«Вам трэба больш такіх людзей, як Латушка, больш сілавікоў, людзей з КДБ»
Беларусам цяпер вельмі цяжка, але ўздым 2020 года быў не дарэмны. Дзякуючы яму Беларусь усё ж вызваліцца, бо людзі «навучыліся змагацца» і пабачылі, «як шмат людзей гатовыя падняцца», кажа Славамір Серакоўскі, галоўны рэдактар польскага левага выдання Krytyka Polityczna. Пералом адбудзецца, як толькі ў Расіі здарыцца крызіс улады, кажа польскі інтэлектуал, які ў жніўні 2020-га некалькі тыдняў правёў у Беларусі і назіраў усё на свае вочы. І Серакоўскі нагадвае: каб палітычная рэвалюцыя перамагла, трэба, каб частка сіл сістэмы перайшла на іншы бок. Пра Лукашэнку ж ён кажа: гэта сапраўдны вампір.
У інтэрв'ю «Нашай Ніве» Славамір Серакоўскі сфармуляваў некалькі важных думак.
1) Беларусам цяпер вельмі цяжка, але ўздым 2020 года быў не дарэмны. Дзякуючы яму Беларусь усё ж вызваліцца, бо людзі «навучыліся змагацца» і пабачылі, «як шмат людзей гатовыя падняцца».
2) Пералом адбудзецца, як толькі ў Расіі здарыцца крызіс улады, а некалі ён здарыцца, бо ў Расіі сыход кіраўніка заўсёды азначаў змену сістэмы.
3) Каб палітычная рэвалюцыя перамагла, трэба, каб частка сілаў сістэмы перайшла на іншы бок. «Вам трэба больш такіх людзей, як Латушка, больш сілавікоў, людзей з КДБ, якія перайшлі б на іншы бок».
4) У акружэнні Лукашэнкі ёсць з кім дамаўляцца.
5) У 2020-м мы зрабілі ўсё, што маглі. Што можна было рабіць інакш, змагацца супраць спецтэхнікі без зброі? Гэта было немагчыма.
6) Беларусь — гэта акупаваная краіна, а не дзяржава, якая атакуе Украіну. А Лукашэнка — больш расеец, чым беларус.
7) Ва Украіне беларусы здабываюць досвед узброенай барацьбы, якога раней не мелі.
8) Рэвалюцыя яднае. Усе мы былі нібыта адзіны кулак. Рэвалюцыя змяняе людзей, гэта выключны вопыт, які максімальна ўплывае на жыццё.
9) Ёсць раздзяленне працы: беларусы ўнутры краіны будуць рабіць сваю справу, а беларусы ў эміграцыі — сваю.
10) Таму проста працягвайце змагацца, ганіце прэч апатыю, расчараванне і раз’яднанасць.
«Хоць улада і не змянілася, сацыяльная рэвалюцыя ў Беларусі была паспяховай», — кажа Славамір Серакоўскі, адзін з самых папулярных еўрапейскіх публіцыстаў. «Беларусы зрабілі падобнае да таго, што рабілі палякі ў 1981 годзе. Вы навучыліся змагацца і цяпер ведаеце, што вы гэта ўмееце, вы ведаеце, як шмат людзей гатовыя паўстаць. Гэта вялікі поспех, падзенне камунізму ў Польшчы таксама з гэтага пачыналася, і Польшча ж была першай, хто скінуў камунізм», — кажа Серакоўскі.
«Ваш шанец на палітычную перамогу — пытанне часу. Без пратэстаў 2020 года такога шанцу не стварылася б, вось чаму лічу, што пратэсты былі паспяховыя. Ведаю, што ў Беларусі ёсць трохі расчаравання, але не займайцеся самаедствам», — кажа Серакоўскі.
На баку Украіны беларусы вучацца ўзброенай барацьбе
Усё больш беларусаў цяпер змагаюцца на баку Украіны, і гэта новая магчымасць для вас. Вы вучыцеся ўзброенай барацьбе, узбройваеце сябе.
