, навучэнцаў прымушалі падпісвацца на прапагандысцкую газету, якой навучэнцы не цікавіліся.

«На газету трэба было скідвацца па некалькі рублёў. А стыпендыя і так, мякка кажучы, не вельмі вялікая. Лепш бы студэнты купілі сабе на гэтыя грошы марозіва».

Таксама, па словах хлопца, адміністрацыя імкнулася зарабіць на студэнтах.

«У нас, як і ва ўсіх іншых музычных навучальных установах, перыядычна ладзіліся справаздачныя канцэрты розных аддзяленняў. А кіраўніцтва каледжа прымушала студэнтаў, якія не ўдзельнічалі ў канцэртах, набываць на іх квіткі і наведваць выступы».

Завуч каледжа, які пазней атрымаў пасаду начальніка аддзела культуры па Магілёўскай вобласці, імкнуўся выслужыцца і ладзіў шматлікія канцэрты. А высокі ўзровень падрыхтоўкі да выступу часта не адпавядаў нагодзе для канцэрту, распавядае Дзмітрый. 

«Напрыклад, аднойчы ў нас быў канцэрт з нагоды «70-годдзя паліклінікі». Нярэдка здаралася так, што выкладчыкі сядзелі без навучэнцаў, бо тыя ў вучэбны час выступалі на дні народзінаў паліклінікі».

«Мы прыйшлі з-за тваёй актыўнасці»

Па Дзмітрыя прыйшлі 28 снежня 2022 года. Пяць супрацоўнікаў ГУБАЗіК затрымалі хлопца падчас заняткаў у каледжы.

«Я быў выдатнікам, старастам групы, нямала зрабіў для каледжа. Але калі прыйшлі мяне затрымліваць, намеснік па выхаваўчай працы нават вокам не павёў. Проста здаў мяне сілавікам».

Спачатку хлопца павялі ў кабінет да намесніка дырэктара па выхаваўчай працы, дзе ў Дзмітрыя адразу забралі ягоны тэлефон.

«Адпірацца не было сэнсу. Сілавікі знайшлі ў мяне ў Тэлеграме падпіскі на «экстрэмісцкія СМІ».

У якасці пакарання 250 прысяданняў

Пасля затрымання супрацоўнікі ГУБАЗіК павезлі Дзмітрыя ў аддзяленне КДБ. Там сілавікі кпілі з яго даўгіх валасоў, называлі змагаром і пагражалі расправаю.

«На парозе ляжаў бел-чырвона-белы сцяг, па якім супрацоўнікі прымушалі прайсці. А на сцяне разам з чырвона-зялёным сцягам вісеў расейскі трыкалор».

У канцы допыту Дзмітрыя прымусілі зрабіць 250 прысяданняў. Як сказалі сілавікі, «у якасці пакарання». Пасля прысяданняў у яго ўзялі адбіткі пальцаў, якія атрымаліся вельмі нізкай якасці.

«Ва ўсіх, хто пасля бачыў гэтыя адбіткі, была проста «рука-ліцо». А супрацоўнікі РАУС, куды мяне прывезлі пазней, вельмі здзіўляліся, што можна настолькі няякасна адкатаць пальцы», — кажа Дзмітрый.

Бацькам Дзмітрыя пра затрыманне сына паведаміў сілавік, калі тыя патэлефанавалі сыну. 

«Супрацоўнік сказаў толькі: «Вашага сына затрымалі». Больш бацькі нічога пра мяне ведалі».

У дакументах было прозвішча іншага чалавека

У той жа дзень у міжраённым аддзеле Следчага камітэта па Магілёве ў Дзмітрыя быў чарговы допыт. Пасля яго следчая Юлія Глоба аддала хлопцу паперы на подпіс. На першай старонцы было яго прозвішча, а на другой — зусім іншага чалавека, распавядае Дзмітрый.

«Я ўказаў следчай на памылку і яна яе выправіла як нічога ніякага. Мяркую, што ўсе гэтыя справы яны заводзяць як пад капірку», — кажа хлопец.

Ва ўсіх установах, куды перамяшчалі Дзмітрыя пасля затрымання, сілавікі размаўлялі лаянкай.

«Следчая Юлія звярталася да мяне на нармалёвай мове, але са сваімі калегамі гаварыла мацюкамі. Бл*ь і на *й для іх проста словы-звязкі».

Сілавік, які ў гэты час корпаўся ў тэлефоне хлопца, знайшоў там дадатак «Новая Беларусь».

«Навошта табе гэтая новая Беларусь? Табе што, старая не падабаецца?» — адрэагаваў ён.

