Мова3535

Тыктокерка-асветніца Ліза Ветрава: Я імкнулася зруйнаваць стэрэатып, што вывучэнне беларускай мовы — складаная і нудная справа

У тыктоку беларускамоўнай блогеркі Лізы Ветравай на гэты момант 89 тысяч падпісантаў. Дзяўчына здымае адукацыйныя відэа, дзе распавядае пра граматыку беларускай мовы, дзеліцца малаўжывальнымі словамі ды сакрэтамі маўлення. Частая змена вобразаў, гумар і лёгкасць падачы — гэта тое, што, па словах самой Лізы, прыцягвае аўдыторыю. «Будзьма» расказала гісторыю Лізы і некалькіх яе падпісантаў, якія перайшлі на беларускую мову дзякуючы тыктоку.

Тыкток і родная мова

«Я ніколі не хацела рабіць доўгія нудныя лекцыі, — кажа Ліза. — Наадварот, я імкнулася зруйнаваць стэрэатып, што вывучэнне беларускай — складаная і нудная справа».

Сама блогерка перайшла на беларускую мову ўлетку 2020 года, яшчэ да выбараў. Хутка дзяўчына заўважыла, што людзі добра ставяцца да яе, калі яна размаўляе па-беларуску ў публічнай прасторы.

«Мне дзякавалі, частавалі кавай, — успамінае Ліза. — Неяк адна прадавачка булачку дала з сабой, бо я з ёй па-беларуску размаўляла. Я зразумела, што людзям не хапае беларускай мовы».

У той момант Ліза вырашыла, што зможа ахапіць вялікую колькасць беларусаў, якім бракуе роднай мовы, менавіта праз тыкток. Дзяўчына імкнулася натхняць людзей гэтак жа, як яна сама, пераходзіць на беларускую мову.

Ліза дала сабе зарок: калі за 3 месяцы вядзення тыктоку, прынамсі, адзін чалавек напіша, што дзякуючы ёй ён перайшоў на беларускую мову, — усё не дарма, і варта працягваць здымаць відэа.

Ліза Ветрава. Крыніца: instagram.com

Першае відэа, прысвечанае вывучэнню беларускай мовы, з’явілася на старонцы дзяўчыны ў лістападзе 2020 года. Тады Ліза называла беларускія словы і прасіла гледачоў перакласці іх на рускую мову. Цяпер блогерка лічыць такі падыход памылковым.

«Не трэба такім чынам паказваць беларускую мову, а трэба тлумачыць значэнне беларускіх слоў па-беларуску, — кажа Ліза.

— Вось гэтае «перакладзі рускія словы» крута набірае прагляды, але гэта — не пра беларускасць. Ты ўсё адно як быццам глядзіш у бок Расіі».

@li_vetrava Наколькі добра разумееш беларускую мову? Я не піла, проста у канцы язык заплеўся, сам #беларусь #мова #каханне #гульня #словы ♬ оригинальный звук - li_vetrava

У сваім першым відэа Ліза Ветрава просіць сваіх падпісчыкаў перакладаць словы з беларускай мовы на рускую

«Прынамсі, адзін чалавек», які перайшоў на беларускую мову дзякуючы Лізе, з’явіўся даволі хутка. Колькасць падпісантаў расла, пад відэа з’яўлялася ўсё больш і больш каментароў з падзякамі і паведамленнямі аб пераходзе на беларускую.

Калі на старонцы Лізы было ўжо каля 10 тысяч падпісантаў, дзяўчыне напісалі прадстаўнікі грамадскай кампаніі «Годна», якая займаецца прасоўваннем беларускай культуры. Цяпер кампанія прызнаная ў Беларусі экстрэмісцкай, а заснавальнік кампаніі Павел Белавус з 15 лістапада 2021 года знаходзіцца за кратамі.

«Я прыйшла да іх, мне адразу паказалі іх старонку ў тыктоку, — распавядае Ліза. — Маўляў, вось мы таксама вядзём тыкток, але ён не набірае папулярнасць, што думаеш?»

Ліза пачала супрацоўнічаць з «Годна». Цяпер дзяўчына робіць відэа для ютуб-канала і тыктока кампаніі, але ўжо не столькі на моўную, колькі на культурніцкую тэматыку.

