Беларусы зняліся ў топавым серыяле ад Netflix. Адзін з іх — у ролі Ельцына
«Карона» (The Crown») — адзін з найпапулярнейшых серыялаў ад стрымінгавай платформы Netflix, прысвечаны праўленню брытанскай каралевы Лізаветы ІІ. 9 лістапада выйшаў пяты сезон, і ў ім з’явіліся два беларусы.
Размова пра эпізод «Дом Іпацьева» — шостую з дзесяці серый у цяперашнім сезоне «Кароны», які стане для серыяла апошнім. У гэтым доме, што знаходзіўся некалі ў Екацерынбурзе, была ў 1918 годзе расстраляная сям’я апошняга расійскага імператара Мікалая ІІ — дваюраднага брата Георга V, дзеда Лізаветы.
Пачатак серыі вяртае нас у тыя часы, а далей мы бачым сустрэчу каралевы з Барысам Ельцыным. У 1970-я Ельцын, які быў тады першым сакратаром Свярдлоўскага абкама КПСС, загадаў знесці Іпацьеўскі дом, і ў серыяле каралева даведваецца пра гэтую гісторыю ад Джона Мейджара, прэм’ер-міністра Брытаніі ў пачатку 1990-х.
Ролю Барыса Ельцына ў «Кароне» даручылі вядомаму беларускаму акцёру Анатолю Кацянёву, былому мужу вядучай Святланы Бароўскай, які шмат здымаецца ў расійскім кіно і серыялах. Ён зняўся ў сцэнах, што дэманструюць візіт Барыса Ельцына ў 1992 годзе ў Брытанію і візіт брытанскай каралевы ў Расію. У «Кароне» Лізавета ІІ глядзіць па тэлевізары кадры жнівеньскага путча 1991 года ў Маскве, якія таксама здымалі нанава з удзелам Кацянёва — гэта не архіўныя кадры.
Акрамя Анатоля, у «Доме Іпацьева» з’явіўся яшчэ адзін беларус, акцёр і былы дырэктар Change.org па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Міця Савелаў. Ён сыграў перакладчыка Ельцына. Ён расказаў «Нашай Ніве», як праходзілі здымкі і як ён атрымаў ролю.
Для Савелава «Карона» — першы досвед удзелу ў кіно і серыялах, да гэтага мужчына спрабаваў сябе ва ўласным праекце Change LIVE. Беларус таксама грае ў спектакле «Сабакі Еўропы» Беларускага вольнага тэатра.
Міця жыве ў Брытаніі, дзе праходзіць большая частка здымкаў «Кароны», і на пляцоўку ён трапіў стандартна — праз паспяховы кастынг. Савелаў расказвае, што
часцей за ўсё акцёраў для гэтага шоу шукаюць у Брытаніі, акрамя выпадкаў, калі герой дужа спецыфічны — напрыклад, Анатоля Кацянёва на ролю Ельцына запрасілі з Масквы.
Сцэны з удзелам Міці здымалі чатыры тыдні, увесь сезон, паводле Савелава, — недзе паўгода. Беларус з захапленнем расказвае пра месцы, у якіх стваралі «Карону»:
«Самае дзіўнае — гэта, канешне, месцы здымак, бо для таго, каб аднавіць інтэр’еры і экстэр’еры замкаў і палацаў, мы часта здымалі ў розных прыватных маёнтках па ўсёй краіне. А сцэну з каралеўскім картэжам у Маскве здымалі на пераробленых вуліцах горада Брэндфарда, які называюць маленькай Германіяй».
Міця кажа, што было задавальненнем вучыцца ў прафесіяналаў каманды.
«Пітэр Морган — геніяльны драматург і сцэнарыст. Ён не толькі глыбока ведае гісторыю каралеўскай сям'і, але і ўмее ператварыць гэтую гісторыю ў вельмі моцна напісаны сцэнар. Я працаваў з Крысціянам Швохувам, з таленавітым рэжысёрам нашай серыі. Цікава, што ўсе яго серыі ў «Кароне» вельмі складаныя, у іх тры-чатыры паралельна пераплеценыя гісторыі. Нездарма наша серыя глядзіцца як асобны цэлы фільм».
Акцёраў, з якімі атрымалася папрацаваць, Савелаў характарызуе словам «космас». Беларус адзначае, што хаця ўсе на здымачнай пляцоўцы і былі прафесіяналамі высокага ўзроўню, але ж пры гэтым паводзілі сябе так прыязна, што за час здымак ён зблізіўся з імі і адчуў сябе часткай каманды.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары