Вайна44

«Зараз расійскіх салдат ужо не вязуць. Але сочаць за кожным». Медык з Гомельшчыны расказаў, як год таму ў беларускіх бальніцах ратавалі расійскіх вайскоўцаў

Гомельскае выданне «Штодзень» пагаварыла з беларускім медыкам, які быў вымушаны летась дапамагаць параненым расійскім салдатам, і даведалася, чаму інфармацыі пра тыя падзеі да гэтага часу практычна няма.

На такіх аўтобусах перавозілі параненых расійскіх вайскоўцаў у першыя месяцы вайны. Ілюстрацыйнае фота

Імя суразмоўцы не называецца з меркаванняў бяспекі. Вядома толькі, што і ў пачатку вайны ва Украіне, і цяпер працуе ў адной з медустаноў Гомельшчыны. Ён расказвае:

— Таго, што ў першыя дні вайны медустановы Гомельшчыны былі вымушаныя (я падкрэслю слова «вымушаныя», нас ніхто не пытаў) аказваць дапамогу расійскім вайскоўцам, даўно ніхто не хавае. Гэта пацвердзіў і Лукашэнка, і Міністэрства абароны. Але праз некаторы час. Для нас жа гэта было «шокам».

Нас экстранна сабралі і папярэдзілі: «Вызваліць некалькі сотняў ложкаў, адмяніць планавыя аперацыі для грамадзянскіх і пад страхам звальненняў і самых сур’ёзных наступстваў не выдаваць абсалютна ніякай інфармацыі наконт таго, што будзе адбывацца далей.

— А што адбывалася далей?

— Далей наша ўстанова ператварылася ў пекла. Да нас сталі звозіць параненых знявечаных салдат. З Украіны іх везлі і зямлёй, і верталётамі. Уражвала тое, што гэта пераважна былі маладыя хлопцы, якім толькі споўнілася 18. Шмат каму была патрэбная ампутацыя — іх ужо прывозілі з гангрэнамі, у шмат каго рукі-ногі ўжо былі адарваныя. Вялікая колькасць людзей з кулявымі раненнямі, ірванымі ранамі. Словамі гэта не перадаць. Гэта былі людзі ў шокавым стане, многія галодныя, упрошвалі даць ім магчымасць патэлефанаваць родным.

Аказваць дапамогу пацярпелым абавязалі нават вузкапрофільных спецыялістаў. Мы ўсе не вытрымлівалі. Здавалася б, чаго толькі не бачылі падчас сваёй працы. Але такое… Усе калідоры былі застаўлены ложкамі з параненымі салдатамі, якія плачуць, стогнуць і выюць ад болю. Некаторыя прасілі іх дабіць.

— Была інфармацыя, што салдат было так шмат, што не паспявалі рабіць аперацыі. Многія паміралі…

— Параненых сапраўды было вельмі шмат. Дастаткова часу на дыягностыку ў нас проста не было. Яшчэ на ўваходзе візуальна ацэньвалі стан, а каб нікога не пераблытаць, проста на целе пазначалі іх лічбамі, каб калегі маглі зразумець, каго адразу «браць у працу», а хто яшчэ можа пацярпець. Але былі і такія выпадкі, калі да нас прывозілі ўжо мёртвых людзей. Яны проста не ведалі, куды іх падзець — і везлі, кідалі нам.

Па словах суразмоўцы, самая вялікая плынь параненых расійскіх салдат была ў канцы лютага — пачатку сакавіка 2022 года.

— Я дакладна ведаў, што падобная сітуацыя адразу ў некалькіх прымежных з Украінай гарадах. У Нароўлі стварылі практычна паўнавартасны палявы шпіталь. У Гомелі параненых везлі ў Цэнтр радыяцыйнай медыцыны (туды прывезлі нават расійскіх медыкаў, яны занялі некалькі паверхаў), абласную клініку, Бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі. І ў Мазырскі шпіталь, і ў Касцюкоўку везлі… Мазыр увогуле быў падобны на вайсковую базу — па вуліцах ездзілі танкі, вайсковыя машыны, вялізная колькасць расійскіх салдат, — распавядае суразмоўца. Гэтыя звесткі сталі яму вядомыя ад калег-медыкаў з рэгіёна.

— Як вы сябе пры гэтым адчувалі? Цывілізаваныя беларусы, якія думаюць, супраць гэтай вайны, супраць уварвання расійскіх войскаў ва Украіну. А тут… Вы сваімі ж рукамі ратавалі расійскіх салдат.

— Маральна гэта жудасна. Спачатку ты бачыш зрашэчанага кулямі і асколкамі маладога чалавека — і як медык яму дапамагаеш, робіш усё магчымае. Потым прыходзіш у сябе і разумееш — ты дапамагаеш тым, хто забівае тваіх жа родных у суседняй Украіне. Там, ва Украіне, у нас у кожнага другога радня. Гэта жахлівы маральны выбар. Многія не вытрымлівалі, рыдалі ў калідорах, адмаўляліся выходзіць. Былі і такія выпадкі — калегі прыходзілі дадому, а іх родныя здраднікамі называлі.

Насамрэч, калі пачытаць нормы міжнароднага гуманітарнага права, то ва ўсім свеце дапамога параненым на палях бітвы салдатам не прызнаецца актам саўдзелу ў ваенных дзеяннях. Па законах ваеннага часу, медыкі павінны аказваць дапамогу ўсім параненым і не разбірацца, за якое войска яны ваююць.

