Грамадства33

Аляксей Кудзін пра калонію: Падцягваўся на кратах, адціскаўся ад падлогі…

Чэмпіён свету па кікбоксінгу і тайскім боксе распавёў «Народнай Волі» пра сваё знаходжанне за кратамі, новы жыццёвы досвед і планы ўжо ў гэтым годзе вярнуцца на рынг.

Аляксей Кудзін — беларускі баец ММА, шматразовы чэмпіён свету па кікбоксінгу і тайскім боксе.

Спартсмен быў затрыманы пасля акцыі пратэсту ў Маладзечне 10 жніўня 2020 года. 21 жніўня яго адпусцілі на волю, але распачалі крымінальную справу і абралі меру стрымання ў выглядзе хатняга арышту.

На судовае пасяджэнне 19 лістапада Кудзін не з’явіўся. Пасля гэтага суддзя змяніла меру стрымання на заключэнне пад варту, і спартсмена афіцыйна абвясцілі ў вышук.

Аляксея затрымалі ў Маскве і экстрадзіравалі ў Беларусь, дзе ён у выніку і быў асуджаны на 2 гады і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму.

Адбываў пакаранне чэмпіён свету ў Шклоўскай калоніі і выйшаў на волю напрыканцы мінулага года. Мы гутарым з Аляксеем Кудзіным праз месяц пасля яго вызвалення…

— Псіхалагічна мне было не вельмі складана зноў адаптавацца да грамадзянскага жыцця, хаця, безумоўна, ёсць свае нюансы, — кажа Аляксей. — Справа ў тым, што я заўсёды трэніраваўся — і да затрымання, і ў СІЗА, і ў калоніі, і цяпер — пасля выхаду на волю. Таму без перапынку падтрымліваў і фізічную форму, і сувязь з сям’ёй — была такая магчымасць.

Ці памятаеце, як правялі апошнія суткі ў калоніі? Адчувалі нейкае хваляванне перад вызваленнем?

— Гэта быў звычайны шараговы дзень, які нічым асабліва не адрозніваўся ад папярэдніх. Прыйшоў час вызваляцца — здаеш рэчы, бялізну… Звычайна выпускаюць з калоніі ў 9—10 раніцы. Ідзеш на КПП, табе аддаюць дакументы, асабістыя рэчы. І далей, як кажуць, выйшаў — і забыў. І пра цябе ў калоніі забыліся.

Таму, я вам шчыра скажу, у маім выхадзе на волю не было нейкай рамантыкі. А псіхалагічна я і так увесь час быў дома, разам са сваёй сям’ёй.

— Як вам Шклоўская калонія?

— Як ужо казаў, у мяне там была магчымасць трэніравацца. Прыемна здзівіла таксама мясцовая бібліятэка. Я адразу туды запісаўся і шмат чытаў. У тым ліку і беларускамоўных класікаў — Уладзіміра Караткевіча, Івана Мележа, Якуба Коласа, Івана Шамякіна…

Прачытаў шмат кніг на гістарычную тэматыку. Можна нават сказаць, што мінулы год я прысвяціў не толькі заняткам спортам, але і гістарычнай адукацыі. У калоніі для мяне ў прыярытэце былі кнігі і трэніроўкі.

— Дзе вам даводзілася складаней — у калоніі ці ў следчым ізалятары?

— У СІЗА было складаней у тым плане, што там ты круглыя суткі знаходзішся ў закрытай прасторы, і ў цябе ёсць усяго гадзіна ці паўтары на прагулку.

А ў калоніі — больш свабодная прастора. У бараку звычайна 70—75 чалавек, але на тэрыторыі папраўчай установы ёсць лакальны ўчастак, дзе можна пазаймацца нечым, пагуляць на лаўцы ў нарды ці даміно. На кухні маецца халадзільнік, у якім у кожнага асуджанага ёсць сваё невялікае месца для прадуктаў.

