Мова

«Хачу, каб дзіця не грузілі беларускай мовай, а каб яна была ў яго жыцці». Што такое казкатэрапія ад «Кніжнага воза»

Казачныя гісторыі — гэта не проста забава для дзяцей, але і тэрапія для дарослых, як запэўнівае сузаснавальніца праекта аўдыякніг «Кніжны воз» Крысціна Дробыш. Суполка «Мова Гомель» пагаварыла з Крысцінай пра тое, як паўстаў праект «Кніжны воз», які сёння ўжо надзвычай папулярны, чым парадуе ў найбліжэйшыя месяцы, а таксама пра тое, хто адбірае кнігі і агучвае іх.

Крысціна Дробыш

— «Кніжны воз» існуе ўжо тры гады, ён паўстаў у 2020 годзе. Калі глянуць на гэтыя тры гады, то з чаго вы пачыналі і з чым прыйшлі да сёння?

— Тры гады нам споўніцца дакладна ў верасні. А пачыналі мы абсалютна з нічога. Была толькі адна кніжка, якую мой калега, сузаснавальнік «Кніжнага воза», меў дома, і якая падабалася яго дзецям, і была я, якая да таго часу ніколі не начытвала кніг. І ўсё.

З жадання ў прынцыпе ўсё пачалося, з жадання штосьці зрабіць беларускае для дзяцей, каб у іх была магчымасць ведаць і чуць беларускую мову. А цяпер мы маем амаль 200 гадзін запісаў, і гэта таксама кнігі іншых праектаў.

Мы супрацоўнічаем з праектам «Кніжная рысь», які дае нам свае кнігі на публікацыю, таксама з праектам «Бэйбус», які робіць анімаваныя вершы Андрэя Скурко, у нас ёсць і музычная частка, і калісьці легендарны праект «Народныя казкі для дзетак», які зрабіў Алег Хаменка. Шмат усяго.

Мы змаглі не толькі запісаць свае кнігі, але і прыцягнуць сваіх сяброў да нас. Мы нават маем кнігі, якіх яшчэ ніколі не было ў друкаваным варыянце. Будзем хутка выпускаць «Шэрлака Холмса», адна з частак якога толькі што была перакладзеная, і чыталі яе пакуль толькі перакладчыцы ды мы. Таму я лічу, што гэта вельмі шмат.

— Вы сказалі, што напачатку была адна кніжка, і гэта была…

— «Прыгоды мышкі Пік-Пік».

— Гэта голас, па якім вас, напэўна, найперш пазнавалі і пазнаюць у гэтым праекце?

— Вось ведаеце, тут ёсць цікавая рэч. У майго сына, дарэчы, гэта любімая казка. І ён не пазнаў, што гэта я чытаю. Слухаў, слухаў доўга. Я пытаю, ці ён ведае, хто гэта чытае, а ён адказвае, што «не-а». Цікава… Таму не пазнаюць, бо ў жыцці іншы голас так ці іначай, чым у кніжках.

— Больш за 60 кніжак маеце ўжо для праслухоўвання, але я б не сказала, што «Кніжны воз» — гэта толькі для дзяцей, там жа і для дарослых шмат цікавага ёсць?

— Адназначна. Дзеці — гэта ж не толькі ў маленстве, гэта ж розныя ўзросты. У нас таксама ёсць і падлеткавыя кнігі, хоць такой літаратуры для падлеткаў вельмі мала, але яна ёсць. Больш за тое, калі я размаўляла з дарослымі, бацькі нам таксама пісалі, што ім самім цікава слухаць.

Я вось знайшла такі тэрмін новы «казкатэрапія». Ёсць такое меркаванне, што казкі і казачныя гісторыі дзейнічаюць на псіхіку як тэрапеўтычная рэч. Вось, да прыкладу, «Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі», там шмат гумару ёсць для дарослых, а дзеці яго яшчэ не могуць счытаць. Такое двайное дно.

— На сёння можна смела сказаць, што «Кніжны воз» — гэта папулярны праект, а ў чым галоўны сакрэт усё ж такі поспеху?

— Я не ведаю, шчыра кажучы, у чым сакрэт праекта. Ён ніколі не задумваўся як камерцыйны, мы ніколі не думалі, што вось мы мусім нешта зрабіць. Ён рабіўся ад душы і робіцца ад душы, па-чалавечы. Я, магчыма, знайшла такі падыход і сабрала вакол сябе такую каманду галасоў, якія не чытаюць кніжкі, а якія размаўляюць кніжкамі. І гэта важна. Напрыклад, я вельмі паважаю працу калег мінулых пакаленняў, якія начытвалі кнігі, але гэта немагчыма слухаць. Гэта так акадэмічна, што беларуская мова становіцца такой змрочнай і яшчэ больш змрочнай.

Мне хацелася зрабіць чалавечую мову, простую, цікавую, вясёлую, яскравую, каб дзіця слухала і ў яго фантазія працавала, каб яго не грузілі беларускай мовай, а каб яна была ў яго жыцці.

 І мне здаецца, што гэта ўдалося. Таму галоўны сакрэт — рабіць ад душы і для людзей, размаўляць. Не начытваць, а размаўляць.

