«Колькасць нічога не вызначае». Сахашчык выключыў сцэнар грамадзянскай вайны
«Міністр абароны» ў Аб’яднаным пераходным кабінеце Валерый Сахашчык у інтэрв’ю праекту «Ток» ацаніў, колькі байцоў неабходна для вызвалення Беларусі, расказаў пра сваю дзейнасць ва Украіне, адрозненне вайны ва Украіне ад папярэдніх і пра выпадак, які амаль каштаваў яму жыцця.
Колькі байцоў патрэбна для вызвалення Беларусі
Як вядома, беларус-добраахвотнік «Янкі» ацаніў колькасць байцоў, неабходную для сілавога сцэнара вызвалення Беларусі, у 250 тысяч.
Сахашчык адзначыў, што вельмі паважае «Янкі», і назваў яго «добрым байцом і камандзірам». Але, на погляд «міністра абароны», «Янкі» «дрэнна сабе ўяўляе ці проста не мае дастатковых ведаў і досведу, каб разумець, што такое армія ў 250 тысяч, якая ўвойдзе ў Беларусь».
Гэта вельмі вялікая колькасць, і «на пальцах можна палічыць краіны, у якіх ёсць такія велізарныя арміі». Але, як адзначае Сахашчык, колькасць арміі ні аб чым не гаворыць:
«Усе хіба памятаюць рэкламныя ролікі Садама Хусейна перад тым, як амерыканцы прыйшлі ў Ірак. Паказвалі жахлівы спецназ. Жаночы спецназ. Як яны там елі жывёл на вачах ва ўсіх. Адрывалі галовы і паказвалі, што вось «мы ўсё можам». І што потым? Зайшлі амерыканцы. Ніводнага выстралу.
Армія некуды проста знікла цягам адной ночы. І амерыканцы спакойна занялі краіну. І такіх прыкладаў можна прывесці шмат».
«Колькасць нічога не вызначае, — мяркуе Валерый Сахашчык. — Па-першае, гэта абсалютна ўтапічная ідэя стварыць такую армію. Па-другое, утапічная ідэя заходзіць такой арміяй у Беларусь. І па-трэцяе, гэта проста непатрэбна».
Паводле слоў Сахашчыка, ён быў у шэрагу краін, якія перажылі сур'ёзную грамадзянскую вайну, і «нават думкі не дапускае, што мы можам давесці Беларусь да такога сцэнара». Ён абсалютна ўпэўнена сказаў: «Мы гэта зробім інакш».
Сахашчык лічыць: «Не трэба ўваходзіць вялікімі арміямі. Трэба ліквідаваць раскол, які ўлады Беларусі ўнеслі ў 2020 годзе. І ябацькі і змагары зразумеюць, што мы адзін народ і мы не будзем страляць адно ў аднаго.
А калі нейкія сітуацыі і будуць мець сілавы характар, то гэта будуць прыватныя выпадкі, нязначныя. Масавага кровапраліцця мы дакладна не дапусцім. Мы забяспечым перамены і абарону новай дэмакратычнай Беларусі ад усіх знешніх пагроз».
Упэўненасць Сахашчыка грунтуецца на тым, што ён «вельмі добра ведае, што ў галовах людзей у Беларусі, якія цяпер носяць пагоны».
Сахашчык лічыць, што ў «Янкі» можа быць палітычная будучыня. Але разам з гэтым ён адзначае: «Малайчына, прыгажунчык. Але нават калі ў цябе атрымаецца вызваліць нават адзін твой родны горад — маленькі раённы цэнтр у Беларусі, гэта нічога не вырашыць. Лёс краіны вырашаецца ў Мінску.
І каб змяніць там сітуацыю, патрэбна нашмат больш сіл, чым можна сабе ўявіць і рэальна стварыць ва Украіне. Гэта вырашаецца інакш. Рашэнне праблемы — ваенна-палітычнае з упорам на палітычнае».
Дэсантна-штурмавая рота Сахашчыка
Валерый Сахашчык падкрэсліў, што ганарыцца створанай ім ротай, Беларускім добраахвотніцкім корпусам, «Янкі» і астатнімі хлопцамі, якія там ваююць.
«Яны могуць мяне любіць ці не любіць. Казаць пра мяне ўсё што заўгодна. Але я ганаруся, што разам з імі належу да адной нацыі. Я ганаруся байцамі, што ваююць у палку Каліноўскага. І я ганаруся сваёй першай асобнай дэсантна-штурмавой ротай».