«Для мяне тэмы мовы і культуры ўзаемазвязаныя, — тлумачыць Ліза. — Калі я пачала цікавіцца мовай, то шмат чытала пра перыяды яе існавання, пра культурны кантэкст, які ўплываў на яе развіццё, і гэтак далей».

Вокладка відэа з Лізай Ветравай. Крыніца: youtube.com

Ліза кажа, што гэтае супрацоўніцтва таксама паспрыяла росту яе папулярнасці і пазнавальнасці.

Аднак у той момант, калі супраца толькі распачыналася, Ліза заўважыла пэўны заняпад ва ўласным тыкток-блогу: колькасць падпісантаў застыла прыблізна на 10 тысячах і далей не расла. Тады Лізе падавалася, што яна трапіла ў «ценявы бан» — гэта такая з’ява, калі сацыяльная сетка зніжае ахоп кантэнту таго карыстальніка, які нейкім чынам парушае правілы платформы. Напрыклад, калі новыя публікацыі блогера бачныя ў стужцы часткі падпісчыкаў.

Цяпер дзяўчына кажа, што праблема была не ў бане: проста відэа не «заляталі» — не станавіліся папулярнымі. Алгарытмы тыктока працуюць такім чынам, што чым менш у цябе падпісантаў, тым меней праглядаў трэба, каб трапіць у рэкамендацыі да іншых карыстальнікаў. Адпаведна, калі колькасць падпісантаў расце, для таго, каб трапіць у рэкамендацыі, патрэбна больш і больш праглядаў.

Ліза ўспамінае, што змагла пераламіць сітуацыю, калі зняла сцэнку з персанажамі — відэа стала папулярным, на Лізу ў адзін момант падпісалася больш за 2 тысячы чалавек.

@li_vetrava альбо топ 3 хэйт-коментаў пра беларускую мову #беларускаямова #беларускіцікток ♬ In The End - Mellen Gi Remix - Tommee Profitt & Fleurie & Mellen Gi

Адно з першых відэа, дзе Ліза разыгрывае дыялог паміж двума персанажамі

Увогуле, можна сказаць, што папулярнасць Лізы Ветравай шмат у чым абумоўленая фарматам гумарыстычных сцэнак. Шмат папулярных відэа Лізы будуецца па сцэнарыі, дзе яна па чарзе выконвае ролю двух персанажаў, якія вядуць размову паміж сабой. Часта адзін з персанажаў робіць памылкі ў сваёй беларускай гаворцы, а іншы — выпраўляе з іроніяй і жартамі.

Ліза кажа, што больш за ўсё яе падпісантам палюбіўся персанаж Моўнай Блашчыцы — пачварнага стварэння, якое перашкаджае дзяўчыне размаўляць па-беларуску праз выпраўленне памылак.

«Мы ўсе ведаем, што ёсць такія таксічныя выпраўляльшчыкі, але ніхто іх раней не паказваў, — кажа Ліза. — Таму Блашчыца так усім спадабалася. Я ўжо пісала, што стварыла гэтага персанажа, натхніўшыся ўкраінскім моўным маньякам. І я падумала: у мяне ж ёсць такія падпісанты, якія таксама мяне выпраўляюць у такой манеры. Чаму б мне імі не натхніцца і не стварыць свайго персанажа?»

@li_vetrava

А ў вас ёсць хатняя моўная блашчыца?

♬ оригинальный звук - li_vetrava

Першае відэа Лізы з Моўнай Блашчыцай

Моўны маньяк — гэта персанаж з тыктока ўкраінскіх блогераў @govori_garno. Іх старонка прысвечана вывучэнню ўкраінскай мовы. Вядоўцы там таксама распавядаюць пра самыя частыя памылкі праз гумарыстычныя сцэнкі са смешнымі персанажамі.

Ліза не хавае, што шмат натхняецца ўкраінскімі блогерамі, і ўвогуле лічыць, што «нагледжанасць» — гэта важна для стварэння ўласнага якаснага кантэнта.