Калі беларускую армію будуць падштурхоўваць, каб яна перасякла ўкраінскую мяжу, Лукашэнка ад гэтага прайграе, і ён гэта ведае, бо вашы салдаты могуць павярнуць зброю ў іншы бок, проста нашмат больш людзей атрымаюць баявы досвед.
Перемены ў Крамлі
[Для перамен у Беларусі] трэба перамены ў Крамлі.
Палякі [ў 1988—1990] скарысталіся крызісам улады ў Савецкім Саюзе, інакш мы не змаглі б вызваліцца. Пакуль Савецкі Саюз быў імперыяй, Польшча нічога не магла зрабіць, і Беларусь у такой жа сітуацыі. Калі ўкраінцы выйграюць вайну, што цалкам магчыма, у Крамлі пачнецца хаос, і тады, на маю думку, рэжыму Лукашэнкі прыйдзе канец, без падтрымкі Расіі яго дні будуць палічаныя.
Таму проста працягвайце змагацца, ганіце прэч апатыю, расчараванне і раз’яднанасць.
У выгнанні вы вельмі добра арганізаваныя, у Польшчы шмат беларускіх арганізацый, дзе можна сустрэць вельмі цікавых і актыўных людзей. Як мінімум раз на тыдзень я бяру ўдзел у беларускіх падзеях, але іх нашмат больш, амаль кожны дзень тут адбываецца нешта, арганізаванае беларусамі. Проста працягвайце сваю барацьбу, і ўсё будзе добра.
Рускія паводзяць сябе як нацысты
«Ці адчуваюць цяпер палякі небяспеку праз вайну ва Украіне?» — спыталася «Наша Ніва».
Вядома, вось чаму Польшча цяпер так падтрымлівае Украіну, кажа Славамір Серакоўскі.
Рускія паводзяць сябе як нацысты. Палякі не жадаюць усяго гэтага, вось чаму мы падтрымліваем Украіну, а таксама падтрымлівалі і будзем падтрымліваць Беларусь. У нас ёсць супольныя інтарэсы, мы не хочам быць суседзямі з Расіяй, хутчэй жадаем межаваць з незалежнымі краінамі накшталт Беларусі. Вядома, мы будзем вашымі прыхільнікамі на вашым шляху ў Еўрасаюз і ў НАТА, калі вам гэта будзе цікава.
Палякі не святыя, але ў нас і беларусаў адзін інтарэс
У 80-я мы былі ў такой жа сітуацыі, таму вельмі добра разумеем, чаго хоча свабоднае беларускае грамадства.
Вядома, палякі цяпер вельмі сканцэнтраваныя на Украіне, але існуюць добрыя сувязі паміж беларускімі і польскімі арганізацыямі. Я б хацеў, каб яны былі мацнейшыя, і стараюся падштурхнуць беларусаў супрацоўнічаць з польскімі арганізацыямі, дапамагчы кантактамі, таксама дапамагаю польскім медыя пісаць пра Беларусь.
Журналісты стараюцца пісаць пра найбольш важнае, але тым не менш
тут, у Польшчы, у вас вельмі шмат сяброў. І гэта не таму што мы святыя, а таму што ў нас адны інтарэсы.
Палякі памятаюць вашы пратэсты, бо яны трансляваліся тут круглыя суткі. Да гэтага ніхто не ведаў, што адбываецца ў Беларусі, палякам нават не было зразумела, ці існуе беларуская нацыя, Беларусь была белай плямай.
А пасля пратэстаў не толькі Польшча, але і ўвесь свет зразумеў, што існуе беларускае грамадства, беларуская мова і культура, што беларусы моцныя, адзіныя, разумныя і гатовыя змагацца.
Беларусь акупаваная, Лукашэнка больш расіянін, чым беларус
І цяпер не трэба тлумачыць журналістам ці актывістам, што вы заслугоўваеце дэмакратыю настолькі ж, як і любая іншая нацыя ў рэгіёне.