Для мяне гэта было як служба ў арміі, але з некаторымі асаблівасцямі яе праходжання. Пад’ём быў у 5.30 ці 5.40 раніцы, адбой — у 21.40—21.45.

— А ў СІЗА колькі чалавек было ў вашай камеры?

— Па-рознаму, бо я прайшоў праз розныя ізалятары. Мяне ж затрымалі ў Расіі, таму спачатку змясцілі ў мясцовае СІЗА, дзе было звычайна 5—6 чалавек. Прыкладна столькі было са мной і ў беларускіх следчых ізалятарах. Хаця, напрыклад, калі знаходзіўся ў СІЗА на Валадарскага, то ў камеры было толькі два чалавекі — я і яшчэ адзін арыштант.

А як вы наогул патрапілі ў Расію? Ведалі ж, напэўна, што там таксама могуць затрымаць…

— У Расію я паехаў да сваякоў і па іншых справах — неабходна было вырашыць і закрыць некаторыя асабістыя і спартыўныя пытанні. Я там ні ад каго не хаваўся і не «шыфраваўся», бо не лічыў сябе злачынцам. Я 17 год быў у спорце высокіх дасягненняў, славіў сваімі вынікамі краіну і разумеў, што я — не крымінальнік. Таму спакойна перамяшчаўся па Маскве і нават змяшчаў у інстаграме свае фота. Але роўна праз два месяцы пасля майго прыезду ў Расію быў затрыманы.

Затрымлівалі ў Маскве?

— Так, 21 студзеня гэта адбылося. Адправілі ў Кашырскае СІЗА, што ў Маскоўскай вобласці.

Адрозніваюцца расійскія следчыя ізалятары ад беларускіх?

— Скажам так: паўсюль па-рознаму. Напрыклад, у Кашырах былі адны ўмовы ўтрымання, у Зеленаградскім СІЗА, дзе давялося таксама правесці пэўны час, некалькі іншыя.

А ўвогуле, трэба разумець, што ізалятар — гэта ізалятар. І ў гэтым плане няма вялікага адрознення ні ў Расіі, ні ў Беларусі.

Было спадзяванне, што з Расіі вас усё-такі не дэпартуюць у Беларусь?

— Натуральна, што надзея на гэтая заставалася, я свае шанцы на дэпартацыю ацэньваў як пяцьдзясят на пяцьдзясят. А пасля ўжо супакойваў сябе думкай, што як будзе, так і будзе. Пакінуць — значыцца, пакінуць. Дадому — няхай будзе так.

Як сакамернікі ставіліся да чалавека, калі даведваліся, што ён — чэмпіён свету па кікбоксінгу і тайскім боксе? Увогуле, ведалі пра вашы дасягненні ў спорце ці вы гэта хавалі?

— Я хачу сказаць, што ў месцах зняволення імя ідзе наперадзе цябе. У Расіі, напрыклад, не паспеў заехаць у СІЗА, а там ужо ўсе ведалі, хто я і чым раней займаўся.

І варта адзначыць, што ставіліся з павагай. Усё-такі там паважаюць культ сілы і тое, як ты сябе паводзіш падчас зносін. Спачатку ацэньваюць знешне, а затым і ўнутрана. Калі чалавек не толькі фізічна моцны, а яшчэ і адукаваны, сочыць за сваім языком, то павага такому будзе ў любым месцы зняволення. І, як кажуць, людзі да цябе пацягнуцца.

— У вас не было канфліктаў з іншымі зняволенымі?

— Ніводнага разу за два гады — ні ў СІЗА, ні ў лагеры! Ні ў маральным плане, каб з некім моцна пасварыліся, ні, тым больш, у фізічным. Я — чалавек камунікабельны і заўсёды шукаю канструктыўны дыялог. Нават калі чалавек да канца не разумее сітуацыі і стараецца паводзіць сябе агрэсіўна.