«У самым пачатку мне не хапала менавіта нагледжанасці, — прызнаецца дзяўчына. — Цяпер я ўсім, хто пачынае ўласны блог, раю глядзець як мага больш іншых блогераў. Адзначаць нейкія тэхнічныя фішкі, тое, як выстаўлена святло, у які момант камера набліжаецца, а ў які — аддаляецца. Усё гэта прыцягвае гледача. Увогуле, калі глядзець кантэнт з іншых краін, можна шмат чым натхніцца і адаптаваць пад нашы рэаліі і нашу мову».

Ліза з пяшчотай і падтрымкай ставіцца да тых, хто пачынае рабіць свой блог на беларускай мове. Адзінае, што для яе крыўдна, — калі цалкам бяруць ідэю яе відэа і нават не пазначаюць яе як аўтарку.

Да таго ж дзяўчына адзначае, што для беларускай аўдыторыі можна рабіць не толькі кантэнт, датычны вывучэння мовы.

«Калі я толькі пачынала, беларускамоўны тыкток быў зусім не распаўсюджаны, — кажа Ліза. — Я памятаю, мяне тады дадалі ў нейкую суполку беларускамоўных блогераў, дык там было ўсяго 20 чалавек: і тыктокеры, і ютуберы, і інстаграмеры. 20 чалавек на ўсю Беларусь! Мы ўсе цяпер ствараем агульную беларускую медыяпрастору, і месца тут вельмі шмат. Можна здымаць амаль што заўгодна: рэцэпты, урокі макіяжу, манікюру…»

Парады ад Лізы

Ліза кажа, што здымаць відэа па-беларуску можна на любую тэму, якая падабаецца. Дзяўчына сама хацела б больш спрабаваць сябе ў іншых тэмах, але не мае на гэта часу. Увогуле, блогерка кажа, што вельмі важна даваць сабе адпачынак, калі рэгулярна выпускаеш кантэнт.

З тэхнічнага пункту гледжання Ліза раіць набыць прафесійнае асвятленне, якое зробіць карцінку больш прыемнай для гледача. Таксама дзяўчына адзначае, што выдатна было б мець тэлефон з добрай камерай, але амаль у любым выпадку атрымаецца прыгожая карцінка, калі выкарыстоўваць святло і здымаць на заднюю, а не франтальную камеру. Акрамя таго, дзяўчына раіць перад здымкамі пісаць сабе сцэнарый: лепей мець, прынамсі, касцяк таго, што вы збіраецеся сказаць, нават калі ўпэўненыя, што нічога не забудзеце.

Нягледзячы на тое, што ўваход на беларускі медыярынак падаецца нескладаным з тэхнічнага пункту гледжання, Ліза не спяшаецца раіць усім тэрмінова пачынаць весці блогі па-беларуску.

14 лістапада 2022 года была затрыманая спявачка і тыкток-блогерка Антаніна Валькова. На яе старонцы ў тыктоку з’явілася «пакаяльнае відэа», дзе дзяўчына прызнаецца ва ўдзеле ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах.

На старонцы Антаніны Вальковай не было аніякіх відэа з пратэстаў — толькі песні на беларускай мове. Да затрымання на дзяўчыну былі падпісаныя 5 тысяч чалавек.

«Яны прыйшлі да людзей з малымі аўдыторыямі, — каментуе падзею Ліза. — Усе блогеры з вялікай аўдыторыяй ужо скончыліся: або выехалі за мяжу, або апынуліся за кратамі. Таму я не магу цяпер заклікаць людзей, якія застаюцца ў Беларусі, пераходзіць на беларускую мову ў жыцці ці весці блог па-беларуску. Гэта сапраўды небяспечна».

Ліза Ветрава з’ехала з Беларусі 23 красавіка 2022 года.

Перайшлі на мову праз тыктокі: гісторыі падпісантаў Лізы

Мы не можам высветліць, колькі дакладна людзей перайшло на беларускую мову менавіта праз уплыў відэа Лізы Ветравай. Але варта адзначыць, што для некаторых яе падпісантаў тыя відэа сталі важным штуршком або дапаможнікам у вывучэнні беларускай мовы.

Напрыклад, Караліна (імя зменена ў мэтах бяспекі), 25 гадоў, вучылася ў рускамоўнай школе, а вышэйшую адукацыю атрымлівала за мяжой. Хаця Караліна не мела магчымасцяў для штодзённых размоў на беларускай, дзякуючы блогу Лізы, дзяўчына значна пашырыла свой слоўнікавы запас. Таксама замацавала некаторыя граматычныя і фанетычныя правілы беларускай мовы, на якія ў школе не звярталі шмат увагі.

Цяпер Караліна размаўляе выключна па-беларуску, кажа, што на гэты крок яе натхніла ў вялікай ступені менавіта Ліза Ветрава.

Ірына, 28 гадоў, хутчэй вяртаецца да беларускай мовы, чым вывучае яе. Ірына расла ў беларускамоўнай сям’і і нават мела праблемы ў сваёй рускамоўнай школе: аднакласнікі кпілі з яе вымаўлення, ды і адзнакі па рускай мове былі ніжэйшыя, чым па беларускай. Калі Ірына патрапіла ва ўніверсітэт, а потым на працу, беларускамоўнага асяроддзя амаль не засталося, а каб быць прынятай у грамадстве, прыйшлося ўдасканальваць сваю рускую.

На вяртанне да беларускай мовы Ірыну падштурхнулі частыя вандроўкі ды пераезд: тады захацелася неяк умацаваць і падкрэсліць сваю ідэнтычнасць. У той жа перыяд Ірыне ў рэкамендацыях трапілася відэа Лізы Ветравай, прычым гэта было відэа з катом, дзеля якога Ірына тады і падпісалася. Праз прагляд відэа ў блогу Лізы Ірына пачала ўспамінаць забытыя ў дзяцінстве словы, а таксама вывучаць нейкія новыя.

Фармат відэа ў тыктоку вельмі зручны для Ірыны: цяпер ёй даводзіцца сумяшчаць вучобу і працу, таму для чытання кніг ці выканання практыкаванняў па беларускай мове часу не застаецца. Кароткія ролікі ж — інфарматыўныя, вясёлыя і непрацяглыя па часе.

Юлія, 20 год, кажа, што глядзіць Лізу больш для падтрымкі сваіх ведаў беларускай, чым для вывучэння чагосьці новага. Юлія размаўляе па-беларуску з дзяцінства і вучылася ў беларускамоўнай школе. Цяпер дзяўчына вучыцца ва ўніверсітэце на рускай мове (універсітэтаў з беларускай мовай навучання ў Беларусі ўвогуле няма), і ўсё яе асяроддзе таксама рускамоўнае.

Юлія кажа, што не забывацца на родную мову ёй дапамагаюць менавіта відэа Лізы Ветравай. Таксама Юлія адзначае, што дзякуючы Лізе даведалася шмат цікавых устойлівых выразаў, якіх не ўжывала раней.

Ці можна сапраўды навучыць мове праз тыкток?

Беларускі мовазнаўца і выкладчык Вінцук Вячорка лічыць, што падыход, які выкарыстоўвае Ліза Ветрава, матывуе да вывучэння беларускай мовы.

Вінцук Вячорка. Крыніца: youtube.com

«Гэтыя ролікі выконваюць матывацыйную ролю для мэтавай аўдыторыі — пакалення аўтаркі, — кажа Вінцук Вячорка. — Ужываючы характэрныя для жанру і сеткі акцёрскія і мантажныя прыёмы, яна дае зразумець мэтавай аўдыторыі, што яна «свая». Адначасовае скарачэнне дыстанцыі з аўдыторыяй і захаванне статусу папулярнай асобы TikTok спрыяе падвышэнню прэстыжнасці публічнага гаварэння па-беларуску. Але калі ставіцца задача менавіта вывучэння беларускае мовы пры дапамозе такіх ролікаў, то іх насычанасць (а то і перанасычанасць) сцэнарнымі і ролевымі прыёмамі, наўпрост не звязанымі з тэмай, адцягвае ўвагу ад зместу.

Выканаўца не пазіцыянуе сябе як знаўца прадмету, а як бы паказвае, што знаходзіцца ў працэсе ўведвання новага і дзеліцца гэтым новым для сябе з аўдыторыяй.

Я не ўпэўнены, што, расчытаўшы такі пасыл («я не эксперт, але я раскажу»), аўдыторыя — прынамсі, яе значная частка — настроіцца на запамінанне, засваенне, паўтарэнне і зваротную сувязь.

З іншага боку, будзе іншая частка аўдыторыі, якая не расчытае гэты сігнал і прыме вядоўцу за экспертку. А значыць, у нейкай ступені засвоіць не толькі пераважна бясспрэчны (што ёсць плюсам), але і памылковы (што не ёсць плюсам) змест».

Нягледзячы на тое, што размаўляць па-беларуску ў грамадскіх месцах можа быць небяспечным, сілавікі ўсё яшчэ не могуць кантраляваць усё, што людзі глядзяць у сваіх тэлефонах. Таму такія творцы, як Ліза Ветрава, працягваюць сваю дзейнасць, хаця і пераважна за мяжой.

«Няма нічога дрэннага ў тым, каб размаўляць па-руску ў грамадскіх месцах дзеля ўласнай бяспекі, — кажа Ліза. — Вы ўсё яшчэ можаце размаўляць з блізкімі па-беларуску, чытаць беларускія кнігі, глядзець беларускі кантэнт.

Вучыце беларускую мову. Я веру, што хутка яна вам спатрэбіцца».

Каментары35

  • хх
    07.01.2023
    "Беларускі мовазнаўца і выкладчык Вінцук Вячорка лічыць, што ... але і памылковы (што не ёсць плюсам) змест"
    што? хто?
    а я лічу, што знаходка з двума персанажамі-апанентамі проста... знаходка. вельмі ўдалая.
    бо ў нас як? "я бы говорил(а) по-беларуски, но боюсь, что будет столько ошибок..." а як толькі ўсё ж наважыцца чалавек, то тут жа з'яўляюцца "мовазнаўцы" і пачынаюць "выпраўляць". атрымліваецца пасыл тыпу - гавары або правільна, альбо лепш не гавары.
    а такая форма падачы, якую прыдумала дзяўчына, яна разнявольвае і вувычь успрымаць "памылкі" і "выпраўленні" з гумарам

    https://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/307047

  • 4 гады "стажу", але
    07.01.2023
    хх, я часам памыляюся і заўсёды цешуся, калі мяне папраўляюць. Не разумею, чаму людзі саромеюцца сваіх памылак падчас навучання. Больш фідбэку — хутчэй авалодаеш навукай! 
  • хх
    07.01.2023
    так.

    а чаму саромеюцца? таму што людзі ганарыстыя і крыўдлівыя. а не трэба так

Былая жонка Камісаранкі расказала, чаму схавала ад яго сваё мінулае вэбкам-мадэлі10

Былая жонка Камісаранкі расказала, чаму схавала ад яго сваё мінулае вэбкам-мадэлі

Усе навіны →
Усе навіны

Затрымалі хлопца, які забіў у цэнтры Нью-Ёрка кіраўніка найбуйнейшай страхавой кампаніі ЗША2

У Магілёве з'явіліся прыпынкі з радкамі з Пушкіна. У тым ліку пра Лукамор'е ФОТЫ14

Былога кіраўніка БПЦ падазраюць у «спрыянні захопу храмаў» на акупаваных тэрыторыях Украіны2

Хто такая Аліса Вайдэль — кандыдатка на пасаду канцлера Германіі ад ультраправай «Альтэрнатывы»12

У Літве арыштавалі 82-гадовага былога ссыльнага за шпіянаж на карысць Расіі3

Чыноўнікі пракаментавалі знос будынка Гістарычнай майстэрні ў Мінску

Для галоўнага ахоўніка Лукашэнкі прыдумалі кіраўнічую пасаду ў Беларусбанку8

Крах рэжыму за 11 дзён. Чаму армія Асада так хутка развалілася?7

Да беларусаў, якія запісаліся на падачу ў польскія візавыя цэнтры, іх супрацоўнікі маюць непрыемныя пытанні18

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Былая жонка Камісаранкі расказала, чаму схавала ад яго сваё мінулае вэбкам-мадэлі10

Былая жонка Камісаранкі расказала, чаму схавала ад яго сваё мінулае вэбкам-мадэлі

Галоўнае
Усе навіны →