Грамадства1717

«У Беларусі і так страшна жыць, а калі ты яшчэ ўжываеш беларускую мову, то адчуваеш дадатковую рызыку»

Аліне (імя зменена) 22 гады, тры гады таму яна цалкам перайшла з рускай на беларускую мову. Цяпер дзяўчына працуе прадаўцом-кансультантам у адной са сталічных крам, дзе быць незаўважанай, як яна кажа, немагчыма. Аліна распавяла «Салідарнасці», як гэта — быць беларускамоўным спецыялістам у Беларусі.

Цалкам Аліна перайшла на беларускую мову ў 2019 годзе, хаця больш яе ўжываць стала ў 2017-м.

— У дзяцінстве ў мяне было разуменне, што беларуская мова ёсць толькі на ўроках беларускай мовы ў школе, а навошта яе вывучаць, не ведала. У падлеткавым узросце я пачала вучыцца граць на гітары, хутка даведалася пра спявачку Рэспубліка Паліна, у якой былі песні на беларускай мове. Я падумала: ваў, гэта так прыгожа гучыць. Тады я адчула ўсю прыгажосць нашай мовы, і ў мяне з’явілася да яе зацікаўленасць.

У 17 год я патрапіла ў адно месца (дзеля бяспекі мы не раскрываем яго назвы — С.), дзе мае аднагодкі размаўлялі выключна на беларускай. Я была ў шоку, што ёсць такія маладыя людзі. Пачала цікавіцца гісторыяй Беларусі, нашай літаратурай, музыкай — і ўсё гэта пацягнула за сабой. Я зразумела, што наша мова вельмі прыгожая, але было вельмі шкада, што на ёй мала хто размаўляе.

Мне стала страшна за яе існаванне і я падумала: што я магу зрабіць, каб беларуская мова працягвала існаваць? Самае маленькае і самае вялікае — ужываць яе ў паўсядзённым жыцці.

Але Аліна прызнаецца, што гэта быў даволі доўгі працэс: проста захацець і перайсці ў яе выпадку было немагчыма. Спачатку дзяўчына размаўляла на беларускай з сябрамі, валанцёрыла на розных беларускамоўных імпрэзах — наогул, фармавала беларускамоўнае асяроддзе. І толькі потым пачала ўжываць беларускую ў сям’і і на працы.

Ужо больш за год суразмоўніца «Салідарнасці» працуе прадаўцом-кансультантам у адной з мінскіх крам:

— Шчыра кажучы, я ўжо стамілася ад сітуацый, калі кліенты просяць перайсці на рускую мову. Калі пытаю, ці не разумее чалавек беларускую, і ён адказвае «так, не разумею», кажу, што мая задача — дапамагчы яму, таму я буду карыстацца больш простай мовай, але ўсё адно беларускай. Калі ёсць нейкая негатыўная сітуацыя, я проста пераключаю на рускамоўнага спецыяліста.

Кожны дзень я атрымліваю шмат рэакцый на тое, што размаўляю на беларускай. Большасць з іх — станоўчыя. Людзі кажуць: «Дзякуй вам за беларускую мову», ці «Ваў, вы размаўляеце па-беларуску». Спачатку гэта прыемна, адчуваеш, што робіш важную справу. Але з часам гэта пачынае раз’юшваць: я ведаю, што ў людзей гэта натуральна, але ад гэтага вельмі стамляешся, бо такая сітуацыя ў краіне.

Самая крутая рэакцыя для Аліны — нейтральная: калі чалавек чуе беларускую мову і або пераходзіць сам на яе ж, або працягвае гаварыць на рускай, не даючы ніякіх каментароў пра яе беларускую. Але час ад часу даводзіцца сутыкацца і з негатывам.

— Калі такое адбываецца, размову з кліентамі працягваюць мае калегі. У асноўным гэта нешта накшталт: «Я размаўляю з вамі на рускай, чаму вы са мной — па-беларуску?» ці «Я ваш кліент, размаўляйце са мной на рускай мове». Могуць гучаць нейкія непрыемныя словы.

Была ў мяне яшчэ такая дзіўная сітуацыя: трэба было пацвердзіць замову, я тэлефаную жанчыне з вёскі. Цягам размовы яна пытае: «О, а вы размаўляеце па-беларуску?». А следам: «Гэта так класна, а вы ж за нашага прэзідэнта, так?» Я адказала, што на працы не размаўляю на палітычныя тэмы, на што яна сказала, што ўсё ж такі я супраць, а шкада, бо ён жа такі харошы.

Нават у 2019-м, калі суразмоўніца «Салiдарнасцi» перайшла цалкам на беларускую мову, яна адчувала небяспеку. Але пасля 2020 года гэта адчуванне павялічылася:

— Я заўсёды адчуваю ўвагу, якая можа прывесці не да дабра. Калі раней я ехала маршруткай, то магла сказаць: «Спыніце мне на прыпынку», а апошнім часам мне проста страшна казаць гэта на беларускай, бо я не ведаю, хто са мной едзе. Тое ж самае на працы: ніколі не ведаеш, які кліент да цябе трапіць і куды ён можа паведаміць, што тут працуе беларускамоўны чалавек.

Нават калі я іду па вуліцы і мой сябра гучна размаўляе на беларускай, мне няёмка і страшна. Тут і так страшна жыць, а калі ты яшчэ хочаш, каб твая мова развівалася і ўжываеш яе, то адчуваеш дадатковую рызыку.

На пытанне, чаму паводле нядаўняга сацыялагічнага апытання толькі 16% беларусаў лічыць, што адзінай дзяржаўнай мовай у краіне павінна быць беларуская, Аліна адказвае: мабыць, і не дзіўна, што такі адсотак, бо ёсць страх.

