Украінскім дронам пашкоджаны расійскі самалёт на аэрадроме ў Калужскай вобласці — ГУР
На аэрадроме «Шайкоўка» ў Калужскай вобласці Расіі ў выніку атакі дрона быў пашкоджаны прынамсі адзін самалёт. Гэтая задача была выканана ў каардынацыі з Галоўным упраўленнем разведкі Міністэрства абароны Украіны, паведаміў прадстаўнік ГУР Андрэй Юсаў.
«Як мінімум адзін самалёт пашкоджаны. Як і ў большасці выпадкаў, расійскі рэжым спрабуе схаваць сапраўдныя аб'ёмы страт і пашкоджанняў… Ёсць людзі, якія ў каардынацыі з ГУР выканалі пастаўленыя задачы. Прыйшлі з Цэнтральнай Расіі, адпрацавалі і паспяхова вярнуліся адпаведна назад. Як і ў многіх іншых выпадках, ГУР працягвае выконваць задачы, уласна, у тым ліку і на тэрыторыі дзяржавы-агрэсара», — цытуе Андрэя Юсава «Украінская праўда».
Учора ўвечары расійскія тэлеграм-каналы паведамілі, што раніцай нібыта адбылася спроба атакі дронам УСУ аэрадрома ў Калужскай вобласці раніцай. Як яны сцвярджалі, пашкоджанні ў выніку атакі атрымаў самалёт, які не выкарыстоўваецца. У сваю чаргу, губернатар гэтага расійскага рэгіёна сцвярджаў, што на тэрыторыі Кіраўскага раёна была адбітая атака БПЛА і што пацярпелых ды іншых разбурэнняў інфраструктуры нібыта няма.
Паводле даных з адкрытых крыніц, аэрадром «Шайкоўка» выкарыстоўваецца, у прыватнасці, для базавання самалётаў далёкай авіяцыі «Ту». Прэс-сакратар Паветраных сіл УСУ Юрый Ігнат паведамляў, што менавіта з «Шайкоўкі» 15 жніўня расейцы выпусцілі чатыры крылатыя ракеты Х-22 па Украіне.
Каментары