У Аўстрыі трох беларусаў затрымалі за крадзеж адзення ў гандлёвым цэнтры
У Аўстрыі затрымалі траіх грамадзян Беларусі за крадзеж адзення ў модным моле. Інцыдэнт адбыўся ў аўстрыйскай грамадзе Парндорф, што ў федэральнай зямлі Бургенланд, піша выданне MeinBezirk.at са спасылкай на мясцовую паліцыю.
Паведамляецца, што 4 лютага супрацоўнік аховы моднага мола Designer Outlet Parndorf затрымаў 38-гадовага беларуса ў той момант, калі той спрабаваў здзейсніць крадзеж.
Выкліканая ахоўнікам паліцыя даставіла затрыманага ў найбліжэйшы пастарунак, дзе неўзабаве высветлілася, што дзейнічаў ён не адзін, а з двума таварышамі, таксама беларусамі.
Неўзабаве тыя два беларусы былі таксама затрыманыя. Высветлілася, што яны ўжо паспелі ўкрасці адзення больш чым на тысячу еўра.
Праўда, пасля кансультацый, праведзеных з пракуратурай, усіх траіх хутка вызвалілі, не стаўшы іх утрымліваць пад вартай.
Каментары