Свет

У заапарку Манілы памерла 40-гадовая сланіха Малі. Яе называлі самым сумным сланом у свеце

Амаль усё жыццё Малі пражыла ў слановым загоне ў самоце.

Фота: Marlo Cueto / NurPhoto via Getty Image

Малі пражыла ў заапарку Манілы больш за 40 гадоў, дзе была адной з яго галоўных славутасцяў. Але яе самота ўжо даўно выклікала гнеў актывістаў, знакамітасцяў і простых людзей, якіх яе сумная доля кранала да слёз, піша Бі-бі-сі.

Адным з іх быў Пол Макартні, які неаднаразова прасіў улады перавесці яе ў слановы запаведнік.

Пра смерць Малі абвясціла мэр Манілы Хані Лакуна. У відэароліку ў сябе ў фэйсбуку яна распавяла, што візіты ў заапарк, дзе яна глядзела на сланіху, адносяцца да ліку яе самых радасных дзіцячых успамінаў.

Гісторыя хваробы

Асцярогі з прычыны здароўя сланіхі ўзніклі ў мінулую пятніцу, калі служыцелі і госці заўважылі, што яна ўвесь час трэцца хобатам аб сцяну, гэта служыла відавочнай прыкметай таго, што ёй балюча. Пра гэта паведаміў галоўны ветэрынар заапарка доктар Генрых Патрык Пенья-Дамінга.

Раніцай у аўторак Малі ўжо не магла падняцца на ногі, а толькі ляжала на баку і цяжка дыхала. Ветэрынар прапісаў ёй антыгістамінныя сродкі (прэпараты супраць алергічных рэакцый) і вітаміны, але ўвечары яе ўжо не стала.

Праведзенае ўскрыццё паказала, што анцігістамінныя ёй былі непатрэбныя: у яе выявіўся рак падстраўнікавай залозы і тлушчавыя адклады ў аорце.

На прэс-канферэнцыі Дамінга сказаў, што прычынай смерці стала вострая сардэчная недастатковасць.

Ён катэгарычна адхіліў абвінавачванні ў тым, што ветэрынары і супрацоўнікі заапарка кепска ставіліся да фізічнага і душэўнага здароўя сланіхі. «Мы ўсе былі яе сям'ёй», — запэўніў ён.

Самота даўжынёй у 33 гады

Малі, поўнае імя якой было Вішва Маалі, была падорана былой першай лэдзі Філіпін Імельдзе Маркас урадам Шры-Ланкі ў 1981 годзе, калі сланісе было ўсяго 11 месяцаў.

У той час у заапарку Манілы жыў яшчэ адзін слон, Шыва, які, аднак, памёр у 1990 годзе. З таго часу Малі была адзіным сланом у заапарку і адной з яго галоўных славутасцяў.

У разгар пандэміі Covid-19 у заапарку адкрылі цэнтр вакцынацыі, і сланіха забаўляла прывезеных на прышчэпкі дзяцей.

Актывісты-зоаабаронцы ўжо даўно крытыкавалі ўмовы ў заапарку Манілы і казалі, што яго персанал недастаткова падрыхтаваны для таго, каб у выпадку неабходнасці аказаць Малі неабходную медыцынскую дапамогу.

Яны патрабавалі адпусціць яе на волю, але адміністрацыя сцвярджала, што для самой сланіхі будзе лепш, калі яна застанецца ў заапарку, паколькі яна правяла ў вальеры ўсё сваё жыццё і проста не змагла б выжыць ва ўмовах, калі ніхто не будзе пра яе клапаціцца і прыносіць ежу.

«Частка нашага жыцця»

Пасля весткі пра смерць Малі ў сацыяльных сетках з'явілася мноства допісаў філіпінцаў розных пакаленняў, якія ўспамінаюць, што школьныя экскурсіі ў Манілу заўсёды ўключалі наведванне заапарка, каб паглядзець на Малі.

Многія з іх моцна перажываюць, што сланіха памерла ў адзіноце.

Адна карыстальніца ўзгадала, як упершыню ўбачыла Малі 11 гадоў таму.

«Убачыўшы Малі, якая бясконца хадзіла па коле, любы чалавек адчуваў, наколькі яна самотная. Гэта разбіла мне сэрца … і вось цяпер нам сказалі, што Малі памерла»»

«Сумна з-за смерці Малі, знакамітай сланіхі тут, на Філіпінах. Спадзяюся, сланоў больш не будуць замыкаць у заапарках», — напісаў іншы карыстальнік сацсеткі X.

Каментары

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»9

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»

Усе навіны →
Усе навіны

Студэнты-аматары запусцілі ў космас гіпергукавую ракету ўласнай вытворчасці2

Куды небяспечна ехаць беларусам, якіх на радзіме пераследуюць за палітыку КАРТЫ15

Аб'явілі збор на падтрымку Васіля Верамейчыка10

«Па-ўсякаму бывае. Так дзяржава вырашыла, так зрабіла». Літоўскія чыноўнікі пракаментавалі справу Верамейчыка15

Выратаваныя беларускія альпіністкі расказалі, як выжылі ў гарах Турцыі1

У Брэсце чыноўнікі паспрабавалі перабіць рэкорд БРСМ па колькасці дзяржсцягоў на квадратны метр ВІДЭА4

Маск і Рамасвамі расказалі, як будуць скарачаць выдаткі. Вось чаму гэта можа моцна паўплываць і на Беларусь18

У Расіі 49-гадовы рэжысёр зрабіў прапанову 17-гадовай актрысе. Сацсеткі абурыліся іх рамантычным ФОТА17

Мужчына збіў наведнікаў на пошце ў Дрыбінскім раёне. Адна жанчына памерла ВІДЭА2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»9

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»

Галоўнае
Усе навіны →