Культура1111

Уладзімір Арлоў: «Я мару пра час, калі ў дэмакратычнай Беларусі прэзідэнтам будзе жанчына»

Гісторык і пісьменнік на творчай сустрэчы з беларусамі ў Вільні расказаў пра ролю жанчын у гісторыі Беларусі. На яго думку, гэтая роля цяпер незаслужана незаўважаная. Таксама Арлоў правёў паралелі паміж жанчынамі ў паўстанні 1863 года і 2020-га. І расказаў гістарычны анекдот.

Уладзімір Арлоў падчас прэзентацыі. Фота: «Салідарнасць»

Сёлета да 105-х угодкаў БНР фонд Kamunikat.org выпусціў дзве кнігі Уладзіміра Арлова — «Айчына. Ад Агінскага да Багушэвіча» (другая частка знакамітай кнігі, якая ў Беларусі выйшла трыма накладамі, а летась была прызнаная ўладамі «экстрэмісцкай») і «Імёны свабоды», куды ўвайшлі 410 гістарычных партрэтаў беларусаў-змагароў за свабоду роднай краіны.

У межах вялікага літаратурнага турнэ, арганізаванага пры падтрымцы Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў, Арлоў завітаў у Вільню. Прывёз не толькі навінкі (у тым ліку найсвяжэйшую — «Ад Еўфрасінні, ад Скарыны. Таямніцы полацкай гісторыі»), але і перавыданні сваіх найбольш вядомых твораў, напамін пра паўстанне Кастуся Каліноўскага і філасофска-пазітыўны настрой.

«Салідарнасць» пабывала на творчай сустрэчы пісьменніка з чытачамі.

— Тое, як выкладалася гісторыя Беларусі на гістфаку БДУ, дзе я вучыўся, магло выхаваць не патрыётаў, а антыпатрыётаў — там не было герояў практычна, а былі шэрыя безаблічныя масы, — згадвае Арлоў. — Але насуперак цэнзуры да нас прыйшлі, прарваліся кнігі Уладзіміра Караткевіча, якія нам адкрывалі акно ў свет зусім іншай гісторыі.

Яна была не часткай расійскай гісторыі, а гісторыяй самастойнага еўрапейскага народа, у якой былі свае героі, свае славутыя князі, палітыкі, асветнікі, паўстанцы, авантурнікі і авантурніцы, без якіх не абыходзіцца гісторыя ніякага народа.

«Органы» зацікавіліся ім яшчэ ў студэнцкія часы, але гэта не толькі не адбіла ахвоту пісаць, але, наадварот, пераканала ў тым, што аўтар на правільным шляху. З таго часу выйшла некалькі дзясяткаў розных кніг, дакументальных і мастацкіх, у вершах і прозе. І Арлову яшчэ ёсць што сказаць чытачам.

Але гэтым разам гаворка ішла перадусім пра жанчын — ад княгіні Рагнеды, якая захавала дынастыю Рагвалодавічаў, што потым 250 гадоў кіравала незалежным Полацкім княствам, Сафіі Валадараўны, якая ў 1157 годзе стала дацкай каралевай, а яе дзеці і ўнукі займалі дацкі, шведскі і французскі троны, мецэнаткі і асветніцы Еўфрасінні Полацкай, князёўны Настассі Слуцкай, высакароднай ваяркі Эміліі Плятэр — да гераінь нацыянальна-вызвольнага паўстання Кастуся Каліноўскага.

— Дакументы, складзеныя расійскімі следчымі, паведамляюць: яшчэ да пачатку паўстання многія літвінкі насілі рэвалюцыйныя знакі і адзенне і спявалі забароненыя патрыятычныя гімны і песні, — расказвае пісьменнік. — Такія спевы шмат разоў гучалі ў Мінскім кафедральным касцёле Дзевы Марыі, храмах Наваградка, Мазыра, Пінска, Рэчыцы, Полацка — увогуле, па ўсёй Беларусі.

Уявіце сабе, тады існавалі аналагі сучаснага «Вольнага хору» — па краіне ездзілі вандроўныя хары, якія складаліся з жанчын і распачыналі патрыятычныя канцэрты пасля набажэнстваў.

Часам ад падабенства сюжэтных ліній мінуўшчыны і сучаснасці дрыжыкі бягуць па спіне. Так, за «злачынныя» спевы аштрафавалі Людвіку Ямант (родная сястра Марыі, нарачонай Кастуся Каліноўскага). Марыю Ульянаўскую судзілі за крамольныя песні і частаванне сялян — таемных уніятаў.

За тое, што на знак салідарнасці і жалобы па палеглых паўстанцах беларускі насілі цёмную вопратку, іх таксама пераследавалі жандары. Шляхцянку Амалію Лашкевіч абвінавацілі ў тым, што яна… пашыла сабе нацыянальны ўбор і фіранкі «непажаданага» бела-чырвонага колеру.

У Кацярыны Шалюты адабралі ўсю маёмасць — за распаўсюд антыўрадавых вершаў і ўлётак.

Шляхцянка Ванда Беляковіч паклала мужу-паўстанцу ў труну сваё фота, каб не разлучацца з ім і пасля смерці — і была аштрафаваная на 300 рублёў (гэта, на хвілінку, гадавы заробак наглядчыка царскай турмы).

Але беларусак гэта не спыняла.

— Жанчыны былі кур’еркамі, выведніцамі, захоўвалі зброю і порах, забяспечвалі нашых ваяроў правіянтам, жанчыны былі сёстрамі міласэрнасці ў нелегальных паўстанчых лагерах, давалі прытулак параненым, як будучая славутая пісьменніца Эліза Ажэшка, якая лекавала і пераправіла на польскія землі параненага Рамуальда Траўгута, — пералічвае Арлоў. — За такую дзейнасць магілёўскі суд адправіў Ізабелу Ціханавецкую на высылку пад Варонеж.

У Сенненскім павеце быў маёнтак Канстантова, які стаў адным з апорных пунктаў паўстання ў Магілёўскай губерніі. Маёнткам валодалі Алімпія Светарэцкая з дачкой Юзэфай, і за «саўдзел» жанчын арыштавалі, выслаўшы ў Пермскую губернію.

Нашы жанчыны былі стваральніцамі падпольных камітэтаў салідарнасці, якія дзейнічалі ў той час, а праз 160 гадоў зноў з’явіліся ўжо як фонды ўзаемадапамогі. Як і цяпер, яны бралі пад апеку сем’і арыштаваных паўстанцаў і саміх вязняў — часам турэмныя ўлады прапускалі да іх жанчын, і можна было перадаць свежую бялізну, пошту і нейкія прадукты.

Як бачым, сёння з гэтым яшчэ больш строгія парадкі.

Сотні, а па некаторых звестках, тысячы беларусак тым ці іншым чынам бралі ўдзел у паўстанні 1863-га, за што былі пазней адпраўленыя на высылку ў аддаленыя расійскія губерніі ці ў Сібір.

Некаторыя імёны, кшталту Камілы Марцінкевіч, «першай прыгажуні Літвы» Апалоніі Серакоўскай ці каханай Кастуся Каліноўскага Марыі Ямант, гісторыя захавала для нашчадкаў лепш, пра іншых удзельніц паўстання вядома зусім няшмат, але кожная з іх, як падкрэслівае Уладзімір Арлоў, вартая ўвагі і ўшанавання.

— І ў пазнейшыя часы беларускія жанчыны былі актыўнымі ўдзельніцамі нацыянальнага вызваленчага руху, — працягвае гісторык, — далучаліся да стварэння палітычных партый, да антысавецкага супраціву і г. д. Алаіза Пашкевіч, Палута Бадунова, Галіна Сямдзянава і многія, многія іншыя — можна назваць дзясяткі выбітных імёнаў.

Вядома, нельга не згадаць пра выдатную ролю жанчын у рэвалюцыйных падзеях 2020 года і ў наступныя гады. І я мару пра той час, калі ў дэмакратычнай Беларусі будзе прэзідэнтам жанчына.

Гістарычны анекдот ад Арлова:

Стары, але і сёння злабадзённы для беларусаў.

— У 1812 годзе пад Віцебскам Напалеон запытаўся ў беларускай бабулі: «Каму ты, бабуля, зычыш перамогі ў гэтай вайне — французам ці расейцам?» Мудрая сялянка кажа: «Хачу, каб вы загналі расейцаў так далёка, каб не вярнуліся ні яны, ні вы».

Каментары11

  • дочка Максим Дизайнера
    26.06.2023
    здаецца, я бачыла яго (Арлова) выпадкова...
    кнігі і вершы вядома любіла-чытала, але сустрэчы (прэзентацыі і т.п.) не шукала - мне часу і інтарэсу да асабістых сустрэч няма) але
    здаецца бачыла...
    гэта было на мітынгу на Нямізе ў 96-м...
  • Жвір
    26.06.2023
    Дык і я мару, каб краіну ўзначалілі жанчыны, каб жанчына была ня толькі на пасадзе прэзыдэнта, а й прем'ер міністра, і старшыні ВР, МУС, МО і т.д.
  • Федзя
    26.06.2023
    В демократической Беларуси не будет поста президента!

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў

Усе навіны →
Усе навіны

Што рабіць, калі ў кватэры халодна?

Папярэджанне пра пагаршэнне ўмоваў надвор'я на дарогах краіны1

Чэргі з легкавікоў на польскай мяжы зніклі

Расійская армія ажыццяўляе самае хуткае прасоўванне ва Украіне з 2022 года1

Улады хваляцца, што ў Беларусь па бязвізе прыехаў мільён еўрапейцаў. Няўжо праўда?5

Гендырэктара TikTok выклікалі ў Еўрапарламент пасля выбараў у Румыніі8

Рэстаўрацыі ў Беларусі засталося на тры дні. Галоўнаму прадпрыемству краіны фактычна падпісалі смяротны прысуд6

Як Лукашэнка кульгаў, выходзячы з самалёта ў Пакістане ВІДЭА13

Тэлевядучая Святлана Бароўская расказала пра новага мужа — загадкавага расійскага бізнэсмена14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў

Галоўнае
Усе навіны →