КДБ завёў новую маштабную справу — цяпер супраць маршрутчыкаў. Затрымалі 20 чалавек
Камітэт дзяржбяспекі раскручвае чарговую справу, цяпер кіроўцаў таксі і маршрутчыкаў. Заведзена крымінальная справа за нявыплату падаткаў. Падазраваныя, паводле інфармацыі КДБ, ужо кампенсуюць шкоду.
Паводле КДБ, гаворка ідзе пра адзін з найбуйнейшых інтэрнэт-агрэгатараў у галіне пасажырскіх перавозак (кампанія не называецца), які абʼяднаў на сваёй платформе больш за 300 перавозчыкаў.
КДБ абвінавачвае ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурса ў тым, што тыя нібыта змушалі кіроўцаў вазіць пасажыраў нелегальна. «За доступ да кліенцкіх баз і загрузкі пасажырамі прасілі рэгулярна дзяліцца з імі няўлічанай наяўнасцю. Каб выканаць гэтую ўмову, перавозчыкі хавалі абʼёмы ўласнай выручкі: не выдавалі пасажырам квіткі, выконвалі няўлічаныя рэйсы», — сцвярджае КДБ.
«Некаторыя перавозчыкі, якія жадалі працаваць незалежна ад уладальнікаў гэтага інтэрнэт-рэсурса, залучаліся ў злачынную дзейнасць шляхам шантажу і пагроз», — дадае КДБ.
Дзеянне ўдзельнікаў злачыннай групы кваліфікаваныя па артыкуле 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь як ухіленне ад выплаты падаткаў. У якасці падазраваных і абвінавачаных прыцягнулі больш за 20 асоб. «У цяперашні час фігуранты супрацоўнічаюць са следствам, даюць прызнальныя паказанні і прымаюць меры для пакрыцця нанесенай дзяржаве шкоды», — гавораць у КДБ.
Беларускае тэлебачанне анансавала выхад сюжэту, у якім распавядзе не толькі пра схемы сыходу ад выплаты падаткаў, але і пра тое, як «асобныя камерсанты спрабавалі зладзіць сабатаж і дыскрэдытаваць уладу».
Сёння на нарадзе ў Лукашэнкі сталі вядомыя падрабязнасці яшчэ адной буйной справы — так званай «малочнай».
Каментары