Меркаванні66

Пяць прычын, чаму Мінск нашай мары наўрад ці адродзіцца, ці Пра што не сказаў Абламейка

Публіцыст «СН-плюс» Ян Бертановіч у сваім тэксце спрабуе растлумачыць, чаму пра аднаўленне ў будучыні маштабнай асяроддзевай забудовы Мінска нават марыць не варта — не кажучы ўжо пра спробы што-небудзь увасобіць у жыццё.

Калі навокол розныя жахі і снежаньскі морак, самы час памарыць пра нешта добрае. Напрыклад, пра адраджэнне гістарычнага Мінска — з кіламетрамі вузкіх вулачак, брукаванкай, пахам кавы ды і наогул «не горш, чым у Вільні». 

Балазе і нагода ёсць:

пасля таго, як кніга Сяргея Абламейкі «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня» атрымала прэмію Гедройця, даўняя ідэя рукатворнага ўваскрашэння Старога горада атрымала другое дыханне. 

Але, як часта бывае, на светлым свяце раптам з'яўляецца нягоднік, які спрабуе ўсё сапсаваць і падпаліць Санта-Клаусу яго ватную бараду. Без асаблівага жадання бяру на сябе гэтую ролю.

Гэта страшна дорага

У шматгадовых і разнапланавых задумах адраджэння старога Мінска можна вылучыць два кірункі. Умоўна размежаваць іх можна так: ідэалістычны і рацыянальны (хоць я б пазначыў першым эпітэтам абодва, толькі ў рознай ступені).

Задума максімум — гэта глабальная перапланіроўка цяперашняга цэнтра Мінска, прапанаваная ў свой час архітэктарам Уладзімірам Папругай: з дублёрам праспекта «без святлафораў і скрыжаванняў», пешаходным цэнтрам і гіганцкім пуцеправодам праз яго — ад вуліцы Янкі Купалы і аж да стэлы.

Акрамя таго, не раз даводзілася чуць (у тым ліку і ад Сяргея Абламейкі) пра знос усіх высотак і іншых гандлёвых цэнтраў, пабудаваных на тэрыторыі Старога горада за апошні час. Каб аднавіць на іх месцы старую забудову — разам з ландшафтам і планіровачнай структурай.

У якія грошы ўсё гэта выльецца, нават уявіць складана, не кажучы ўжо пра юрыдычныя калізіі: у высотак бо ёсць уладальнікі і інвестары.

Зрэшты, нават знос нічыйнага высотнага дома — вельмі дарагая інжынерная аперацыя. Гэта значыць, пакуль на Палессі не адкрыюць радовішчаў дыяментаў, пра такое можна і не думаць.

Калі не верыце, ацаніце, як прасоўваюцца горадабудаўнічыя працэсы, скажам, у Вільні ці Рызе. Даволі павольна, трэба адзначыць. Што вытлумачальна і заканамерна — калі гаворка ідзе не пра нейкія звышпрыбытковыя для інвестара «чалавейнікі» накшталт «Мінск-свету», якія, да таго ж, дабраслаўляюць на самым версе.

Праўда, нават калі дыяменты знойдуць, метадалагічна правільна было б спачатку разабрацца з тымі помнікамі беларускай спадчыны, якія ў тым ці іншым выглядзе захаваліся, але цяпер гібеюць.

Ну вось тую ж Белую Царкву хоць бы закансерваваць. Пра Смаляны хоць бы калі ўспомніць — а там праблемных аб'ектаў аж пяць (акрамя трох відавочных, гэта яшчэ і рэстаўрацыя ўнікальных купальных роспісаў у адзіным дзейным там храме, і стары млын — калі ад яго хоць нешта засталося).

І колькасць такіх помнікаў, дзе конь не валяўся, ідзе на сотні.

…Зрэшты, ёсць задума і больш сціплая: аднаўленне забудовы ў тых месцах, дзе зносіць нічога не трэба, таму што там пусткі. Скажам, Казьмадзям'янаўскай вуліцы (цяпер проста схіл перад праваслаўным саборам) і прылеглага да яе Нізкага рынку. Цяпер гэта невядома што па імені «Плошча 8 сакавіка» — але ўжо аддзеленае ажыўленай магістраллю.

