Парэшткі аўстралійскага мужчыны, які знік падчас рыбалкі з сябрамі, знойдзены ў чэраве кракадзіла. Кевіна Дармодзі апошні раз бачылі ў суботу паблізу кемпінга Kennedy Bend, размешчанага ў вядомым месцы пражывання марскіх кракадзілаў, піша Бі-бі-сі.
Пасля двух дзён пошукаў паліцыя абясшкодзіла двух вялікіх кракадзілаў і ўнутры аднаго з іх знайшла чалавечыя парэшткі. Цела пакуль афіцыйна не ідэнтыфікавана, але паліцыя лічыць пошук завершаным.
Кевін Дармодзі быў добра знаёмы жыхарам горада Кейп-Ёрк на поўначы штата Квінсленд і быў вядомым рыбаловам.
У панядзелак паліцэйскія застрэлілі двух кракадзілаў даўжынёй 4,1 м і 2,8 м за паўтара кіламетра ад таго месца, дзе апошні раз бачылі зніклага мужчыну.
Хоць чалавечыя парэшткі знайшлі ўнутры адной з рэптылій, ляснічыя мяркуюць, што ў нападзе ўдзельнічалі абодва кракадзілы.
Сябры Дармодзі не бачылі сам напад, але чулі яго крыкі і гучны плёскат.
«Я кінуўся туды, але нічога не знайшоў, акрамя яго шлёпанцаў на беразе», — распавёў Джон Пэйці, сябар Дармодзі, мясцовай газеце Cape York Weekly.
Кракадзілы шырока распаўсюджаныя ў паўночных, трапічных рэгіёнах Аўстраліі, але на людзей яны нападаюць параўнальна рэдка: Кевін Дармодзі стаў 13-й іх ахвярай за ўсю гісторыю назіранняў, якая пачалася ў 1985 годзе.
Каментары
А ўвогуле, у дзікай прыродзе гэта нармальна - есці адно аднаго. Кевін еў рыб, кракадзілы з'елі Кевіна. У біяцэнозе павінен быць баланс. Кракадзілы крыху падкарэктавалі шчыльнасць папуляцыі кевінаў.