Грамадства1515

«Раней мы лічылі суму ў дзесяціразовым памеры, а цяпер можам і ў сторазовым». З беларуса патрабавалі 20 000 даляраў за 400-даляравы данат

Беларус, які ў маі прайшоў праз допыт у КДБ, расказаў «Вясне», за што яму прапанавалі перавесці грошы ў памеры ад 8000 да 20 000 даляраў на рахунак анкалагічнай лякарні, на якіх умовах працуе дамоўленасць з КДБ, а таксама пра праблемы з выездам праз літоўскую мяжу.

У сярэдзіне мая Аляксею (імя змененае ў мэтах бяспекі) раніцай патэлефанавалі з КДБ і выклікалі на гутарку. Яны спыталіся, ці паспее ён прыехаць цягам дзвюх гадзін, а пачуўшы адмоўны адказ, прапанавалі прыехаць крыху пазней.

«Заходжу да іх, а яны пытаюць, ці ведаю я, чаму яны мяне выклікалі. Я адказаў, што не ведаю. На што супрацоўнік сказаў: «А, значыць, у вас ёсць некалькі такіх нагодаў, з якіх мы маглі вас выклікаць».

Супрацоўнік мне адразу паказвае манітор свайго кампа са спісам маіх рахункаў. Там у жніўні і лістападзе 2020-га былі два пераводы праз Facebook па 200 даляраў і там толькі наступная інфармацыя: мая картка, дзень, час, Facebook Pay, Амстэрдам — у адным выпадку, у другім — Лондан. І ён кажа, што вось гэта фонды BYSOL і BYPOL, вы пералічвалі туды грошы.

Я ім сказаў, што там не напісана, што гэта фонды BYSOL і BYPOL, бо гэта можа быць любы фонд па дапамозе дзецям. Ён адказаў, што яны ведаюць, што гэта якраз яны. Маўляў, мы ведаем, і гэтага дастаткова». 

Тады супрацоўнікі папрасілі Аляксея паказаць сваю старонку на фэйсбуку, але ён адмовіў, бо згубіў да яе доступ. Тады яму расказалі, што за данаты ў гэтыя фонды яму могуць інкрымінаваць ч. 1 арт. 290 КК (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці). Акрамя гэтага, яны зноў нагадалі Аляксею, што для распачынання крымінальнай справы за данаты, ім дастаткова ведаць, што гэта фонды BYSOL і BYPOL, нават калі гэта нідзе не пазначана.

«Я ім кажу, што калі быў той час і людзі нібыта пералічвалі сродкі, гэтыя фонды яшчэ не былі прызнаныя тэрарыстычнымі. То-бок людзі ахвяравалі грошы на дапамогу людзям».

Далей супрацоўнікі КДБ пачалі тлумачыць Аляксею, што нібыта на гэты артыкул няма тэрміну даўніны, таму можна прыцягваць да адказнасці і праз некалькі гадоў.

Пасля гэтага Аляксею прапанавалі два варыянты: «крымінальная справа або ён пераводзіць грошы на рахунак Рэспубліканскага навукова-практычныга цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава». Акрамя гэтага, яму сказалі, што ён мусіць абавязкова напісаць прызнанне ў тым, што ён «фінансаваў тэрарыстычную дзейнасць», а яго за гэта пераследаваць не будуць.

Тады мужчына спытаў, пра якую суму ідзе гаворка:

«І тут цікава, бо яны сказалі: «Раней мы лічылі суму ў дзесяціразовым памеры ад даната, а цяпер у некаторых выпадках — да сторазовага памеру. У вашым — гэта будзе прыкладна ад 20— да 50-разовага памера. То-бок у вас агулам 400 даляраў, таму будзе 8000 — 20 000 даляраў».

Тады я задаў некалькі пытанняў:

— Ну гэта ж нідзе не будзе прызначана, што я заплаціў, і адказнасці цяпер няма?

— Не, не будзе.

— То-бок грошы проста ў паветра… Я пішу прызнанне, а тут нават не трэба выпіскі з рахункаў — вы проста па прызнанні можаце асудзіць, і вам нават нічога даказваць не трэба.

— Не, ну мы ж з вамі дамаўляемся.

— А калі праз год гэты шпіталь прызнаюць таксама тэрарыстычнай арганізацыяй? То-бок гэтыя ахвяраванні таксама будуць спансаваннем тэрарызму?

Тут ён раззлаваўся. Я яму сказаў, што такіх грошай у мяне няма. Ён спытаў, колькі ёсць. Кажу, што трэба падлічыць, сабраць, таму патрэбен час. Тады ён сказаў, што мне змогуць зрабіць зніжку. Але з 20 000 якую зніжку ні зрабі, усё роўна будзе шмат». 

Пры гэтым супрацоўнік пацвердзіў, што гэта толькі дамоўленасць паміж КДБ і Аляксеем, таму аніякіх гарантый, акрамя гэтага, няма. Мужчына спытаў, ці ёсць варыянт не пісаць прызнання, а проста ахвяраваць грошы на анкалагічную лякарню. На што супрацоўнікі КДБ адказалі, што гэты варыянт працуе, толькі калі будуць выкананыя адразу дзве ўмовы.