— Рускамоўныя людзі, верагодна, думаюць, што павінны будуць гвалтоўна перайсці на беларускую. Але ж гэта не так. Тут рэч у тым, што справаздачнасць і дакументы ў краіне будуць на беларускай мове, і калі гэта пачнецца на дзяржаўным узроўні, потым можа перайсці і на нацыянальны. Але ніхто не павінен увогуле пераходзіць на беларускую мову цалкам.

Мне здаецца, сярод людзей ёсць шмат неразумення, што будзе, калі дзяржаўная мова будзе адна — беларуская. Было б класна, каб распавядалі, як выглядае такі пераход, каб гэта не ўспрымалася, як нешта гвалтоўнае.

Таксама важна паказваць, якія наступствы могуць чакаць, калі такога пераходу не будзе. І наадварот, як добра гэта можа паўплываць на Беларусь.

Але тут я б падкрэсліла: па сваіх уласных назіраннях заўважыла, што стала чуць больш беларускай мовы ў Мінску. Нават зараз сярод кліентаў можа быць 10 чалавек на месяц беларускамоўных.

Дзяўчына таксама распавядае, што да яе ў краму часта прыходзяць расіяне, і калі яны просяць перайсці Аліну на рускую мову, яна кліча рускамоўнага прадаўца.

— Асабліва іх стала шмат пасля таго, як аб’явілі мабілізацыю ў Расіі. Нядаўна да нас таксама прыходзілі расійскія вайскоўцы з пазнакамі Z на рукаве. Мы абмяркоўвалі з калегамі, што рабіць у такіх сітуацыях, бо калі ім адмовіць, могуць быць праблемы і ў цябе, і ў крамы.

Мы вырашылі, што часам можна неяк «злівацца», сказаць, што ў нас такога тавару няма. У такой сітуацыі я адчуваю сябе так: разумею, што не прадаю зброю і што мая мэта як прадавачкі — дапамагчы кліенту, але у гэтым выпадку маральна складана быць добрым прадаўцом, таму я або шукаю выйсце, каб «зліцца», або абслугоўваю з мінімальнай кансультацыяй і размовай.

У канцы гутаркі Аліна дзеліцца сваімі перажываннямі аб жыцці ў Беларусі ў апошні час і планамі.

— Тут страшна кожны дзень. Як бы жудасна не гучала, але ўвечары думаеш, што гэта быў яшчэ адзін дзень на волі. Але я стараюся рабіць тое, што мне важна: рэалізую свой музычны праект і ўвогуле займаюся музыкай. Стараюся развівацца і дапамагаць людзям.

Я чакаю, калі ў мяне скончыцца размеркаванне. Потым планую паехаць кудысьці на валанцёрства ці на вучобу, каб перастаць адчуваць небяспеку і крышачку расслабіцца.

Відавочна, пакуль я ў Беларусі, думаю, што абавязкова вярнуся. Было б добра набрацца досведу ў важных для сябе рэчах. Напрыклад, мне цікавая музыкатэрапія. У нас такому не вучаць, але я хацела б даведацца пра гэта і прывезці сюды, каб дапамагаць беларусам у Беларусі.

Каментары17

  • Мова і мова
    15.03.2023
    Калі чуеш кампліменты за мову не трэба раздражняцца, бо гэта толькі частка табе, а частка мове. Трэба ціха парадавацца: "А сапраўды ж усё гэта не дарэмна!"
  • Aresa
    15.03.2023
    Strašna, što ŭ adnosinach našaj movy 80% h.z. novaj apazicyi, ličaščaj siabie demakratyčnaj, pa sutnaści źjaŭlajecca takoj ža svałatoj, jak i łukašysckija karniki. Mova jak łakmus. Voś heta pa sapraŭdnamu strašna.
  • Угу
    15.03.2023
    Власть ябатек и лукашенко сделала, делает и будет делать всё, чтобы носителей белорусского языка становилось меньше, а оставшихся загонять в гетто и вешать разные ярлыки, от "бадеровцев" до "бнфовцев".
    И большинство это устраивает. Имея 86% белорусов, ябатьки переделали страну под 8% русских хозяев....
    Представьте, чтобы немца преследовали в Германии за немецкий язык, русского в России за русский язык, а тут, на каждом шагу и на ура.
    Власть то ябатек от дьявола и для русских, поэтому так и живём.

Усю Беларусь пачалі размалёўваць прымітыўнымі мураламі ад БРСМ 7

Усю Беларусь пачалі размалёўваць прымітыўнымі мураламі ад БРСМ 

Усе навіны →
Усе навіны

Аўсяны кісель і варыяцыі на тэму

«Пад роспіс даводзяць, што гэта абавязкова». Дзяржаўных сцягоў на беларускіх шматпавярховіках стане больш14

Лаяльных беларусаў не засталося? У новым сезоне «Фактар.by» у журы спрэс расіяне6

Куба засталася без электрычнасці пасля аварыі на галоўнай ЦЭЦ краіны

Памёр Генадзь Цыхун

«Як ягня выконваў іх «парады». Тэлефонныя махляры абдурылі Маляваныча8

Украіна апублікавала ВІДЭА з дзясяткамі салдат КНДР, якія атрымліваюць расійскую форму7

«Кансэнсусу цяпер няма». Байдэн выказаўся пра дальнабойныя ўдары па Расіі3

Сілавікі затрымалі прызыўніка за празмерна вялікае жаданне служыць ва ўнутраных войсках5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Усю Беларусь пачалі размалёўваць прымітыўнымі мураламі ад БРСМ 7

Усю Беларусь пачалі размалёўваць прымітыўнымі мураламі ад БРСМ 

Галоўнае
Усе навіны →