Я ў такім выпадку казаў: «Табе трэба супакоіцца, тым больш што нам яшчэ разам сядзець. Я магу цябе з лёгкасцю супакоіць фізічна, але не варта даводзіць да гэтага». У мяне былі 2—3 такія спакойныя размовы за ўвесь час.

Адзін асуджаны, які раней лячыўся ў ЛТП, спрабаваў мне неяк даказаць сваю пазіцыю, але я яму адказаў коратка: «Ідзі сваёй дарогай, мы з табой абсалютна розныя людзі. Ты п’еш таблетачкі ад алкагалізму, а я трэніруюся. Гэта — мае нары, а тыя — твае. Да пабачэння!»

А з адміністрацыяй СІЗА і калоніі як складваліся адносіны?

— Таксама ўсё было нармальна — ніякага ціску ці нечага іншага. Магчыма, гэта звязана з тым, што я быў вядомы ў спартыўных колах чалавек, меў шмат узнагарод. У рэшце рэшт, я шмат што зрабіў для нашай краіны.

Які ў вас быў графік трэніровак у ізалятарах і ў шклоўскай калоніі?

— У расійскіх СІЗА на вуліцы былі спартыўныя дворыкі, і там мне дазвалялі трэніравацца па тры, а то і чатыры гадзіны на дзень. У 8 гадзін раніцы выходзіў у дворык і да 11.00—12.00 займаўся. Сядзеў з хлопцамі, якія таксама раней выступалі ў розных відах спорту на ўзроўні зборнай, а таму мы трэніраваліся разам. У нас нават былі пальчаткі і лапы, спартыўныя снарады для заняткаў спортам. Там атрымлівалася паўнавартасна займацца.

У СІЗА на Валадарскага, дзе я правёў не так шмат часу, каля гадзіны адводзіў трэніроўкам, а ў Жодзінскім ізалятары таксама знайшоў аднадумцаў — хлопцы раней хадзілі ў спартыўныя секцыі. Адным словам, у нас была спартыўная камера. А адзін хлопец, калі паназіраў за нашымі заняткамі, пачаў паліць па мінімуму і кінуў есці маянэз з кетчупам. У яго вага была каля 140 кілаграмаў, а за два з паловай месяцы ён скінуў больш за 20 кілаграмаў.

Гадзіну мы займаліся ў дворыку, а затым яшчэ столькі ж працавалі ў камеры. Падцягваліся на кратах, адціскаліся ад падлогі, накачвалі прэс і рабілі гіперэкстэнзію (практыкаванне для ўмацавання ніжняй часткі спіны)…

Карацей кажучы, мазгі і цела працавалі, а ў экстрэмальных умовах галава пастаянна прыдумляла нешта новае.

Што тычыцца калоніі ў Шклове, то там таксама было дзе і спортам займацца, і лёгкія прабежкі зрабіць.

Для паўнавартасных трэніровак неабходна яшчэ і збалансаванае харчаванне…

— Блізкія мне пастаянна перадавалі перадачы — дазвалялася ў пэўны перыяд 50 кілаграмаў прадуктаў і 10 кілаграмаў гародніны. У мяне быў менш цяжкі артыкул, таму перадачы даходзілі кожныя тры месяцы. У дадатак можна было пералічваць да 6 базавых велічынь на мой рахунак у калоніі, таму ў магазіне можна было яшчэ нешта дакупіць, калі чагосьці не хапала. Там былі і курыца, і малочная прадукцыя, і каўбасныя вырабы… Што хочаш — тое і купляй.

Я прасіў, каб жонка дасылала мяса, сыр, спартыўныя пратэінавыя батончыкі, таму за харчаваннем сачыў. Напрыклад, цалкам прыбраў са свайго рацыёну цукар, пячэнне і іншыя такога кшталту прадукты. Разумеў, што не варта арганізму расслабляцца. Праявіш слабасць — пасля не нагоніш тое, што ўпусціў. Тым больш што цвёрда ведаў: пасля выхаду на волю зноў буду трэніравацца і выступаць на спаборніцтвах.

