Надвор'е

Выпаленая Еўропа. Кантыненту пагражаюць рэкордная засуха, спёка і пажары другі год запар

Летась Еўропа перажыла самае спякотнае лета ў гісторыі. У метэаролагаў усё больш упэўненасці ў тым, што катаклізм паўторыцца і сёлета.

Фота: vecteezy

Засуха і спёка абяцаюць Еўропе неўраджай садавіны і зеляніны, высокія цэны ў крамах, непрыдатныя для суднаходства ракі і залішнюю смяротнасць. Усё гэта дадасць праблем еўрапейцам, чый дабрабыт другі год запар падрывае не толькі і не столькі засуха, колькі Уладзімір Пуцін, які ўцягнуў Расію ў энергетычную вайну супраць ЕС і ў сапраўдную — супраць Украіны, піша Бі-бі-сі.

Паводле свежых звестак Еўрапейскай абсерваторыі ESO, папярэджанне пра засуху ўжо распаўсюджваецца на чвэрць тэрыторыі 27 краін Еўрасаюза. Асабліва цяжкая сітуацыя на поўдні: на большай частцы тэрыторыі Іспаніі і ў многіх раёнах Партугаліі і Італіі.

Як і летась, узровень вады пагрозліва нізкі не толькі ў вадасховішчах, але і ў галоўнай еўрапейскай воднай артэрыі — рацэ Рэйн, якая мінулым летам аказалася непрыдатнай для суднаходства.

Вады не хапае, таму што, як і ў 2022 годзе, гэтая зіма выдалася маласнежнай і сухой. Дажджу амаль не было ні тады, ні гэтым разам. Снегу ў Альпах выпала ніжэй за гістарычную норму, што непазбежна прывядзе да засухі, папярэджвалі аналітыкі ЕС яшчэ месяц таму.

Да лета застаўся адзін шанец трохі змякчыць катаклізм — месяц май. Летась ён выдаўся самым сухім у гісторыі назіранняў, так што ёсць надзея, што снарад у тую ж варонку ўжо не патрапіць. Праўда, сёлета свае рэкорды: напрыклад, у Францыі люты 2023 года быў самым гарачым з 1959 года.

Еўропа як вершнік апакаліпсісу

Гэтым летам Еўропа рызыкуе пацвердзіць сваё рэнамэ вершніка кліматычнага апакаліпсісу, што ўмацавалася летась. Як вынікае з апублікаванай у чацвер штогадовай справаздачы Еўрапейскага цэнтра Copernicus Climate Change Service (C3S), агулам 2022 год быў для Еўропы другім самым гарачым у гісторыі, а лета пабіла ўсе рэкорды.

«У апошнія дзесяцігоддзі Еўропа награвалася хутчэй за любы іншы кантынент», — адзначылі навукоўцы.

Альпійскія ледавікі трывала трымаюцца ў сусветных лідарах па хуткасці знікнення. Чым менш снегападаў, тым хутчэй яны растаюць, і вады для арашэння, суднаходства і генерацыі электраэнергіі становіцца ўсё менш.

З кожным годам у Еўропе няўхільна павялічваецца колькасць дзён, калі кантынент у цэлым перажывае «моцную» або «вельмі моцную» спёку па класіфікацыі C3S, а на поўдні Еўропы той жа трэнд распаўсюджваецца на дні «экстрэмальнага цеплавога стрэсу».

Навукоўцы даўно папярэджвалі, што награванне планеты парушае кліматычную раўнавагу і прыводзіць да «арэляў» — зімой усё часцей патопы, ураганы і маразы, а летам — засуха і спёка, а замест пажыўнага дажджу — разбуральныя залевы з градам.

Практычна ўсе краіны свету падпісаліся пад высновамі аб тым, што пацяпленне — прамы вынік дзейнасці чалавека і выкідаў парніковых газаў у атмасферу. Яны дамовіліся скараціць выкіды і прызналі, што нават калі неадкладна перастаць капціць неба, назапашаныя ў атмасферы газы нікуды не падзенуцца і пацяпленне працягнецца, але тэрміны непазбежнага апакаліпсісу пасунуцца за гарызонт.