— Па законах ваеннага часу… А як быць з тым, што Расія афіцыйна не заве вайну вайной?

— Калі так, то статус параненых расійскіх салдат на тэрыторыі Беларусі ўвогуле не зразумелы. І, па-добраму, нормы міжнародных канвенцый дзейнічаць не павінны. Але гэта вайна. І мы ўсё гэта цудоўна разумеем.

— Многія медыкі звальняліся ў той час?

— Нам пагражалі. Калі пачалася вайна і нам павезлі параненых, з кожнага з нас узялі падпіску аб неразгалошванні абсалютна любой інфармацыі з нагоды аказання дапамогі расійскім салдатам, прыстрашыўшы для пачатку звальненнем, а потым яшчэ і ўсімі наступствамі, што вынікаюць, — рэпрэсіямі, тэрмінамі і вось гэтым усім. Галоўны доктар, калі збіраў нас, прамым тэкстам сказаў, што ў будынку працуюць супрацоўнікі КДБ і ФСБ.

— Вы іх бачылі? Ці, можа, вам іх прадстаўлялі?

— Асабіста я супрацоўнікаў ФСБ не бачыў. І іх нам не прадстаўлялі. Але гэта мог быць любы чалавек — хіба іх там разбярэш. А тое, што ў нас працуе супрацоўнік КДБ, я нават не сумняваўся. Пры кожным шпіталі яшчэ ў 2021 годзе стварылі пасаду, якая гучыць як «намеснік галоўнага лекара па бяспецы, рэжыме і кадрах». Мы цудоўна разумелі, што ён і ёсць супрацоўнік КДБ. Перасталі нават размаўляць адно з адным. Ніхто нікому нічога не распавядаў, медыкі баяліся галаву падняць і на кагосьці паглядзець. Баяліся і за сябе, і за блізкіх.

— А якая сітуацыя цяпер?

— Дзякуй богу, цяпер патоку расійскіх салдат у нас няма. І нам не даводзіцца іх лячыць. Медыцынскую дапамогу аказваем мясцоваму насельніцтву. Але разумеем, што ў выпадку чаго — усё гэта зноў можа паўтарыцца.

— Цяпер супрацоўнікі КДБ за вамі сочаць?

— Так, людзі на той самай пасадзе «намеснік галоўнага лекара па бяспецы, рэжыме і кадрах» да гэтага часу ў медустановах. У нашай — дакладна. Недзе іх прозвішчы, а часам і фатаграфіі, нават вісяць на афіцыйных сайтах медустаноў у раздзеле «Адміністрацыя». Гэтыя людзі — відавочна не з медыцыны. Толькі халаты на сябе белыя накідаюць. Калі чалавек уладкоўваецца на працу — спачатку выклікаюць да таго гэбіста. Калі звальняюцца — таксама толькі праз яго. Людзі, якім даводзілася з ім размаўляць, выходзяць у шоку. Кажуць, што на кожнага ёсць дасье з усёй паднаготнай, на якую гэбэшнік пачынае ціснуць. Ведае нават усё пра асабістае жыццё.

Каментары4

  • Железный Дровосек
    28.04.2023
    Недоразвитая млекопитающих орда. Сидели б в своих ебе*ях ,жрали б дальше б свою вонючую русскую водку,били бы рожи друг другу,ауе и все такое, и ни о каком таком вяличии не мечтали—глядишь,и жили бы сере дальше.
    Но не таков руссской человек—надо загадить своей загадочной душой своим соседям во имя вяличия и прочей мерзости.
    Не-а,не жалко изрешеченных и с оторванными—это убийцы из Бучи,Бородянки,Ирпеня,это русско-фашистские захватчики. Ну только что 21-го века.
    СЛАВА УКРАІНІ і яе воінам!
  • баба рыка
    29.04.2023
    а зе сало
  • Бублик от дырки
    29.04.2023
    баба рыка
    Вы сумашедшая?

Пуцін заявіў пра ўдары па Украіне новай зброяй, якая «не перахопліваецца»15

Пуцін заявіў пра ўдары па Украіне новай зброяй, якая «не перахопліваецца»

Усе навіны →
Усе навіны

Выйшаў доўгачаканы працяг культавай украінскай гульні S.T.A.L.K.E.R. У Расіі геймераў прыстрашваюць не гульнявой, а рэальнай зонай за дзяржздраду4

Стрыжак расказаў, чаму Верамейчык не змог легалізавацца ў Еўрасаюзе45

Cambridge Dictionary назваў слова 2024 года

У ЗША заклікаюць панізіць гандлёвы статус Кітая да ўзроўню Беларусі1

У Тайландзе жанчына метадычна забіла цыянідам 14 сяброў 

Навукоўцы знайшлі спосаб зрабіць памідоры саладзейшымі1

Расія наносіць масіраваны ракетны ўдар па Украіне4

У Германіі памёр навуковец Міхаіл Ерамец. Ён нарадзіўся ў Пінску1

У Гродне і раёне ўведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пуцін заявіў пра ўдары па Украіне новай зброяй, якая «не перахопліваецца»15

Пуцін заявіў пра ўдары па Украіне новай зброяй, якая «не перахопліваецца»

Галоўнае
Усе навіны →