Хрэнін у Кітаі заявіў, што адносіны паміж краінамі можна ставіць у прыклад іншым
Міністр абароны Рэспублікі Беларусь Віктар Хрэнін сустрэўся з членам Палітбюро Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі Кітая, намеснікам старшыні Цэнтральнага ваеннага савета Кітайскай Народнай Рэспублікі Чжанам Юся, паведамляе прэс-служба Мінабароны.
Бакі абмеркавалі пытанні двухбаковага ваеннага супрацоўніцтва. Больш канкрэтна пра перамовы і дамоўленасці не паведамляецца.
Хрэнін адзначыў, што Беларусь высока цэніць тое, што двухбаковыя адносіны дасягнулі «аднаго з самых высокіх узроўняў даверу і надзейнасці». Паводле Хрэніна, у існуючых знешнепалітычных умовах такія адносіны можна ставіць у прыклад іншым.
«Нягледзячы на тое, што ўзмацняюцца тэндэнцыі міжнароднай канфрантацыі і санкцыйнага ціску, супрацоўніцтва з Кітаем для Беларусі знаходзіцца на нарастальнай траекторыі развіцця. Дасягнутая высокая ступень давернасці ў нашых узаемаадносінах дазваляе знаходзіць рашэнні ўсіх пытанняў у любых сітуацыях», — сказаў Хрэнін.
Хрэнін таксама заявіў аб развіцці бяспекі з апорай на Еўразію. «У Рэспубліцы Беларусь на фоне дэградацыі еўрапейскай бяспекі, якая працягваецца, усё большае значэнне надаюць развіццю бяспекі з апорай на Еўразію. Гэта можа стаць больш шырокай альтэрнатывай існуючым механізмам падтрымання міру ў многіх рэгіёнах нашай планеты», — сказаў ён.
Міністр абароны Хрэнін паляцеў у Кітай яшчэ 26 кастрычніка.
У жніўні ў Мінск прылятаў міністр абароны Кітая Лі Шанфу. Лукашэнка нават назваў яго самай медыйнай асобай свету. Таксама кітайскі генерал сустракаўся з міністрам абароны Віктарам Хрэніным. Днямі стала вядома, што Шанфу зняты са сваёй пасады.
-
«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць
-
Беларус Арцём запусціў у Польшчы збор на дапамогу сабе. Многія паверылі, а ён аказаўся махляром
-
У мінскіх гандлёвых цэнтрах і кавярнях цяпер не будуць уключаць сусветныя навагоднія хіты. Затое даюць зарабіць праўладным артыстам
Каментары