«Вельмі гарачая тэма — гэта выбары». Лукашэнка даручыў Качанавай падключыць усіх, каго трэба, на дапамогу ЦВК
Нягледзячы на тры гады няспынных рэпрэсій, Аляксандр Лукашэнка не пачуваецца ўпэўнена наконт будучых выбараў. Праверыць гатоўнасць апарату да іх ён даручыў старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталлі Качанавай.
«Вельмі гарачая тэма — гэта выбары. Я прасіў бы вас перш за ўсё, Адміністрацыю прэзідэнта, калі трэба, парламент (ніжнюю палату) падключыцца да правядзення гэтых выбараў. Тым больш вы — упаўнаважаны па Мінску», — звярнуўся Лукашэнка да Качанавай.
Паводле яго, «Мінск заўсёды ў нас вылучаўся нейкай асаблівасцю».
«Як тут ідуць справы?» — удакладніў Лукашэнка ў Качанавай і нагадаў, што даўно ішла размова пра тое, каб паглядзець, наколькі гатовыя да правядзення маючых адбыцца выбараў усе органы ўлады, і пры неабходнасці пасадзейнічаць Цэнтральнай выбарчай камісіі.
«Трэба ЦВК дапамагчы. Таму што ў нас няма такіх створаных бюракратычных сістэм, адміністрацыйных, якія б займаліся выбарамі, акрамя Цэнтральнай выбарчай камісіі. Астатнія, так бы мовіць, на аматарскіх пачатках», — растлумачыў ён і дадаў, што «гэтае пытанне трэба трымаць пад кантролем».
Адзіны дзень галасавання па выбарах у саветы розных узроўняў адбудзецца 25 лютага 2024 года.
Каментары
Кіраўнік ЦВК - расеец з Расеі. Ігар Карпенка з Навакузнецку кемераўскай вобласці.