Так, не хапала за кратамі працы ў пары, але гэта я дабіраю цяпер. Натуральна, адчуваецца, што даўно не працаваў, але мяркую, што праз месяц буду ў форме.

— Атрымлівалі лісты, калі адбывалі тэрмін?

— Вельмі шмат людзей пісала, за што я ім вельмі ўдзячны. Стараўся з ўсімі ліставацца. У мяне быў рэкорд, калі за суботу-нядзелю адказаў адразу на 43 лісты. На жаль, калі вызваляўся, лісты, якія мне дасылалі, не аддалі, і, магчыма, знішчылі.

— Аляксей, а ці падтрымлівалі вы сувязь са сваім трэнерам?

— Так, праз жонку была сувязь і з трэнерам, і з менеджарам. Пяць разоў на тыдзень дазвалялася тэлефанаванне дадому, таму я быў у курсе ўсіх апошніх падзей у нашай спартыўнай сферы.

Паўтаруся, душой я быў дома, разам са сваёй сям’ёй і сябрамі. Я па жыцці — аптыміст, гэтак жа, як і мая жонка Таццяна. Ёй, безумоўна, няпроста давялося з пяццю дзецьмі, але яна таксама моцны чалавек.

Наколькі вядома, Таццяна вас і сустракала ў Шклове пасля вашага выхаду на волю…

— У Шклоў прыехала і жонка, і дзеці. Мы адразу ж заехалі на першую па дарозе аўтазапраўку, дзе я купіў вялікі латэ і два фрэнч-догі. Можна было дазволіць сабе і такую ежу ў такі дзень.

Калі прыехалі дадому, то пасядзелі крыху за сталом з сям’ёй і бацькамі, але вялікай феерычнасці з танцамі і салютамі не было. Проста пасядзелі і пагаварылі. Як быццам я на нейкі час з’язджаў з сям’і на доўгатэрміновыя зборы. Затым была падрыхтоўка да навагодніх святаў, бо вызваліўся 28 снежня, а ўжо 3 студзеня я адправіўся на першую за два гады паўнавартасную кросавую прабежку.

Відаць, дзеці ад вас не адыходзілі?

— Так і было. Тата павінен быў адводзіць і ў школу, і ў дзіцячы садок. У нейкі дзень трэба было весці малодшую дачку ў садок, прачнуўся ў сем раніцы, пачаў шукаць у шафах адзенне дачкі. Шукаю і разумею — цяпер не ведаю, што і дзе знаходзіцца. Пакуль сабраў дачку — аж потам пакрыўся, быў сапраўдны лёгкі стрэс. Праўда, з часам прызвычаіўся.

Натуральна, што Новы год таксама сустракалі вузкім сямейным колам. Усё было цёпла і душэўна.

За кратамі Новы год адзначалі таксама?

— Зразумела, што ніякіх святкаванняў там не дазваляецца, хаця крыху святочнай атмасферы дадаецца. У калоніі асуджаныя збіраюцца невялікімі групамі, купляюць прадукты ў магазіне, робяць пірагі і торты. Я быў ўражаны, як смачна гатуюць людзі, якія ўжо працяглы час знаходзяцца ў калоніі. Што толькі не прыдумляюць! Мясныя і салодкія торты, розныя соусы самі гатуюць… Чалавек у любых умовах хоча заставацца чалавекам.

Я, дарэчы, на Новы год дазволіў сабе выпіць ў калоніі дзіцячага безалкагольнага шампанскага, якое набылі ў мясцовым магазіне.

— Чым вы займаліся месяц пасля вызвалення?

— У асноўным была кросавая падрыхтоўка, праца на турніку і з гірамі. Таксама ў спартыўным дыспансеры праходзіў паўнавартаснае абследаванне, бо трэба ведаць пра свой сённяшні рэальны фізічны стан. Дык вось па выніках абследавання сёння мой фізічны стан па пяцібальнай сістэме можна ацэньваць на чатыры.

Вечарам я каля гадзіны гуляю на вуліцы з сабакам, таму гэта такая дадатковая кардыяпраца. Таксама, як ужо казаў, пачаў працаваць у парах.

— Якія ў вас планы на гэты год? На рынг, відаць, яшчэ не выйдзеце?

— У гэтым годзе ў маіх планах правесці як мінімум тры баі. У мяне ёсць вялізнае жаданне гэта ажыццявіць, тым больш, што адчуваю сябе проста цудоўна.

Сакрэт, з кім збіраецеся выйсці на рынг?

— Пра гэта рана казаць, бо пакуль усё знаходзіцца на стадыі перамоваў. Таму не варта нічога загадваць.

— Напэўна, да баёў з вашым удзелам будзе дадатковая цікавасць, і іх арганізатары на гэтым могуць нядрэнна зарабіць. Анонсы будуць такога кшталту: «Чэмпіён свету выйшаў з турмы і збіраецца вярнуць свой тытул!».

— Магчыма, той факт, што я пабываў у калоніі, будзе надаваць матчам нейкі дадатковы інтарэс, і балельшчыкі захочуць убачыць, у якой я цяпер форме пасля двух гадоў у зняволенні. Ды і маім сапернікам, напэўна, будзе цікава паглядзець, ці моцна мяне змянілі абставіны.

Дарэчы, пра абставіны… Не шкадуеце пра тое, што зрабілі ў 2020 годзе, праз два гады за кратамі?

— Па жыцці я — жорсткі аптыміст, таму ні пра што не шкадую. Калі было наканавана так здарыцца — нічога не зробіш. Гэта ўжо стала гісторыяй і майго жыцця, і маёй сям’і.

Але сёння трэба глядзець у будучыню і крочыць далей. У мяне ўжо ёсць чатыры чэмпіёнскія паясы. Таму для круглай лічбы чаму б не ўзяць і пяты?

Каментары3

  • Крокус
    14.02.2023
    Файны дзядзька і добрв спартовец! А мусарылы, якіх ен трэніраваў, здрайцы і не мужчыны
  • Балельшчык
    14.02.2023
    Як не прыемна чытаць гэты артыкул па- беларуску. Столькі расейскай калькі аж жах.
  • Буслik
    14.02.2023
    Ещё неприятнее читать , вашу трасянку , выучи мову и не позорь память моей учительницы по белмове.

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары8

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары

Усе навіны →
Усе навіны

На Філіпінах віцэ-прэзідэнтка адкрыта прыгразіла прэзідэнту і яго сям'і смерцю2

У беларускіх лясах пайшлі зімовыя апенькі. Якія яшчэ грыбы не спужаліся першых снегападаў?

Ангела Меркель: Я добра ведала намеры Пуціна і ведала, што ён вораг Еўропы11

У Брэсце паставілі скульптуру Дон Кіхота з ветраком, падобным да вентылятара ФОТАФАКТ1

«Жанчыны, на якіх можа разлічваць Гайдукевіч». Найлепшыя твіты тыдня2

Міністр замежных спраў Францыі пацвердзіў права Украіны біць па Расіі французскімі ракетамі2

«Усё ў нашых руках». Камандзір каліноўцаў Павел Шурмей сустрэўся з беларусамі Вільні24

Знялі з пасады камандуючага расійскай групы войскаў «Поўдзень». Кажуць, што брахаў начальству пра поспехі1

«20 сутак правёў у камеры з вар'ятам без адной рукі». Маналог палітвязня, які трапіў у калонію за 8 рублёў шкоды5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары8

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары

Галоўнае
Усе навіны →