Блытаць беларускае грамадства з Лукашэнкам можа толькі неінфармаваны чалавек. Большасць палякаў ведаюць, хто такі Лукашэнка і што яго трэба хутчэй разглядаць як расійскага грамадзяніна, чым як беларускага.
Беларусь — гэта акупаваная краіна, а не дзяржава, якая атакуе Украіну.
Бачу, што паміж беларусамі і ўкраінцамі ў Польшчы складваюцца добрыя адносіны. Студэнты з гэтых краін часам працуюць разам і трымаюцца разам, як сябры. У мяне няма сістэмных ведаў пра гэта, але маю ўражанне, што большасць людзей тут разумее, хто ёсць хто.
Пасля Пуціна будзе змена сістэмы, у Расіі інакш не бывае
«Вы кажаце пра крызіс у Крамлі. На ваш погляд, гэта справа месяцаў, гадоў ці дзесяцігоддзяў?» — спыталася «Наша Ніва».
Не ведаю, але мяркую, што гэта пытанне часу, хутчэй за ўсё, некалькіх гадоў. Расійскія інтэлектуалы кажуць пра 2023—2025 гады, але ўсё больш людзей лічаць, што Пуціну і яго рэжыму хутка канец. Калі паглядзець на расійскую гісторыю, там заўсёды была праблема з перадачай улады, і звычайна канец праўлення кіраўніка азначаў канец сістэмы.
Звычайна ў Расіі не адбываецца арганізаванай мірнай перадачы ўлады. Пуцін стварыў сістэму, не думаю, што без яго ўдасца яе захаваць. Вядома, пасля Пуціна можа прыйсці нехта яшчэ горшы, але сыход Пуціна дакладна будзе момантам хаосу.
У акружэнні Лукашэнкі ёсць з кім дамаўляцца
Лукашэнка і Пуцін ненавідзяць адзін аднаго. Я б нават сказаў, што Лукашэнка разумнейшы за Пуціна ў тым, як ілгаць і маніпуляваць у палітыцы. Пуцін гэта ведае, бо Лукашэнка дзесяцігоддзямі шмат абяцаў Расіі і Пуціну і не выконваў абяцанняў.
Толькі цяпер, калі ён рэальна загнаны ў кут, ён вымушаны рабіць тое, чаго хоча Пуцін. Але
ў той жа дзень, як Пуціну прыйдзе канец, Лукашэнка паспрабуе атрымаць незалежнасць ад Крамля, аднак людзі будуць ведаць, што Расія яго больш не падтрымлівае, і яго людзі таксама гэта будуць ведаць. Каб палітычная рэвалюцыя выйграла, трэба, каб частка сістэмы перайшла на іншы бок. Вам трэба больш такіх людзей, як Латушка, больш сілавікоў, людзей з КДБ, якія перайшлі б на іншы бок.
Польская рэвалюцыя была аксамітнай, як у Чэхіі, бо камуністы былі гатовыя падзяліцца ўладай. Была свайго роду здзелка: вы нас не саджаеце ў турму, а мы пагаджаемся на змену сістэмы.
Лукашэнка, напэўна, скончыць як Чаўшэску, гэта не той чалавек, з якім магчымыя кампраміс ці перамовы, ён сапраўдны вампір.
Але ў яго акружэнні дакладна ёсць людзі, з якімі можна дамаўляцца. У іх ёсць сем’і, і калі Масква пакіне Беларусь, ім будзе страшна.
Што вы маглі рабіць інакш, змагацца супраць спецтэхнікі без зброі?
Крах камунізму ўразіў усіх, найлепшыя саветолагі думалі, што Савецкі Саюз захаваецца, а ён разваліўся. Мяркую, нешта такое будзе і з Беларуссю, сістэма не будзе вечнай, і Лукашэнка, думаю, гэта ведае. Таму не здавайцеся і рабіце сваю справу.
Што вы маглі рабіць інакш, змагацца супраць спецтэхнікі без зброі? Гэта было немагчыма. Я быў у цэнтры пратэстаў і ведаю, што такое АМАП, мы беглі ад іх і мяне аднойчы злавілі, у мяне стралялі на Пушкінскай гэтак жа, як і ў іншых людзей. Мы зрабілі ўсё, што магчыма.
