Найвышэйшы антыкарупцыйны суд Украіны па матэрыялах, прадстаўленых Дзяржаўным бюро расследаванняў (ДБР), нацыяналізаваў актывы некалькіх набліжаных да Крамля расійскіх алігархаў на мільярды грыўняў. Гаворка ідзе, у прыватнасці, пра Аркадзя і Ігара Ратэнбергаў, Алега Дзерыпаску і Яўгена Гінера.
«Работнікі ДБР выкрылі дзясяткі кампаній, афіляваных з расійскімі ўладальнікамі, дзейнасць якіх падпадала пад дзеянне пункта 11 часткі першай артыкула 4 закона Украіны «Аб санкцыях». Сярод канчатковых бенефіцыяраў гэтых камерцыйных структур — адыёзныя расійскія алігархі, набліжаныя да Пуціна. У прыватнасці, браты Аркадзь і Ігар Ратэнбергі, Алег Дзерыпаска, Яўген Гінер», — гаворыцца ў паведамленні ДБР.
Ва ўласнасць Украіны перайшлі, напрыклад, ТАА «Глухаўскі кар'ер кварцытаў» і ТАА «Мікалаеўскі гліназёмны завод» (Дзерыпаска, арыенціровачны кошт 10 млрд грн); ТЗЦ Ocean Plaza арыенціровачным коштам больш за 350 млн даляраў ЗША (Ратэнбергі), 88,89% акцый АТ «Першы інвестыцыйны банк» (Гінер).
Уладальнікі іншых нацыяналізаваных Украінай актываў — расіяне Аляксандр Панамарэнка і Аляксандр Скарабагацька.
У даход дзяржавы вернуты зямельныя ўчасткі і нерухомая маёмасць у розных рэгіёнах Украіны, сотні адзінак спецыяльнай і грузавой тэхнікі. Паводле звестак ДБР, нацыяналізаваны сотні вытворчых памяшканняў, тэхнікі, складоў, якія расіяне выкарыстоўвалі ва Украіне для ўзбагачэння.
Каментары