У суд накіраваная справа за інтэрв'ю «экстрэмісцкаму» каналу. Верагодна, гаворка ідзе пра Ягора Лебядка
Пракуратура накіравала ў Мінскі абласны суд крымінальную справу ў дачыненні да 40-гадовага жыхара Смалявіцкага раёна. Яго будуць судзіць за інтэрв'ю пра вайну Расіі супраць Украіны. Мяркуючы па выстаўленых абвінавачваннях і ініцыялу, указанаму ў паведамленні пракуратуры, гаворка можа ісці пра ваеннага эксперта Ягора Лебядка, выказвае меркаванне Reform.by.
«Згодна з матэрыяламі справы, Л. у красавіку і маі 2022 года з персанальнага камп'ютара, падлучанага да сеткі Інтэрнэт, у мэтах забеспячэння дзейнасці публічнага дэструктыўнага канала, інфармацыйную прадукцыю якога суд прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі, даў інтэрв'ю прадстаўніку названага канала на тэму правядзення ўзброенымі сіламі Расійскай Федэрацыі спецыяльнай ваеннай аперацыі на тэрыторыі Украіны і ролі ў ёй Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў паведамленні пракуратуры.
У ім таксама гаворыцца, што інтэрв'ю «спрыяла распаўсюджванню лжывых звестак аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, ваенным і міжнародным становішчы» Беларусі, прававым становішчы яе грамадзян, што дыскрэдытавала краіну.
Абвінавачванне выстаўленае па ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Ягор Лебядок быў затрыманы сёлета 12 ліпеня, супраць яго распачалі справу па артыкуле аб садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, а ў канцы кастрычніка да ч. 1 была дададзеная ч. 2 гэтага артыкула, якая прадугледжвае паўторнасць правапарушэння. Пры гэтым праўладныя телеграм-каналы напісалі, што «любое інтэрв'ю «экстрэмісцкім» рэсурсам стварае паўторны склад злачынства».
Каментары