— Галасы, якія размаўляюць казкамі, гэта прафесійныя галасы, гэта не выпадковыя людзі…

— Не, не. Я ўвогуле перфекцыяніст. Мне трэба, каб было максімальна якасна і даведзена да максімуму, які я магу зрабіць. Дзеці, спадзяюся, вырастаюць на гэтай мове, і спадзяюся, што ў іх застанецца нешта ў галаве, нават калі яны не будуць размаўляць на гэтай мове. Таму важна, каб мова была чыстай. І калі ты садзішся за мікрафон, калі ты робіш кнігі, агучваеш кіно, гэта павінна быць узорная беларуская мова. У мяне паціху збіраецца каманда акцёраў, якія па-акцёрску гэта робяць, але мы працуем і над вымаўленнем.

— То-бок, акрамя тэрапеўтычнага эфекту ад казак, ёсць і моцны адукацыйны аспект?

— Так. Гэта такі 25-ы кадр для мяне, калі ты чуеш максімальна пісьменную беларускую мову. Існуюць, канечне, розныя варыянты і націскаў, і спалучэнняў, і вымаўлення, але мы імкнёмся прытрымлівацца перакладу і даваць розныя варыянты, каб падкрэсліць, што беларуская мова больш багатая, чым нам падаецца.

І, дарэчы, беларуская мова не такая лёгкая для вымаўлення, як падаецца. Напрыклад, адзін з галасоў, які гучыць са мной, ён калі сеў першы раз чытаць, то хвілін праз 20 сказаў, што я хачу «адарваць табе нагу», вось. Гэта быў прафесійны акцёр, які досыць даўно працуе з беларускай мовай. Але для кніг гэтага мала.

— Пра кнігі. Як выбірае і хто выбірае кнігі, якія агучваюцца і трапляюць на «Кніжны воз»?

— Насамрэч гэта цікавы працэс. Вельмі шмат шляхоў. Штосьці мы знаходзім на палічках дома, як «Маўглі» або «Том Соер». Многія памятаюць кніжку «Маўглі» з зялёнай вокладкай, мы знайшлі дзве кніжкі старога выдання. Штосьці нам прыносяць самі аўтары, штосьці мы знаходзім у выдавецтвах. І аўтары, і выдавецтвы звычайна падтрымліваюць нас.

Папяровыя кнігі выходзяць даволі малым накладам. Аўдыяверсія ж на сёння можа даць другое жыццё кнізе або магчымасць як бы павялічыць наклад і яго распаўсюдзіць. І зноў жа перакладчыкі ў нас ужо ёсць у сябрах і выдаўцы, якія нам дапамагаюць. Да прыкладу, гэта Валянціна Андрэева, уладальніца выдавецтва «Гутэнберг», гэта Ганна Янкута, перакладчыца. У нас цяпер на паўгода наперад дакладна распісаныя кнігі, якія трэба запісаць.

— Ці можаце крыху раскрыць гэтыя планы? Вось «Шэрлака Холмса» вы ўжо назвалі…

— У нас наперадзе яшчэ «Пітэр Пэн», таксама «Краіна вымярэння», працяг «Паноў Кубліцкага ды Заблоцкага» і яшчэ «Снежны чалавек». Мару яшчэ пра адну кнігу, яна вельмі маленькая, але яе вельмі складана зрабіць, і гэта будзе зусім новы падыход да аўдыякніг, які на сёння ніхто не практыкуе. Спадзяюся, што цягам года гэта зраблю і прэзентую.

На сёння «Кніжны воз» можна слухаць праз мабільную праграму, а таксама праз сайт.

На сэрвісе ko—fi.com/knizhnyvoz можна пры жаданні падтрымаць праект. На сродкі слухачоў, да прыкладу, запісана чатыры кнігі з каляднай серыі. І нядаўна выйшла кніга «Асцярожна: дзеці!» цалкам за грошы, якія ахвяравалі слухачы. А неўзабаве з’явіцца абнаўленне «Кніжнага воза» — новы дызайн з новымі, больш зручнымі функцыямі.

Каментары

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу9

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу

Усе навіны →
Усе навіны

Выпускнік мінскай беларускамоўнай гімназіі скончыў Гарвардскі ўніверсітэт. Вось дзе ён цяпер працуе21

Трагедыя ў Мінскім раёне: загінулі двое дзяцей

Мужчына, які ўдарыў малатком па сцяне Крамля, аказаўся не беларускім палітвязнем, а яго поўным цёзкай

Змянілі тэрмін уручэння позвы на вайсковыя зборы

«Дзмітрыеву сказалі: «Калі нешта не тое, адразу вернешся ў турму»19

У Драздах выратавалі бабра, які праваліўся ў адкрыты калодзеж

Санкцыі перагледзець, паслоў вярнуць? Што стаіць за «маніфестам» Андрэя Дзмітрыева11

Сяргей Скрыпаль упершыню пракаментаваў замах на сябе па загадзе Пуціна3

Колішняму начальніку аддзела Банкаўскага працэсінгавага цэнтра пагражае да васьмі гадоў калоніі за данаты і каментары ў Telegram1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу9

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу

Галоўнае
Усе навіны →