«Я ім яшчэ казаў, што вось амаль тры гады ўжо прайшло, справы працягваюцца, і не менш, а толькі больш. І я так акуратна спытаў, ці скончыцца гэта калісьці.

На што ён адказаў: «А вы чулі выраз, што мы знойдзем кожнага і прыйдзем да кожнага? Дык вось, калі на гэта спатрэбіцца 10 гадоў, то мы 10 гадоў будзем гэтым займацца».

Каб вырашыць пытанне з грашыма, Аляксею далі два дні, пасля чаго сказалі зноў прыйсці да іх. І дадалі, што ён мусіць добраахвотна паказаць старонку ў фэйсбуку. А таксама папярэдзілі, што, акрамя данатаў, яны могуць знайсці, за што яшчэ можна прыцягнуць да адказнасці.

«Я падумаў, што гэта выбар без выбару, бо ісці на гэта пагадненне…

Нават калі яны мяне на нейкі час адпусцяць, кожны дзень сядзі і думай, што па цябе ў любы час могуць прыйсці, бо ў іх на руках ёсць гэта прызнанне. Тады прыйдуць і скажуць: або давай грошы, а калі іх няма, то вось глядзіце, ён фінансаваў тэрарызм, нават ягонае прызнанне ёсць, давайце яго пасадзім.

Няма гарантый, што ўсё будзе акурат так, як яны скажуць, і не будзе так, што я адразу заплаціў, а мяне схапілі. Тым больш грошы вялікія.

Ноч я падумаў, а на наступны дзень я вырашыў працоўныя справы, сабраў заплечнік са слязамі на вачах і паехаў у бок мяжы з Літвой. 

Пры гэтым супрацоўнікі мяне папярэдзілі, што калі я збяруся з'ехаць з Беларусі за гэтыя два дні, то гэта будзе квіток у адзін канец. На беларускай мяжы я ўжо думаў, што мне забаранілі выезд і тады, калі дазнаюцца, што я спрабаваў выехаць, будзе дрэнна».

Але літоўскія памежнікі не захацелі адразу яго прапускаць, бо ў Аляксея была польская працоўная віза, а не літоўская. Яму прыйшлося тлумачыць, што такім чынам ён ратуецца ад пераследу беларускімі ўладамі. Мужчына сказаў памежнікам, што праз Літву праедзе транзітам у Польшчу, дзе будзе прасіць палітычны прытулак. Яны задавалі падрабязныя пытанні наконт грошай, да каго ён едзе і г. д. Але ў выніку пагадзіліся прапусціць, таму цяпер мужчына знаходзіцца ў бяспецы.

Каментары15

  • No
    05.07.2023
    Бандытызм на "дзяржаўным" узроўні. Па сутнасці - гэта рэкет.

    Калі хто на такое згаджаецца, то гэта зневажэнне і згода "жыць" у канцлагеры з перспектывамі ў кожны момант трапіць у печку.

    Навошта з гэтымі бандытамі зусім весці гутаркі?
    Адмаўляйцеся ад кожных сведчанняў і адмаўляйце віну.
    Ні за што не згаджайцеся на "пакаянныя відэа", тым самым вы сябе знішчаеце.
    Хай "суд" сам даказвае што грошы шлі на данаты Байполу.

    І 10 гадоў Лука не пражыве, КДБ будзе знішчана, архівы адчынены, і чэкісты пасаджаны ў турмы.
  • Владислав
    05.07.2023
    Паразіты адчуваюць сябе як рыба ў вадзе, калі «не до законов»
  • Добры
    05.07.2023
    [Рэд. выдалена]

У Маскве за паклёп на Лукашэнку судзяць палітолага Суздальцава. Пагражае да 5 гадоў10

У Маскве за паклёп на Лукашэнку судзяць палітолага Суздальцава. Пагражае да 5 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

18 чалавекам стала млосна ад сцэн жорсткага сэксу падчас оперы ў Германіі19

«Для працяглага жыцця гэта краіна, напэўна, не падыходзіць». Чым Грузія робіцца падобнай да Беларусі і чаму беларусам лепш у Польшчы13

Экс-кандыдатку ў прэзідэнты Таццяну Караткевіч пасадзілі на 15 сутак24

Беларусаў вярбуюць у расійскае войска праз інстаграм9

Папулярнаму дамену.io пагражае закрыццё3

«Штадлер» не мае намеру прадаваць завод у Фаніпалі. Хоць беларускія чыноўнікі сцвярджалі іншае5

Дзмітрыеў просіць вярнуць паслоў у Мінск. «Санкцыі б’юць па людзях, а не па ўладзе»141

Што такое «размандыкваць» і чаму Лукашэнка незадаволены, што чыноўнікі займаюцца гэтым?19

У Еўрапарламенце Віктара Орбана правялі з трыбуны песняй Bella Ciao14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Маскве за паклёп на Лукашэнку судзяць палітолага Суздальцава. Пагражае да 5 гадоў10

У Маскве за паклёп на Лукашэнку судзяць палітолага Суздальцава. Пагражае да 5 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →