Брытанская пара патраціла $250 000, каб прыбраць з дома мурал Бэнксі
У 2021 годзе Бэнксі намаляваў 6-метровую чайку на сцяне дома ў Лоўстафце, графства Сафалк.
Брытанская пара патраціла амаль 250 тысяч даляраў, каб прыбраць мурал мастака Бэнксі са сваёй сцяны з-за «надзвычай стрэсавага» догляду за ім, піша «Украінская праўда».
З тых часоў домаўладальнікі Гары і Хокін Коўтс неаднаразова цярпелі ад вандалаў і былі вымушаныя плаціць за ахову і захаванне мурала, выдаткоўваючы амаль 50 тысяч даляраў у год.
Выдаленне чайкі абышлося прыкладна ў чвэрць мільёна даляраў.
«Спачатку гэта было проста неверагодна, але з развіццём падзей гэта стала надзвычай стрэсавым. Я не ўпэўнены, што Бэнксі ўсведамляе непрадбачаныя наступствы для домаўладальнікаў. Калі б мы маглі павярнуць час назад, мы гэтага не зрабілі б», — сказаў Гары Коўтс у інтэрв'ю The Times.
Хуліганы спрабавалі зафарбаваць мурал, а зладзеі адколвалі фрагменты працы, каб прадаць іх на Facebook, ад чаго цярпеў і будынак, і яго ўладальнікі.
Пасля аднаго з такіх крадзяжоў ім прыйшлося за свой кошт наняць ахоўніка, які павінен быў сачыць за муралам ноччу.
Нарэшце, сям'я вырашыла зняць 22-тонны малюнак.
Коўтсам давялося перакрываць дарогу і наймаць 40-футавы кран — гэта каштавала 200 тысяч фунтаў стэрлінгаў (246 300 даляраў).
Гарадская рада Лоўстафта прызнала, што пара мае права выдаліць працу са сваёй маёмасці і што «працы Бэнксі па сваёй прыродзе не заўсёды могуць быць пастаяннымі аб'ектамі».
Мясцовы арт-дылер Джон Брандлер хоча захаваць мурал у галерэі або музеі. А Коўтсы спадзяюцца прадаць карціну, каб пакрыць свае выдаткі.
У мінулым годзе брытанскі вулічны мастак Бэнксі стварыў сем муралаў у розных месцах Украіны, у прыватнасці, у Кіеве, Ірпені, Барадзянцы і Гастомелі.
Аднак гастомельскі мурал зрэзала група людзей, за што іх затрымала паліцыя.
Каментары