Беларуская дэпутатка: Дзяцей з Украіны вывозяць пры садзейнічанні ААН і Чырвонага Крыжа
Па словах дэпутаткі Людмілы Макарынай-Кібак, да вывазу ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый датычныя не толькі беларускія ўлады, але і прадстаўніцтвы міжнародных арганізацый у Мінску.
Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Людміла Макарына-Кібак кажа, што дзяцей вывозяць для аздараўлення і нармалізацыі іх псіхалагічнага стану. Потым, настойвае яна, іх вяртаюць назад.
«Дзеці да нас прыязджаюць у адпаведнасці з міжнароднымі патрабаваннямі пры садзейнічанні міжнародных арганізацый і фондаў ААН, Чырвонага Крыжа і ЮНЕСКА», — даводзіць яна ў каментары АНТ.
Верагодна, дэпутатка мела на ўвазе ЮНІСЕФ, а не ЮНЕСКА, бо першая арганізацыя займаецца дапамогай дзецям, а другая — пытаннямі навукі і культуры.
У беларускім прадстаўніцтве Чырвонага Крыжа не змаглі патлумачыць, ці сапраўды яно садзейнічае вывазу дзяцей з Украіны.
У гуманітарнай арганізацыі параілі звярнуцца да самой дэпутаткі па тлумачэнні.
«Лепей у яе запытаць», — сказалі ў офісе прадстаўніцтва.
У офісе ЮНІСЕФ адказваць на пытанні наконт слоў дэпутаткі не сталі.
Беларускі Чырвоны Крыж ужо трапіў у скандал пасля таго, як яго генеральны сакратар Дзмітрый Шаўцоў засвяціўся на Данбасе з Z-сімволікай, забароненай статусам Чырвонага Крыжа.
У беларускім прадстаўніцтве кажуць, што «рыхтуюць адказ па гэтай сітуацыі» і «ўсё знаходзіцца на кантролі».
Сам Шаўцоў у эфіры БТ пацвярджаў, што арганізацыя датычная да вывазу дзяцей.
«Беларускі Чырвоны Крыж браў, бярэ і будзе браць у гэтым актыўны ўдзел», — заяўляў Шаўцоў.
Кіраўнік МЗС Украіны Дзмітрый Кулеба заклікаў Міжнародны крымінальны суд выдаць ордар на арышт Шаўцова.
Апраўдвацца за вываз украінскіх дзяцей давялося і намесніку міністра замежных спраў Юрыю Амбразевічу ў Нью-Ёрку. Гэтую тэму ён тройчы абмяркоўваў з міжнароднымі чыноўнікамі структур ААН.
З чыёй ініцыятывы адбыліся сустрэчы, беларускае МЗС не паведамляе.
Незаконны вываз дзяцей з акупаваных расійскімі войскамі тэрыторый Украіны згадваецца сярод злачынстваў, за якія дэпутаты Еўрапарламента заклікаюць Міжнародны крымінальны суд у Гаазе разгледзець магчымасць выдачы ордара на арышт Лукашэнкі.
Тое, што Лукашэнка асабіста заангажаваны ў працэс вывазу ўкраінскіх дзяцей, прызнаваў Аляксей Талай, фонд якога займаецца гэтай справай.
«Атрымаўшы згоду і падтрымку кіраўніка дзяржавы, мы сталі прапрацоўваць магчымасць адпачынку дзяцей Данбаса ў Беларусі», — казаў ён у інтэрв'ю БелТА.
За час вайны больш за 2000 украінскіх дзяцей, у асноўным сірот, былі незаконна перавезеныя з часова акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны ў лагеры на тэрыторыі Беларусі.
У гэтым працэсе ўдзельнічалі беларускія і расійскія праўладныя грамадскія арганізацыі.
Ва Украіне і на Захадзе прымусовы вываз украінскіх дзяцей у Расію і Беларусь трактуецца як ваеннае злачынства.
Міжнародны крымінальны суд менавіта за гэта выдаў ордары на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай па правах дзіцяці пры прэзідэнце РФ Марыі Львовай-Бяловай.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬГлядзіце таксама:
Ціханоўская назвала міжнародныя арганізацыі імпатэнтнымі
Аляксей Талай наведаў акупаваныя Данецк і Валнаваху. Прывёз сцяг СССР
Каментары