У новым выпуску «Ток» сацыёлаг Генадзь Коршунаў разважае пра грызню лукашэнкаўцаў і ўсёдазволенасць вядомай інфаказачкі.
Хто можа перамагчы Бондараву
На погляд Коршунава, Бондарава — гэта варыянт гарадской вар'яткі, якая трапіла ў дзяржаўнае рэчышча. Такіх, як Бондараву і Азаронка, складана прыцішыць нават іх кампаньёнам, бо праз гэта могуць узнікнуць падазрэнні. Таму, лічыць сацыёлаг, «ад яе будуць хутчэй дыстанцыявацца, так, каб не запэцкацца. Але, каб спыніць, трэба, каб яе моцна занесла (а гэта ўжо здаралася)».
На думку сацыёлага, пры круцейшым заносе Бондаравай скажуць «стоп» і «закрыюць капітальна». Але, лічыць Коршунаў, гэта малаімаверна.
Ці мае ўплыў на беларусаў ашалелая прапаганда
Ва ўплыве прапагандыстаў накшталт Азаронка, Гладкай, Лебедзевай на грамадскае меркаванне Генадзь Коршунаў вельмі сумняваецца. «Яны могуць уплываць на такіх жа прапагандыстаў, як яны самі, і на некаторую частку адміністрацыі, магчыма, на кіраўнікоў райвыканкамаў, аблвыканкамаў. На грамадства цалкам — не».
Коршунаў прыгадвае: «Калі я жыў ва Украіне, у адной кампаніі ўкраінцу паказалі Азаронка. Ён паглядзеў, засмяяўся і кажа: «Файны стэндап». Яму адказалі, што гэта не стэндап а аналітык. Ён не зразумеў. Гэта ж зварʼяцелы паток нечага, што нават думкамі не назавеш. Калі ж яму паказалі, што гэта перадача на дзяржаўным тэлебачанні, хлопец проста «выпаў».
Сацыёлаг адзначае, што бываюць выпадкі, калі людзі, якія талерантна адносяцца да ўлады, паглядзеўшы на Азаронка, гавораць: «Калі ён з гэтай каманды, то мне не разам з імі. Я хутчэй буду ад іх далей».
Чаму лукашэнкаўцы грызуцца між сабой
На меркаванне Коршунава, лукашэнкаўцаў насамрэч нічога не яднае.
Калі ў іх апанентаў ёсць каштоўнасці, агульныя мэты, то ў лагеры лукашэнкаўцаў гэта «грошы, улада, барацьба за ўвагу першага крэсла і, пэўна, страх». «Зместу, стратэгіі, каштоўнасцяў няма. І таму, як галодныя сабакі, адно з адным лаяцца, грызуцца. Няхай грызуцца. Гэта добра».
Глядзіце цалкам:
Каментары