«Пасмяяліся з «пакаяльнага» відэа»

Супрацоўнікі КДБ, якія суправаджалі Дзмітрыя ў Следчы камітэт, загадалі яму запісаць пакаяльнае відэа.

Фота: spring96.org

«Запісалі яго недзе з трэцяга разу. Я не стаў адпірацца, бо ведаў пра катаванні і не хацеў іх спазнаць на ўласным досведзе. Па вызваленні мы з аднагрупнікам паглядзелі гэтае відэа і пасмяяліся. Бо гэта поўны абсурд».

Хлопец кажа, што не разлічваў, што яму давядзецца сядзець у турме, але быў да гэтага гатовы.

«17 гадоў, а ўжо экстрэміст»

Вечарам таго ж дня Дзмітрыя перавялі ў Магілёўскі ІЧУ, дзе ён прабыў у адзіночнай камеры трое сутак.

«Хоць я і экстраверт і люблю камунікаваць з людзьмі, але адносна спакойна вытрымаў гэтыя дні ў адзіночным зняволенні. Быў час пабыць сам насам са сваімі думкамі. Сам сабе здзіўляўся, што ў 17 гадоў мяне ўжо запісалі ў экстрэмісты».

Дзмітрый неахвотна кажа, што нягледзячы на малы ўзрост, з боку сілавікоў былі рукапрыкладства і маральныя прыніжэнні.

«Пастаянна крычалі, каб апускаў галаву ніжэй падчас канваявання. Кайданкі зашпільвалі ззаду, як экстрэмісту. Ад сілавікоў сыпаліся бясконцыя абразы. Я ўжо не памятаю, што яны казалі, для мяне гэта быў пусты звон. Увогуле, як калхознік можа абразіць чалавека з культурнай сферы?».

На трэція суткі, першага студзеня 2023 года, Дзмітрыя вызвалілі з ізалятара, не папярэдзіўшы загадзя бацькоў. Адзін з супрацоўнікаў на ўласным аўтамабілі прапанаваў яго адвезці дадому.

Зноў допыт і ад’езд

Праз дзесяць дзён пасля вызвалення Дзмітрыя зноў выклікалі на допыт у Следчы камітэт, дзе распытвалі пра чат-бот плана «Перамога».

«Я чакаў, што мне дадуць падпіску аб нявыездзе, але гэтага не адбылося».

Хлопец распавядае, што ГУБАЗіК даслаў у каледж паперу, каб адміністрацыя знайшла фармальную нагоду для яго адлічэння.

«Пра гэта маёй маці паведаміў чалавек з адміністрацыі. Але ў мяне амаль не было пропускаў заняткаў і вучыўся я добра. Таму нагоду знайсці не атрымалася».

У СК Дзмітрыю сказалі, што справу нібы будуць закрываць, але ніякіх адпаведных дакументаў не выдалі. Хлопец вырашыў не выпрабоўваць лёс, атрымаў візу і з’ехаў з Беларусі. Цяпер ён жыве ў Варшаве і займаецца продажам беларускіх кніг. 

Каментары2

  • Левін
    26.01.2024
    Лепшую моладзь выціскаюць з краіны. Праз пару год, як на пенсію пойдуць сілавікі, акажацца, што няма з чаго ім пенсію плаціць. Дапрацуюцца рэпрэсіямі да выжжанай зямлі
  • Хуч
    26.01.2024
    Я ўказаў следчай на памылку і яна яе выправіла як нічога ніякага. Мяркую, што ўсе гэтыя справы яны заводзяць як пад капірку» - трэба было ня ўказваць. Навошта рабіць за іх працу вынікам якой можа стаць абвінавачваньне?

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным24

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным

Усе навіны →
Усе навіны

Беларуса, якога затрымалі на пратэстах у Грузіі, вызвалілі з СІЗА2

Оксфардскі слоўнік назваў словам года «засмечванне мозгу»

Галоўчанка патлумачыў, чаму падае беларускі рубель13

Трагічная сутычка на футбольным матчы ў Гвінеі забрала жыцці каля 100 чалавек

Светлавы аб'ект у выглядзе НЛА з'явіцца ў Мінску да навагодніх святаў

Паліцыя зноў разагнала акцыю ў цэнтры Тбілісі1

Бельгія стала першай краінай у свеце, якая прыраўняла работніц сэкс-індустрыі да звычайных працоўных

Джо Байдэн памілаваў свайго сына28

На тэрыторыі Польшчы пашкоджаны нафтаправод «Дружба»2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным24

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным

Галоўнае
Усе навіны →