«Праехалі за шлагбаум — і далей пачаўся трэш». Як на вялікіх выходных беларусы стаялі ў чэргах на мяжы
Падчас вялікіх выходных многія беларусы вырашылі з'ездзіць у Еўропу — і былі здзіўленыя павольнай працай пагранічнікаў і мытнікаў. Некаторыя правялі ў чэргах больш за 10 гадзін.
Што на мяжы цяпер?
Па стане на 14 гадзін 8 лістапада чэргаў з легкавікоў на выезд з Беларусі амаль няма. У «Прывалках» на выезд з Беларусі чакаюць больш за 10 машын, а ў «Баброўніках» — больш за 60.
Польшча
Аднак цягам выходных сітуацыя выглядала інакш. Чытач са Слоніма распавядае, што дарога з райцэнтра да Беластока (каля 150 км) заняла ў яго каля 16 гадзін. І гэта пры тым, што мужчына ехаў на рэйсавым аўтобусе.
«Аб 11-й раніцы мы выехалі са Слоніма, праз паўтары гадзіны патрапілі на тэрмінал з беларускага боку, хвілін праз дваццаць пачалі праходзіць пашпартны кантроль, які цягнуўся менш за гадзіну. Прайшлі кантроль у беларусаў, праехалі шлагбаум — і далей пачаўся трэш. На ўездзе да палякаў мы прастаялі 12 гадзін», — згадвае чытач.
Па словах падарожніка, перад іх аўтобусам было яшчэ 12 бусікаў і аўтобусаў, на афармленне кожнага з іх сыходзіла па гадзіне. У выніку рэйсавы аўтобус спазніўся на 12 гадзін у параўнанні з тым, як мусіў прыехаць па раскладзе.
Як вынікае, шматгадзінныя затрымкі на мяжы адбываюцца не толькі па выходных. Беларусы, якія 1 лістапада ехалі на аўтобусе з Мінска ў Беласток, распавядаюць, што толькі на само перасячэнне мяжы ў іх сышло 10 гадзін.
Перасячэнне мяжы на ўласным аўто таксама займала нямала часу. Напрыклад, у гэты панядзелак, каб патрапіць у Беласток праз пункт пропуску «Бераставіца», людзям даводзілася стаяць у чарзе па 10-14 гадзін у кожны бок.
У пункце пропуску «Брэст» таксама назіраліся даволі вялікія чэргі. Чытачы, якія ў пятніцу ехалі праз яго ў Польшчу, распавядаюць, што на перасячэнне мяжы ў іх сышло каля 8 гадзін. «Назад вярталіся ў панядзелак праз «Бераставіцу», праезд заняў каля 3,5 гадзін», — дзеляцца чытачы.
Літва
Некаторыя, каб не стаяць у чарзе ў пункце пропуску «Бераставіца-Баброўнікі», вырашаюць ехаць у Польшчу праз Літву. Часам, зрабіўшы крук, можна сэканоміць шмат часу, але так бывае не заўжды.
Чытачы, якія такім чынам вырашылі патрапіць у Польшчу, для праезду мяжы абралі пункт пропуску «Прывалка». Стаўшы ў чаргу ў нядзелю вечарам, у Літве яны апынуліся толькі ў панядзелак днём. Праезд мяжы ў адзін бок заняў каля 21 гадзіны.
На літоўскім кірунку, апроч «Прывалак», даволі напружанай выглядала сітуацыя ў пункце пропуску «Каменны лог». Людзі, якія сталі ў чаргу ў суботу раніцай, у Літву патрапілі толькі вечарам.
«Праезд праз граніцу заняў каля 12 гадзін. Назад вярталіся ў панядзелак праз «Катлоўку», на мяжу прыехалі пасля абеду. Праходжанне граніцы заняло больш за 6 гадзін», — кажа чытач.
Латвія
Латвійскі кірунак традыцыйна з'яўляецца найменш загружаным, але і там на мінулых выходных было не ўсё так проста.
Чытачы распавядаюць, што ў ноч з пятніцы на суботу праезд праз мяжу ў пункце пропуску «Урбаны» заняў 5 гадзін.
«Вельмі павольна працаваў латвійскі бок. У Беларусь вярталіся ў нядзелю ўжо праз Літву. Праезд мяжы праз «Катлоўку» заняў усяго паўтары гадзіны», — дзеляцца чытачы.
Каментары
А 9 числа будет страйк работников таможни, погранцов, аэропортов. Не включили в бюджет индексацию их зарплат. Сча особенно медленные. До этого было нечто подобное в сентябре. Негласная итальянская забастовка, когда в очередях было по 800 машин.