Аднак і тут паўстане запаветнае пытанне: за чый кошт банкет? Ці знойдзецца дастаткова інвестараў, ахвотных укласціся ў будаўніцтва, упісваючы свае бізнэс-планы ў прапанаваныя ўмовы гульні, якія зусім не робяць таннейшым праект і ніяк не дадаюць яму прывабнасці?

Скажам, да твайго офіса кліент не зможа пад'ехаць, таму што ў радыусе паўкіламетра ад яго паркоўкі не прадугледжаныя. Так, заадно трэба будзе ўзяць на сябе выдаткі на інжынерныя сеткі — што, з улікам усё тых жа асаблівых абставін, таксама можа ўляцець у капеечку.

А калі інвестары не знойдуцца, тады немінуча паўстане другі нюанс.

Незадаволенасць электарату

У інтэрв'ю аднаму «экстрэмісцкаму фармаванню» Сяргей Абламейка распавёў, што некаторыя дэмакратычныя палітыкі, віншуючы лаўрэата прэміі Гедройця, запэўнівалі яго, што «пры будучай дэмакратычнай уладзе ў Беларусі Стары горад у Мінску будзе».

Баюся, не ўсё так проста.

Палітыкі будуць вымушаныя прыслухоўвацца да меркавання свайго электарату — калі яны, вядома, сапраўды дэмакратычныя.

Мяркуючы па каментарах на форумах, сёння далёка не ўсе грамадзяне падтрымліваюць «марнаванне» бюджэтных грошай на рэстаўрацыю помнікаў. Ім здаецца, быццам дзяржава на гэтыя мэты і так траціць шмат — што, напэўна, сведчыць пра некаторыя поспехі дзяржпрапаганды. Так, яна бессаромна (таму што неабгрунтавана) раскручвае тэму клопату пра спадчыну.

Вядома, з такім стаўленнем грамадзян трэба змагацца. Звычайна прынята ўгаворваць і з надрывам казаць пра гістарычную памяць. Але я так не ўмею. Таму прыводжу наступны аргумент:

калі б ты траціў на корм для свайго ката столькі грошай (у працэнтах ад сямейнага бюджэту), колькі дзяржава сёння выдаткоўвае на спадчыну, то твой коцік даўно б здох.

Ну паглядзіце самі, колькі з бюджэту кожны год могуць адціснуць на кансервацыю таго ж суперзнакавага Крэўскага замка? Параўнайце гэтую суму з коштам гадавога ўтрымання сярэдняй рукі лядовага палаца — і вы самі зразумееце, што далёка не спадчына вас абдзірае.

Ды і ў бюджэце ідэальнай Беларусі спадчына шмат на сябе не возьме. Асабліва ўлічваючы, што канцэнтрацыя закінутых цудоўных аб'ектаў у нас зусім не такая, як, да прыкладу, у Сілезіі (я там кожныя выхадныя знаходжу новую) ці нават на Львоўшчыне.

Адэкватныя дэмакратычныя палітыкі змогуць пераканаць свой адэкватны электарат у тым, што пару мільёнаў, неабходных для завяршэння работ на Наваградскім замку (а мы чакаем гэтага ўжо больш за дзесяць гадоў) — тыя грошы, якіх не шкада. А вось наконт некалькіх мільярдаў, якія могуць спатрэбіцца для аднаўлення асяроддзевай забудовы Мінска… Тут я крыху сумняваюся.

Як правіла, апалагеты прыводзяць у прыклад пасляваеннае аднаўленне цэнтра Варшавы або цэлы праспект параднай забудовы, які з'явіўся тады ж сярод мінскіх руін. Але ёсць адзін важны нюанс. Жыхар пасляваеннага Мінска не пытаўся ва ўладаў, чаму дзеля савецкіх палацаў руйнуюцца цалкам сабе прыстойныя дамкі (што мела месца быць), калі асабіста я жыву ва ўбогай зямлянцы. Ідзі ты спытайся: час жа яшчэ сталінскі…

Што ні кажы, рэалізацыя маштабных горадабудаўнічых праектаў куды больш зручная ў тых грамадствах, дзе ў людзей проста не пытаюцца, на што трацяцца іх грошы. А ва ўмовах дэмакратыі грамадзяне аддаюць перавагу дзіцячым садам бліжэй да сваёй панэлькі. Гэта прыйдзецца ўлічваць.

Урбаністычная неадэкватнасць

Па апісаных вышэй прычынах мы не будзем аналізаваць максімалісцкі сцэнар, згодна з якім забудова старога Мінска адбываецца з чыстага ліста. Гэта значыць, наносы цывілізацыі раптам кудысьці знікнуць… Не, не знікнуць! І таго высотнага вырадка, які задушыў Халодную сінагогу, ужо не скалупнуць.

Звернемся да варыянту куды больш верагоднага —

аднаўлення забудовы на тых плошчах, якія сёння не занятыя. У выніку, мы сапраўды атрымаем новыя пешаходныя вуліцы, і лішнімі яны не будуць — пры належным выкананні.

Але ёсць і адно «але».

Разглядаючы старыя фота, дзіву даешся, наколькі змянілася ўрбаністычная сітуацыя. Сёння цэнтр забудаваны настолькі шчыльна, што любы лапік незабудаванай зямлі, на якім расце траўка, здаецца сапраўднай аддушынай. Ды і краявідныя перспектывы на той жа сабор сталі ўжо занадта звыклымі.

Таму пытанне, ці варта перагружаць цэнтр горада новым (дакладней, добра забытым старым) будаўніцтвам, зусім не пазбаўленае актуальнасці. Праўда, скептыкі адказваюць на яго адназначна: варта, і як мага хутчэй. Інакш хто-небудзь порсткі знойдзе спосаб усабачыць туды яшчэ якую-небудзь гаргарыну. Але мы ж не пра гэта…

Праблемы метадалогіі

Адна справа абмяркоўваць такі праект у тэорыі, а зусім іншая — калі пачнецца канкрэтыка.

Скажам, на які перыяд аднаўляць. Пра забудову часоў Рэчы Паспалітай, баюся, вядома крыху больш, чым нічога. Асяроддзевая забудова больш позняга часу вывучаная крыху лепш — хоць наўрад ці наяўных матэрыялаў хопіць для таго, каб скрупулёзна аднавіць дом за домам, не звяртаючыся на кожным кроку да гіпатэтычных рэканструкцый.

Далей узнікнуць пытанні аксіялагічнага характару. Ці трэба аднаўляць дом толькі таму, што ён тут калісьці стаяў — хоць нічога асаблівага з сябе не ўяўляе? Хоць мімаходзь засвяціўся на здымках савецкага блокбастара пра Каліноўскага.

Дарэчы, калі вы так ужо хочаце гістарычнай праўды, прывяду цытату з мясцовай прэсы канца ХІХ стагоддзя:

«Цяжка сабе ўявіць што-небудзь больш жахлівае, чым наша Захар'еўская вуліца, якая носіць за Залатой Горкай назву Камароўка! Ліпкае суцэльнае балота, перайсці праз яго ніякім чынам немагчыма…»

Так, Старога горада гэта наўпрост не тычыцца (гаворка пра цяперашнюю плошчу Якуба Коласа). Але агульнае ўяўленне пра тагачасны Мінск усё ж дае.

Ніякіх гарантый

Ёсць і яшчэ адзін момант. Дзе гарантыі, што з'яўленне цыклапічнага па сваіх маштабах макета, які складаецца з цэлых кварталаў, прывядзе да жаданай мэты — аднаўлення той атмасферы Старога горада, якая так мілая нашаму сэрцу? Можа, макет так і застанецца макетам?

Некаторы досвед у нас ужо ёсць. Стараннямі светлай памяці Сяргея Багласава на плошчы Свабоды адноўлена некалькі знакавых для старога Мінска будынкаў. Дзякуючы чаму змрочны скверык, дзе нефармалы глушылі чарніла, ператварыўся ў адэкватны турыстычны цэнтр — з глінтвейнам, сувенірамі, а часам і джазам.

Ратуша і Святадухаўка выглядаюць як тэатральныя дэкарацыі і паспяхова ствараюць атмасферу свята. Апокрыфы абвяшчаюць, што менавіта ў якасці макетаў гэтыя праекты архітэктарам і задумваліся.

Але тут гаворка ідзе пра лакальны ўчастак — які гораду быў вельмі неабходны. Як нам усім неабходныя святы. Часам. Хоць мы разумеем, што будням уласцівая зусім іншая логіка.

***

У той жа час павінен прызнацца, што кнігу Сяргея Абламейкі я чытаў цэлую ноч напралёт — не мог адарвацца, хоць працоўны дзень чакаўся насычаным. Ён вялікі малайчына, што напісаў гэтую кнігу. І яна нам вельмі патрэбная. Але толькі важна зразумець, для чаго.

Па-першае,

гісторыя павінна нагадваць пра тое, што горадабудаўнічыя памылкі, на жаль, не даруюцца, а іх выпраўленне практычна немагчымае. Мараль адсюль ясная.

А па-другое,

вобраз еўрапейскага Мінска, які з такім запалам культывуе Абламейка, можа сапраўды стаць цывілізацыйным арыенцірам. Толькі для гэтага зусім не абавязкова спрабаваць двойчы ўвайсці ў адну і тую ж раку (тым больш, яе даўно закаталі ў калектар).

Будзе вельмі здорава, калі гэты вобраз пачне неяк уплываць на новае будаўніцтва. Скажам, у тых жа мікрараёнах. Бо паколькі гаворка ўжо не ідзе пра рэканструкцыю гістарычных будынкаў, старыя фота ніхто не забараняе крэатыўна пераасэнсоўваць — хоць бы нават у плане габарытаў.

Першы такі блін — крыху жахлівы квартал на Нямізе, намаляваны як быццам не паважаным мною Багласавым, а нейкім школьнікам пад гатавальню — выйшаў, вядома, камяком. Але тут жа не ў ідэі бяда, а ў выкананні. Значыць, трэба працягваць.

Каментары6

  • дуся
    22.12.2022
    Если бы все потраченные на ледовые дворцы, резиденции, армию и внутренние войска, колонии и КПЗ и их обслуживающий персонал, а также на уродливые стекляшки по всему городу финансы вложить в восстановление истоирического Минска, то можно было бы три Минска восстановить.
  • Мойша
    23.12.2022
    Тота, ва ўладзе былі ёсць і ў застануцца банкіры якім пляваць на спадчыну, таму нічога тут у лепшы бок ня зменіцца
  • Agasfer
    24.12.2022
    Причин здесь много и главная не в деньгах. Те, от кого сегодня зависит судьба Минска не считают его своим, он не является для них родным. Сколько осталось коренных минчан т.е. у кого и прадед и дед и отец и сам рожден в этом городе, у кого в семейной памяти сохранился хотя бы Минск довоенный, в земле которого лежат предки.
    Исторически так сложилось, что разрушенный Минск восстанавливали и строили ,в основном , русские и затем, после выдачи паспортов в сельской местности хлынули сельские жители. Как одних, так и других с историей Минска ничего не связывало. В погоне за звание миллионника безжалостно сносилось то немногое, что выжило после войны.

«Будзе здымаць маштабныя праекты з сабой у галоўнай ролі». Што думаюць пра новага міністра культуры Чарнецкага яго калегі?

«Будзе здымаць маштабныя праекты з сабой у галоўнай ролі». Што думаюць пра новага міністра культуры Чарнецкага яго калегі?

Усе навіны →
Усе навіны

Сёння даляр патаннеў амаль на чатыры капейкі2

Беларуса, якога затрымалі на пратэстах у Грузіі, вызвалілі з СІЗА2

Оксфардскі слоўнік назваў словам года «засмечванне мозгу»

Галоўчанка патлумачыў, чаму падае беларускі рубель13

Трагічная сутычка на футбольным матчы ў Гвінеі забрала жыцці каля 100 чалавек

Светлавы аб'ект у выглядзе НЛА з'явіцца ў Мінску да навагодніх святаў

Паліцыя зноў разагнала акцыю ў цэнтры Тбілісі1

Бельгія стала першай краінай у свеце, якая прыраўняла работніц сэкс-індустрыі да звычайных працоўных

Джо Байдэн памілаваў свайго сына28

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Будзе здымаць маштабныя праекты з сабой у галоўнай ролі». Што думаюць пра новага міністра культуры Чарнецкага яго калегі?

«Будзе здымаць маштабныя праекты з сабой у галоўнай ролі». Што думаюць пра новага міністра культуры Чарнецкага яго калегі?

Галоўнае
Усе навіны →