«Рэвалюцыя яднае. Усе мы былі нібы адзіны кулак»
«Чаму для вас настолькі цікавая тэма Беларусі, спыталася «Наша Ніва»
Бо мяне вельмі ўразілі пратэсты [ў 2020 годзе], гэта была адзіная рэвалюцыя, якую я бачыў у жыцці, а рэвалюцыя яднае. Усе мы былі нібыта адзіны кулак. Рэвалюцыя змяняе людзей, гэта выключны вопыт, які максімальна ўплывае на жыццё.
З таго часу я не мог не быць уключаным у сітуацыю.
У 2020-м я быў з людзьмі, і калі стралялі ў беларусаў, стралялі і ў мяне. Я не быў там як тыповы журналіст, і я не журналіст, а хутчэй лідар меркаванняў і актывіст. Я кірую найвялікшым палітычным выданнем у Польшчы, якое заўсёды цікавілася тым, што адбываецца ва ўсходніх краінах. Палякам падабаліся заходнія краіны, што натуральна, але мы заўсёды лічылі, што было б смелай ідэяй дапамагаць іншым краінам, якім гэта патрэбна, і глядзець на Усход. Вось чаму мы шмат працавалі ва Украіне і Малдове, мы нават арганізоўвалі шмат падзей у Расіі.
Было не заўсёды проста падтрымліваць беларускую апазіцыю, хаця мы спрабавалі быць актыўнымі і ў Беларусі. Але калі я зразумеў, што ў Беларусі магчымыя сапраўдныя перамены, я адразу ж пакінуў іншыя справы і паехаў у Беларусь. Я ўдзельнічаў ва ўсім, што адбывалася ў Мінску і ў меншых гарадах.
Падзеі 2020-га былі ашаламляльнымі і шакіравалі ўвесь свет, кажа Серакоўскі. І ўсе былі ўражаныя імі, бо ў Польшчы арганізаваць пратэсты вельмі цяжка. У нашым грамадстве ёсць аўтарытарныя тэндэнцыі з боку кіруючай партыі, хаця яны і не такія яркія, як у Беларусі, але таксама падточваюць нашу дэмакратыю. І людзі не выходзяць на вуліцы.
Памятаю, як я пабачыў у Мінску ля Стэлы некалькі соцень тысяч чалавек, і гэта мяне шакіравала, тым больш што ў Беларусі ў 4 разы менш насельніцтва, чым у Польшчы. І ўсе закахаліся ў беларускую грамадзянскую супольнасць, згадаем і беларускія незалежныя медыя — «Нашу Ніву», «Радыё Свабода», Tut.by.
Вы навучылі ўвесь свет, як змагацца за свабоду, як быць вальнадумнай, сучаснай, заходняй грамадзянскай супольнасцю. Вось чаму я да цяперашняга часу з вамі.
Я не згодны з некаторымі ўкраінцамі, якія вучаць вас, як вам трэба было пратэставаць, ці лічаць, што вы ў нечым памыліліся. Пасля падзення камунізму ўкраінцы ніколі не былі ў сітуацыі, аналагічнай беларускай, не варта параўноўваць Майданы і беларускія пратэсты-2020.
Не думаю, што ўкраінцы ці іншае грамадства выціснулі б больш з сітуацыі 2020 года, бо, наколькі вядома, сілавікі не падтрымалі беларускія пратэсты.
«Як толькі вы здабудзеце волю, вы можаце стаць еўрапейскім «эканамічным тыграм»
Усё больш палякаў мяркуюць, што беларусы — у сваім родзе пратэстанты Усходняй Еўропы. Мяркую, што як толькі вы здабудзеце волю, вы можаце стаць еўрапейскім «эканамічным тыграм». Беларусы ведаюць, як нешта арганізоўваць і ладзіць добры менеджмент, як працаваць і супрацоўнічаць. Лічу, у вас можа быць вельмі паспяховая эканоміка.
