На казку для дарослых, дзе ў галоўнай ролі Вера Палякова-Макей, чакаецца аншлаг
Сёння ў Тэатры юнага гледача — прэм'ера фантастычнай казкі для дарослых па матывах аднайменнага рамана М. Булгакава «Майстар і Маргарыта». Спектакль прымеркаваны да юбілею дырэктара тэатра, заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Веры Паляковай-Макей, піша «Народная Воля».
У тэатры просяць, каб на прэм'ерных паказах спектакля — 19 і 20 ліпеня — гледачы прытрымліваліся дрэс-коду total black.
Аўтар інсцэніроўкі — Таццяна Самбук, мастак па касцюмах — Наталля Лазарчык. Спектакль ТЮГ рабіў сумесна з тэатральным праектам Веры Паляковай «Трытфармат».
«Я табе казку раскажу. Была на свеце адна цётка. І ў яе не было дзяцей і шчасця наогул таксама не было. І вось яна спярша доўга плакала, а потым стала злая».
Ёсць на свеце велізарная сіла. Каханне. Беражы, не давай у крыўду, вер у яго!
І яно табе аддзячыць — будзе вечным!
Гэта спектакль-перформанс, спектакль-канцэрт, спектакль-абсурд і драма. Ці можна даць яму азначэнне? Нават не варта спрабаваць, бо галоўнае, што ён пра вечнае каханне», — гаворыцца ў афішы да спектакля.
Спектакль ідзе 1 гадзіну 40 хвілін без антракту.
Учора была здача спектакля, на якую таксама прадавалі квіткі. Сёння і заўтра — прэм'ера.
Усе квіткі на прэм'еру прададзеныя.
Каментары