Чаму Еўропа не радуецца спякотнаму лету

Перасохлыя рэкі ствараюць праблемы з дастаўкай грузаў і тармозяць прамысловасць і гандаль, і без таго падарваныя посткавідным крызісам і вайной ва Украіне.

Недахоп вільгаці ў зямлі падрывае сельскую гаспадарку і абяцае разгон цэнаў ва ўмовах і без таго рэкорднай за 40 гадоў інфляцыі. Праўда, пакуль што засуха пагражае толькі поўдню Еўропы, дзе ў асноўным вырошчваюць садавіну, аліўкі і зеляніну. Пшаніца і іншыя збожжавыя ў Францыі, Польшчы і Германіі адчуваюць сябе выдатна, дзякуючы багатым дажджам у сакавіку і красавіку.

Без вады памяншаецца выпрацоўка электраэнергіі як на гідраэлектрастанцыях, так і на АЭС, як гэта было летась у Францыі, калі ўзровень вады аказаўся недастатковым для ахаладжэння ядзерных рэактараў. У выніку летам даводзіцца паліць назапашаны на зіму газ, цэны на які б'юць рэкорды праз энергетычную вайну Крамля супраць ЕС.

Праўда, аднаўляльнай сонечнай энергіі хапае. Па даных цэнтра Каперніка, калі хуткасць ветру ў мінулым годзе ў Еўропе была практычна на ўзроўні 30-гадовай сярэдняй, то сума сонечнай радыяцыі на паверхні працягнула павялічвацца і стала рэкорднай за ўсю 40-гадовую гісторыю назіранняў.

Лясныя пажары — яшчэ адно разбуральнае наступства сухога і гарачага надвор'я, якое пагражае жыццю і здароўю людзей. Яны знішчаюць дамы, палі, лясы, дарогі і масты, памяншаюць эканамічны рост і павялічваюць выкіды парніковых газаў у атмасферу.

Паводле свежых звестак еўрапейскай сістэмы EFFIS, «анамальны» ўзровень пажаранебяспекі захаваецца цяпер амаль на ўсёй тэрыторыі Іспаніі і ў частцы Партугаліі, а таксама на поўначы Еўропы — у Скандынавіі і краінах Балтыі.

Спёка забівае людзей. Ацэнкі маштабу адрозніваюцца, аднак факт залішняй смяротнасці ў экстрэмальна гарачыя гады бясспрэчны. Паводле падлікаў навукоўцаў, калі б не глабальнае пацяпленне, ахвяр экстрэмальна гарачага надвор'я было б менш прыкладна ў паўтара з лішнім раза.

Каментары

Марыя Калеснікава сустрэлася з татам12

Марыя Калеснікава сустрэлася з татам

Усе навіны →
Усе навіны

ТАСС апісала, як людзі з Курскай вобласці вяртаюцца ў разрабаваныя УСУ дамы. Але ў тым горадзе стаяла толькі расійская армія

У Мінску будуюць завод, які зможа перапрацоўваць усё смецце сталіцы11

Забыты на дзесяцігоддзі антыбіётык можа стаць зброяй супраць супербактэрый3

Вучоныя зафіксавалі, як сперматазоіды парушаюць адзін з законаў фізікі2

Аўтамабіль хуткай дапамогі ўрэзаўся ў агароджу на трамвайных пуцях у Мінску

Опцыі адмаўчацца ў спартсменаў больш няма. Цяпер не толькі «нада», але і па першым шчаўчку12

«Я зразумела, што не стамілася». У Мінскай вобласці здаюць домікі на вадзе за 800 рублёў у суткі — каментатары ў шоку6

Жудаснае ДТЗ у Кітаі: машына ўляцела ў натоўп людзей

Алексіевіч: Я вярнуся, калі народ вернецца45

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Марыя Калеснікава сустрэлася з татам12

Марыя Калеснікава сустрэлася з татам

Галоўнае
Усе навіны →