Найбольшыя гандлёвыя партнёры Германіі — гэта не Францыя, ЗША ці нават Кітай або Брытанія. Гэта былыя краіны савецкага блока: Польшча, Венгрыя, Чэхія і Славакія. Таму нават з боку прагматыкі, лічу, вольная Беларусь азначае нешта добрае і для вашай, і для нашай эканомікі.
Раздзяленне працы
«Вы так часта параўноўваеце беларускія пратэсты з перыядам «Салідарнасці», — спыталася «Наша Ніва». — Гэта сапраўды падобныя гісторыі?»
У гісторыі не бывае нічога аднолькавага, але бываюць падабенствы. Напрыклад, у Беларусі палітычная рэвалюцыя 2020-га правалілася, як і ў Польшчы 1980-га, пратэсты былі задушаныя. Але выйграла сацыяльная рэвалюцыя:
людзі памяняліся, падлічылі сябе і зразумелі, як шмат тых, хто супраць сістэмы, навучыліся пратэставаць. З таго часу камунізм быў у пастаяннай небяспецы, людзі проста чакалі зручнага моманту.
Вядома, шмат хто з’ехаў з Польшчы ў тыя часы — мільён чалавек, сярод якіх было багата актыўных. Але і гэта стварае падмурак для перамен, бо тыя, хто выехаў, арганізоўваюць падтрымку для тых, хто ў краіне. Палякі-эмігранты ў 1980-х дасылалі ў краіну грошы і абсталяванне, расказвалі пра Польшчу ў замежных медыя. Аналагічнае робяць цяпер беларусы.
Таму нават калі самыя актыўныя людзі пакінулі Беларусь, гэта не азначае, што яны перасталі ўдзельнічаць у тым, што адбываецца з Беларуссю.
Ёсць раздзяленне працы: беларусы ўнутры краіны будуць рабіць сваю справу, а беларусы ў эміграцыі — сваю.
Вам патрэбныя амбасадары, дыяспара, бо яны могуць рабіць тое, што нельга рабіць з Беларусі, і яны гэта робяць, яны вельмі добра арганізаваныя.
Не забывайце, што рэч не толькі ў пратэстах, пратэсты — гэта толькі адзін з тыпаў барацьбы за свабоду. Яшчэ адно важнае пытанне — культура, у тым ліку тое, каб усё больш людзей гаварылі па-беларуску. Мова і культура таксама з’яўляюцца важнымі палітычнымі фактарамі, як і паліталогія. Гісторыя — гэта вельмі важна для ідэнтычнасці і для мабілізацыі грамадства, але павінны быць і палітычныя абмеркаванні наконт будучыні, наконт таго, як вы будзеце жыць, калі здабудзеце свабоду.
Часам вы занадта сканцэнтраваныя на мінулым замест будучыні. Але бачу, што некаторыя беларускія інтэлектуалы пераадольваюць гэта, глядзяць у будучыню.
Я б проста працягнуў самаарганізацыю, калі ўжо немагчыма цяпер пратэставаць. Я б развіваў незалежныя крыніцы інфармацыі, і беларусы гэта робяць, развіваў бы беларускую мову, беларускую культуру і самаідэнтычнасць.
Таксама важнае пытанне — паліталогія, абмеркаванне палітычных і геапалітычных пытанняў, напісанне артыкулаў і стварэнне самвыдату ў інтэрнэце. Гэта падобна да таго, што палякі рабілі ў 80-я. Дадайце да гэтага кіберпартызанаў, чыгуначных партызанаў. Усе гэтыя рэчы — неабходныя элементы плана па вызваленні Беларусі.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
извините, уважаемый "польскі інтэлектуал", но сам он говорил непосредственно вот что -
"Потому что белорус – это вот такая гремучая смесь, конгломерат это. Почему и умные люди – впитали все это. Это я не про себя, япро Беларусь, я больше украинец, наверное." (president.gov.by/ru/events/press-konferentsija-prezidenta-respubliki-belarus-aglukashenko-zhurnalistam-rossijskix-regionalnyx-sredstv-10025)