Сахашчык адзначыў, што рота з красавіка знаходзіцца на фронце і эфектыўна ваюе. «Тое, пра што мы гаварылі больш за год назад, пра тое, што ствараем фарміраванне, якое будзе добра ўзброенае і навучанае, якое будзе выконваць задачы не крывёю сваіх людзей, а ўменнем і тэхналогіямі, мы ўпэўнена ідзём па гэтым шляху».
Але яму не хочацца выхваляцца. «Усе глядзяць навіны. І вось гэтыя варʼяцкія штурмы, якія Расія цяпер праводзіць у паласе ад Марʼінкі да Аўдзееўкі, гэта ўсё якраз прыходзіцца на паласу абароны нашых абʼяднанняў, дзе яны цяпер ваююць. Хлопцы цяпер у вельмі цяжкіх умовах, і ніхто не ведае, што будзе праз некалькі гадзін, не кажучы пра некалькі дзён», — кажа Сахашчык.
Ён просіць усіх «памаліцца за хлопцаў і пажадаць ім поспеху».
Што такое сучасная вайна
Валерый Сахашчык адзначае, што не адмовіцца ад мары стварыць базу новай беларускай арміі. Таму яму вельмі важна разумець, што такое сучасная вайна, што такое праціўнік, які можа супрацьстаяць і новай Беларусі, якія цяпер існуюць прыёмы і спосабы вядзення вайны.
Сахашчык дзеліцца сваімі назіраннямі пра паўтара года расійска-ўкраінскай вайны. Ён адзначае, што за гэты час тактыка вайны мянялася некалькі разоў. Вельмі імкліва развіваюцца тэхналогіі.
«Калі яшчэ паўтара года назад дроны былі ў навінку, то за час вайны змянілася некалькі іх пакаленняў. І літаральна на тыдні ідзе разлік. Зʼяўляюцца новыя віды дронаў і сродкі, пры дапамозе якіх з імі можна змагацца. Гэты цыкл займае ўсяго толькі тыдні».
Таму Валерый Сахашчык палову свайго часу праводзіць ва Украіне, каб «жыць усім гэтым, разумець, як гэта ўсё ідзе і чаго чакаць далей».
Самы страшны момант для Сахашчыка падчас вайны
Валерый Сахашчык адзначыў, што самае страшнае для яго цяпер — гэта чаканне таго, што адбываецца з яго байцамі. І так будзе да канца вайны. У яго асабістым жыцці былі моманты, якія можна назваць жахлівымі. Але, паводле слоў Валерыя, яго псіхіка мае свае асаблівасці.
«У экстрэмальнай сітуацыі я мабілізуюся. У мяне пачынаецца мандраж, і я пачынаю хутка прымаць рашэнні. І нейкі страх прыходзіць ужо потым, калі ты вяртаешся і разумееш, што ў прынцыпе табе проста пашанцавала. І тады пачынаеш трохі хвалявацца», — кажа ён.
Сахашчык прыгадвае, што зусім нядаўна ён трапіў у сітуацыю, у якой быў за крок ад смерці: «Тыдзень назад у дом, у якім я начаваў, прыляцелі два «Іскандэры». Але, магчыма, Божанька вырашыў, што я яшчэ не ўсё зрабіў на гэтым свеце. У прынцыпе, шанцаў у мяне не было. Але я чамусьці застаўся цэлым».
«Міністр абароны» мяркуе: «90 працэнтаў твайго поспеху і таго, што ты выжывеш, залежыць ад тваёй падрыхтоўкі, твайго досведу, інтуіцыі, экіпіроўкі, узбраення. Але 10 працэнтаў на фактар выпадковасці трэба заўсёды пакідаць».
Глядзіце цалкам:
-
У чатах Калінкавічаў распаўсюджваецца ВІДЭА, якое зафіксавала падзенне беспілотніка
-
«Я тупіў. І сумняваўся. І рваўся паміж некалькімі пачуццямі. І цяпер мне сорамна». Кранальнай гісторыяй падзяліўся беларускі святар
-
Праўладны блогер пахваліўся, што атрымаў смешны маёмасны падатак. Але ў каментарыях яго прымусілі раскрыць праўду
Каментары
есть белорусы-патриоты и группа предателей-подсвинков у кормушки табора или подачек фекального чемодана (пассивных NPC не считаем) и большой вопрос - будут ли они защищать дворцы и офшорные ярды табора))
есть еще небольшая группа идейных дегенератов- орко-рабов из орко-мира, но мясорубка под Авдеевкой - это наверно самый лучший для них сценарий.
У него в голове только две команды: упал и отжался.
Служба в армии отбивает все мозги