Навукоўцы змаглі вывесці жывое патомства ад двух мышэй-самцоў. На чарзе — доследы на людзях
«Гэта дазволіць размнажацца без удзелу жанчын».
Навукоўцы з універсітэта Осакі змаглі атрымаць 7 здаровых мышанят ад дарослай пары самцоў. Пра гэта 9 сакавіка паведаміла агенцтва Sky News.
«Гэта стала магчымым дзякуючы ператварэнню мужчынскай ствалавой клеткі аднаго з самцоў у жаночую яйцаклетку, якую пасля гэтага апладніў ужо іншы самец. Атрыманае патомства не мела ніякіх праблем са здароўем і працягласцю жыцця», — заявіў прафесар Кацухіка Хаясі з Універсітэта Осакі, прэзентуючы гэты праект на навуковай канферэнцыі ў Лондане.
Паводле яго слоў, гэтае адкрыццё дазволіць двум мужчынам заводзіць сваіх дзяцей без удзелу жанчын. А жанчынам гэта можа дапамагчы ў лячэнні сіндрому Цёрнэра — асаблівага жаночага генетычнага захворвання, якое цалкам або часткова знішчае адну з X-храмасом, што прыводзіць да нізкаросласці, дэфармацыі суставаў, лімфастазу і іншых праблем развіцця.
Пры гэтым, як адзначае прафесар Хаясі, на адаптацыю падобнай тэхналогіі пад патрэбы чалавека спатрэбяцца гады, бо чалавечым клеткам трэба больш часу для вытворчасці спелых яйцаклетак, і за гэты перыяд звычайна ўзнікае больш адхіленняў ці анамалій.
Нагадаем, што яшчэ ў лістападзе мінулага года брытанскія навукоўцы стварылі эмбрыён мышы, наогул не выкарыстоўваючы палавыя клеткі.
А іншая каманда даследчыкаў ужо сёлета змагла цалкам спыніць працэс старэння ў мышэй і нават амаладзіць іх.
Каментары
Вунь і Колю без афіцыйнае жонкі зрабілі, тобок навад выпесьцілі яго ўсімі Драздамі 8-)